Дзве новыя спецыяльнасці — «Менеджмент масавых падзейных мерапрыемстваў» і «Медыякамунікацыі» — адкрыюцца ў магістратуры БДУ. Падрыхтоўку магістраў па гэтых адукацыйных праграмах у нашай краіне распачнуць упершыню.
Па спецыяльнасці «Менеджмент масавых падзейных мерапрыемстваў» навучанне будзе праходзіць на факультэце міжнародных адносін. Яе адкрыццё абумоўлена ростам патрэбнасці ў кваліфікаваных спецыялістах па арганізацыі міжнародных масавых мерапрыемстваў. Асабліва актуальнай праблема стала ў апошнія гады ў сувязі з пашырэннем пераліку спартыўных спаборніцтваў рознага маштабу, якія праводзяцца ў Беларусі. Дарэчы, у нашай краіне штогод арганізуецца больш за 70 спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню.
Падрыхтоўка прафесіяналаў па названым профілі дазволіць палепшыць якасць спартыўнай і турысцкай інфраструктуры, пашырыць міжнароднае супрацоўніцтва і павялічыць рост экспарту паслуг.
Пасля заканчэння магістратуры выпускнікам будзе прысуджацца ступень — магістр кіравання. Сярод арганізацый, зацікаўленых у такіх спецыялістах, — Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнае агенцтва па турызме, «Белінтэрэкспа», турысцкія фірмы і івэнт-агенцтвы, Нацыянальны акадэмічны вялікі тэатр оперы і балета і іншыя.
Навучальны план спецыяльнасці «Медыякамунікацыі» прадугледжвае рэалізацыю дзвюх магістарскіх праграм. Рыхтаваць па магістарскай праграме «Карпаратыўныя стратэгічныя камунікацыі» будуць на факультэце журналістыкі, а па праграме «Медыядаследаванні і сацыяльная аналітыка» — на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ.
Выпускнікі гэтай спецыяльнасці атрымаюць сучасныя кампетэнцыі арганізацыйна-кіраўніцкай, аналітычнай і экспертнай дзейнасці ў медыясферы, а таксама змогуць выбудоўваць эфектыўную камунікацыю з зацікаўленай аўдыторыяй.
Прыём дакументаў на ўсе спецыяльнасці магістратуры БДУ будзе ажыццяўляцца з 27 чэрвеня да 5 ліпеня.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/magistratura-bdu