Пяты, юбілейны, форум бібліятэкараў Беларусі сабраў амаль 400 аўтарытэтных прадстаўнікоў гэтай прафесіі, якія абмяркоўвалі пытанні нарматыўна-прававога забеспячэння галіны, арганізацыі карпаратыўнага ўзаемадзеяння бібліятэк у сферы забеспячэння доступу насельніцтва да інфармацыйна-бібліятэчных рэсурсаў. Пытанні былі абумоўленыя тэмай форуму: «Гуманітарна-асветніцкая дзейнасць бібліятэк у кантэксце агульначалавечых каштоўнасцей і беларускай дзяржаўнасці». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларуская бібліятэчная асацыяцыя і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
У рамках форуму на базе Цэнтральнай гарадской бібліятэкі г. Жодзіна прайшло выязное пасяджэнне «Інавацыйныя формы работы публічнай бібліятэкі». Жодзінская бібліятэка лічыцца адной з лепшых у рэспубліцы, таму і такі давер — прымаць высокіх гасцей са сталіцы. У Жодзіне ўдзельнікі форуму азнаёміліся з інавацыйнымі формамі працы бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва. Напрыклад, як ва ўмовах аптымізацыі не толькі захаваць дасягненні, але і прасоўваць бібліятэчную справу наперад. Ці як звычайную лесвіцу на трэці паверх ператварыць з дапамогай кніг-даведнікаў і арыгінальнага афармлення ў «Лесвіцу ведаў».
Запатрабаванасць паслуг, прапанаваных цэнтральнай гарадской бібліятэкай, толькі даказвае, што інавацыйны падыход да бібліятэчнай справы даюць свае вынікі. Як адзначыў адзін з дэлегатаў форуму, яму было чаму павучыцца ў сваіх жодзінскіх калег.
На памяць аб сустрэчы арганізатары форуму падарылі жодзінскім бібліятэкарам падарункі: Беларуская бібліятэчная асацыяцыя — унікальную кнігу «Сусветная мастацкая культура», а Нацыянальная бібліятэка ў найбліжэйшы час паставіць новыя дубовыя шафы для каталогаў.
Віталь ЖУРАЎСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/knizhny-svet