На тэрыторыі Слабадскога доследна-вытворчага лясніцтва Уздзенскага лясгаса супрацоўнікі ўпраўлення аператыўнага рэагавання Дзяржінспекцыі выявілі незаконную высечку. Пад выглядам дазволенай уборкі захламленасці (высечкі сухіх і паваленых ветрам дрэў) вальшчыкі нарыхтоўвалі здаровыя сырарослыя хвоі і елкі — дзелавую драўніну.
Паслугі па правядзенні высечкі-ўборкі захламленасці на тэрыторыі каля 40 гектараў лясгаса павінен быў аказаць індывідуальны прадпрымальнік са Слуцка. Ён у сваю чаргу наняў для гэтых работ мясцовага ІП з Узды, а той — дваіх вальшчыкаў. Апошнія трое прызнаныя вінаватымі ў правядзенні незаконнай высечкі. Разам з сухімі дрэвамі ўсяго за тыдзень нядбайныя лесарубы спілавалі 144 здаровых не прызначаных для высечкі дрэў аб'ёмам каля 73 кубаметраў. Гэтай драўнінай можна было б загрузіць паўтара чыгуначных вагона.
Нанесеная незаконнай высечкай шкода склала 11,6 тысячы рублёў, яна ўжо пакрыта парушальнікамі. Акрамя таго, ім будзе прызначаны яшчэ і штраф: вальшчыкам — у памеры да 30 базавых велічынь, індывідуальнаму прадпрымальніку — ад 10 да 150 базавых велічынь.
Уздзенскі прадпрымальнік раней ужо прыцягваўся да адказнасці за незаконную высечку пры падобных абставінах. Восенню мінулага года ў тым жа лясніцтве ён нарыхтаваў удвая больш драўніны, чым было дазволена па дакументах. За гэта суд канфіскаваў у яго трактар і бензапілу.
Наяўнасць сістэматычных парушэнняў кажа аб недастатковым кантролі за высечкамі з боку супрацоўнікаў лясгаса, падкрэслілі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Тым больш, што Уздзенскі лясгас — адзін з трох у краіне, дзе тэстуецца сістэма электроннага ўліку драўніны. Як паказвае замежны вопыт, яе ўкараненне істотна павышае эфектыўнасць лесакарыстання. Пакуль жа ўзровень парушэнняў у гэтай сферы застаецца высокім: за апошнія два тыдні дзяржінспектары выявілі 55 парушэнняў правілаў лесакарыстання, сярод якіх — транспарціроўка драўніны па неадпаведным рэчаіснасці дакументам, незаконныя высечкі і факты крадзяжу драўніны.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kryminal