У мінулы аўторак сталі вядомыя вынікі пасяджэння Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША. Як і меркавалі эксперты, працэнтную стаўку павысілі на 0,25 % да 2,00 %. Пасля чаго прагучаў прагноз па далейшай манетарнай палітыцы. Долар, аднак, зніжаецца на пазабіржавым рынку Форэкс, нягледзячы на аптымізм рэгулятара. Што пайшло не так?
Каментарый дае фінансавы кансультант Міхаіл Грачоў:
— Сапраўды, камітэт па адкрытых рынках Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША па выніках двухдзённага пасяджэння прыняў рашэнне аб чарговым павышэнні працэнтнай стаўкі. Магчымасць такога развіцця падзей ацэньвалася як вышэйшая за 90 %, што, уласна, і здарылася. Крыху пазней з каментарыем па рашэнні рэгулятара выступіў старшыня ФРС Джэром Паўэл. Яго выступленне рынкі расцанілі негатыўна, што прывяло да паслаблення долара.
Джэром Паўэл пацвердзіў, што рэзервовая сістэма гатовая ў бягучым годзе правесці яшчэ два цыклы павышэння стаўкі, пры гэтым ён адзначыў, што паказчык інфляцыі далёкі ад мэтавага значэння. Сёння індэкс долара зніжаецца.
На беларускім валютным рынку долар таксама знаходзіцца ў мінусе (-0,53 %), што адлюстроўвае агульную тэндэнцыю. Акрамя таго, днямі адбудзецца пасяджэнне яшчэ аднаго буйнога ўдзельніка сусветнага фінансавага рынку — Еўрапейскага цэнтральнага банка, ад якога таксама чакаюць важных рашэнняў.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/finansy
[4] https://zviazda.by/be/tags/dolary