Здаецца, што ў нас стала больш імпрэз, дзе ў цэнтры ўвагі кніга. Буйная міжнародная выстаўка, кніжныя фестывалі, якія ўзнікаюць праз ініцыятыву «знізу», прэзентацыі і сустрэчы, аўтограф-сесіі аўтараў у кнігарнях робяцца часцей. Прычыны могуць быць дзве: гэта патрэбна грамадству інтэлектуалаў (паводле статыстыкі пра колькасць у Беларусі людзей з вышэйшай адукацыяй, гэта так), ці грамадства зацікаўлена ў выхаванні інтэлектуалаў на будучыню.
Абедзве прычыны важкія, каб дзеля іх жыць і служыць — выдаваць кнігі. Для каго? Хто наш чытач? Задаюцца пытаннямі выдаўцы, таму што соцыум перажыў некалькі трансфармацый за апошнія 30 гадоў. А пакаленне «нулявых» наогул (эпохі дзіджытал) складана зразумець з пунткту гледжання інтэлектуальных патрэб: яны, як правіла, не ездзяць у метро з кніжкамі ці часопісамі. Але не факт, што не чытаюць. Хто такія беларускія інтэлектуалы сёння і якія кнігі ім патрэбны, імкнуліся зразумець у Мінску на мінулым тыдні. Шэраг круглых сталоў, дыскусій круціліся вакол фармулёўкі: што значыць быць інтэлектуалам? Вось Скарына — інтэлектуал? Доктар і выдавец, які, на думку даследчыцы Ірыны Дубянецкай, паўплываў на фарміраванне беларускай літаратурнай мовы, калі выдаваў Біблію «руску». І казаў пра свае матывы ў прадмовах — ад сябе. Інтэлектуал — гэта найперш чалавек, які не толькі дбае пра асабістыя веды, а мае што сказаць іншым, імкнецца данесці і адкрыць новы сэнс, гарызонт, свет, прагучала на фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Але вось што цікава (ці час па-свойму расставіў акцэнты): Скарына выконваў місію асветы для іншых, але цяпер усё часцей гучыць думка пра тое, што інтэлектуалаў шмат не бывае, гэта людзі з даволі высокімі запытамі ў розных галінах ведаў, таму маюць патрэбы ў асаблівых кнігах, якія не будзе чытаць кожны. Найперш гэта філасофскія, навуковыя і спецыялізаваныя выданні. І тут ёсць пытанні: чаму на пачатку 90-х добра разыходзіліся кнігі Хайдэгера? Ці можа ў любыя часы быць запатрабаваны Бадрыяр? Як наогул зразумець, якога кшталту сур’ёзная кніга пойдзе на рынку? Ды і наогул, ці ёсць у рынкавай кніжнай прасторы ніша для інтэлектуальных выданняў?
Аднойчы выдавец кнігі на беларускай мове філосафа Жака Дэрыда зайшоў у піўную і пабачыў чалавека, які чытае гэтую кнігу. Гэта было на пачатку 90-х, калі можна было прадаць сусветных філосафаў у перакладзе тыражом у 1000 экзэмпляраў. А цяпер у тым жа выдавецтве Зміцера Коласа ляжыць выдадзеная «Так казаў Заратустра». Па словах выдаўца, ніводная кніга не прадавалася так кепска. І ўсё ж цікава: у Расіі, напрыклад, цяпер вельмі запатрабаваная нямецкая філасофія. Ці вось яшчэ Нікола Макіявелі аказаўся не вельмі патрэбны беларусам, серыя «Галерэя чалавечай думкі» наогул спынілася. І пры гэтым выдавец называе галоўнай праблемай нават не тую, што кніжкі разыходзяцца кепска (такія кніжкі павінны быць хоць бы нават для адзінкавага чытача!), а ў тым, што няма каму перакладаць літаратуру сур’ёзнага зместу: тут не проста слова адчуць і знайсці, а сэнс дакладна перадаць трэба, а такой школы ў нас няма, пры тым, што стварылася даволі вялікае кола перакладчыкаў у галіне мастацкай і дзіцячай літаратуры.
Ёсць адказ, чаму так адбываецца з перакладам сур’ёзнага чытання: уключаюцца спецыфічна беларускія праблемы: калі гуманітарныя веды трансляваліся праз Маскву, пераклад не быў патрэбны ў той сістэме культурнага жыцця. Дагэтуль захоўваецца сітуацыя, што шмат якая літаратура на рынак прыходзіць з Расіі, у тым ліку філасофскае чытанне. «Для нас удзячная ніша — гісторыя Беларусі. Таму што расійскаму чытачу гэта нецікава, акрамя нас гэта ніхто выдаваць не будзе, — лічыць выдавец Аляксандр Янушкевіч. — Адна з квітнеючых тэм у нашай навуковай літаратуры — менавіта гісторыя. Ці можам мы ў такіх асаблівых умовах стварыць самадастатковы рынак інтэлектуальнай кнігі? Адзінае, што нам дазваляе стаць унікальнымі, — гэта беларуская мова, арыентацыя на аўдыторыю, якая хоча развівацца ў інтэлектуальным і культурным плане, адчуваючы сябе беларусамі. Мы яе павінны знаходзіць, выхоўваць і ствараць для яе неабходны прадукт».
«На маё разуменне, інтэлектуал — гэта чалавек, які хоча данесці нейкі мэсэдж, важны для сённяшняга дня, новую інфармацыю, — лічыць доктар філалагічных навук, дацэнт Варшаўскага ўніверсітэта Андрэй Масквін. — У розныя часы гэты былі пісьменнікі, гісторыкі, філосафы, літаратуразнаўцы, культуролагі... З 70-х гадоў мінулага стагоддзя, з развіццём сродкаў камунікацыі, роля інтэлектуалаў звялася да пераказвання відавочных рэчаў. Але сітуацыя краін Усходняй Еўропы крыху іншая, чым у Заходняй. Таму што звядзенне колькасці інтэлектуалаў у грамадстве да нуля — гэта вельмі заходняя тэндэнцыя. А ў нашай рэчаіснасці гістарычна (і цяпер) вельмі патрэбны былі інтэлектуалы. У нашым асяродку яны павінны быць яшчэ інтэлігентамі — людзьмі, якія перадаюць новыя ідэі. Для мяне гэта могуць быць розныя галіны: не толькі філасофія, але і мастацкая літаратура, кінематаграфія, тэатральнае мастацтва, літаратурная крытыка, мастацтвазнаўства і г. д.».
Сапраўды, у наш час, асабліва гледзячы на моладзь эпохі Digital, так і карціць аднесці да інтэлектуалаў наогул усіх, хто чытае... Але далей не магу напісаць «хоць штонебудзь». Чытанне бывае сапраўды рознае — не заўсёды добрае і з высокімі думкамі, не заўсёды такое, што ўзнімае чалавека над рэчаіснасцю і дае падставы для думкі. Таму хочацца назіраць за дзейнасцю выдавецтваў, якія выпускаюць навуковыя, энцыклапедычныя, філасофскія кнігі, усведамлючы, што як інтэлектуалы «маюць місію» (Скарыну будуць згадваць яшчэ доўга): і ствараюць «корпус тэкстаў», нават калі незапатрабаваны цяпер, то проста, каб ён быў, што важна для любой культуры, каб былі — і ствараліся пісьменнікамі — кнігі, па якіх можна меркаваць пра ўзровень грамадства і спадзявацца, што колькасць выдадзенага ператворыцца ў якасць прачытанага.
Марыя АСІПЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-asipenka
[2] https://zviazda.by/be/tags/knizhny-svet