Аб гэтым учора заявіў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са спікерам Лок Сабхі (ніжняй палаты) парламента Індыі Сумітрай Махаджан.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рады гэтай сустрэчы, асабліва ў кантэксце саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва: на яго палях беларускі лідар неаднойчы абмяркоўваў з прэм'ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі адносіны дзвюх дзяржаў, бакі намецілі перспектыўныя напрамкі.
«Ваш візіт у Беларусь — гэта ўмацаванне адносін кіраўніцтва Беларусі з кіраўніцтвам Індыі, — адзначыў Прэзідэнт. — І нам вельмі хацелася б, каб гэтыя палітычныя кантакты мелі пад сабой вельмі трывалую гандлёва-эканамічную аснову».
Беларускі лідар падкрэсліў: улічваючы адзінства меркаванняў Беларусі і Індыі па міжнародным парадку дня, улічваючы ўзаемавыгадную падтрымку дзвюх дзяржаў у міжнародных арганізацыях — перш за ўсё ў ААН, — нам варта рухацца больш рашуча і актыўна ў развіцці эканамічных адносін, у сферы інвестыцый.
Паводле слоў Прэзідэнта, ёсць усе магчымасці для таго, каб перайсці ад простага гандлю да сумеснага інвеставання, стварэння сумесных прадпрыемстваў — як у Індыі, так і на тэрыторыі Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што калісьці ён прапанаваў Індыі стварыць адпаведны індустрыяльны парк на ўзор супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што можна таксама выкарыстоўваць транспартна-лагістычныя магчымасці Беларусі для гандлю індыйскімі таварамі ў Еўропе ў цэлым, ва Усходняй Еўропе і рэгіёне ЕАЭС.
«Прапанова застаецца ў сіле, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Я ведаю, што ваш бок станоўча ўспрымае такія прапановы. Хацелася б, каб мы больш аператыўна пераходзілі на рэйкі будаўніцтва гэтага парка ў Беларусі».
«Улічваючы ролю парламента ў Індыі, я прасіў бы вас узяць пад сур'ёзны кантроль напрамак супрацоўніцтва вашай краіны з Беларуссю — і асабліва ў сферы інвестыцый», — дадаў беларускі лідар.
Сумітра Махаджан адзначыла, што вельмі рада пабываць у Беларусі. Спікер ніжняй палаты парламента Індыі таксама дадала, што тут яна ўпершыню і ёй у нас вельмі падабаецца, і падзякавала Прэзідэнту за магчымасць наведаць нашу краіну.
«Нашы адносіны заснаваныя на сяброўстве, якое склалася гістарычна. І тая падтрымка, якую мы аказваем адно аднаму на міжнароднай арэне, — гэта, вядома, сімвал і знак нашага сяброўства, — адзначыла яна. — Але я таксама разумею, што адным сяброўствам сыты не будзеш. Таму трэба развіваць нашы гандлёва-эканамічныя адносіны, каб гэта было ўзаемавыгадна».
Індыйская парламенцкая дэлегацыя на чале са спікерам прыбыла ў Беларусь вечарам 9 чэрвеня, сёння днём яна пакіне нашу краіну. Як паведамляла «Звязда», днямі з гасцямі з Індыі сустрэліся старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч, а таксама старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка.
Праграма візіту ўключала наведванне ААТ «МТЗ», Парка высокіх тэхналогій, Беларуска-індыйскага вучэбнага цэнтра ў галіне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій імя Раджыва Гандзі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, дэлегацыя сустрэлася з прадстаўнікамі індыйскай абшчыны ў нашай краіне.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[4] https://zviazda.by/be/tags/indyya