«Пятровіца» — гэта навучанне танцам і спевам, жывая музыка, пасядзелкі каля вогнішча і несупынныя танцы, цікавыя знаёмствы з гасцямі фэсту і шчырымі мясцовымі носьбітамі культуры, родная мова, вольнае паветра вёскі, смачныя традыцыйныя стравы і шмат чаго яшчэ.
«Пятровіца» адбудзецца на Любаншчыне восьмы раз. Гэта значыць, восьмы раз у вёску Шыпілавічы Любанскага раёна з'едуцца зацікаўленыя людзі з усёй Беларусі, а таксама блізкага і не надта блізкага замежжа. Прыедуць, каб танцаваць і спяваць, касіць і жаць, хлеб пячы і выцінанкі выразаць, адчуць атмасферу традыцыйных вячорак, адпачыць ад гарадскога шуму і проста добра правесці час.
З 9 да 12 ліпеня адбудуцца майстар-класы па танцах ад этнахарэографа і фалькларыста Сяргея Выскваркі — мастацкага кіраўніка ўзорнага фальклорнага танцавальнага калектыву «Верабейкі», якому сёлета спаўняецца 25 гадоў. Сяргей Выскварка падзеліцца ведамі, якія атрымаў яшчэ ад сваёй бабулі, а папоўніў і сістэматызаваў ужо падчас сур'ёзнай даследчыцкай працы. «Полька», «Падэспань», «Каханачка», «Нарэчанька», «Кракавяк», «Лявоніха» — гэта няпоўны спіс танцаў, якія можна будзе паспрабаваць патанчыць.
Арганізатары адзначаюць: «Акрамя заняткаў, танцуем мы ў любое надвор'е і паўсюль: у сельскім клубе і каля клуба, у старой хаце і на асфальце, у чыстым полі і ў дварах вяскоўцаў».
Удзельнікі «Пятровіцы» змогуць засвоіць тэхніку традыцыйнага спеву пад кіраўніцтвам Вольгі Емяльянчык, удзельніцы і сузаснавальніцы фальклорнага гурта GUDA (Мінск), мастацкага кіраўніка фальклорнага гурта «Варган» (г. Полацк). Вольга Емяльянчык дапаможа раскрыць свой голас, навучыць атрымліваць радасць ад супольнага спеву, паглыбіцца ў гукавую стыхію найлепшых узораў пятроўскіх абрадавых песень і пазаабрадавай лірыкі Любаншчыны. У мужчын ёсць унікальная магчымасць павучыцца спевам ад таленавітага і самабытнага Уладзімера Ціханоўскага.
Акрамя танцаў і спеваў, удзельнікаў чакаюць вандроўкі ў горад Любань, вёскі Пласток і Жораўка — там можна будзе атрымаць эстэтычнае і гастранамічнае задавальненне. Удзельнікі гурта «Напарачка» будуць чакаць ахвотных, каб прадэманстраваць танцы з Любанскай дзясяткі і пачаставаць традыцыйнымі стравамі роднай зямлі.
На сваёй радзіме, Сяргей Выскварка пакажа вынікі аднаўлення дзедавага дома, навучыць танцаваць рэдкія мясцовыя танцы і запросіць на «квас з прыкрасамі». Не будзе прамінута і традыцыйная вечарына ў вясковай хаце, гаспадар якой абяцае пачаставаць хатнім півам.
Арганізатары запрашаюць далучацца ўсіх ахвотных. Даведацца болей і зарэгістравацца можна на сайце pіatrovіca.by [3].
Варвара ГОМАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-goman
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] http://piatrovica.by/
[4] https://zviazda.by/be/tags/pyatrovica
[5] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[6] https://zviazda.by/be/tags/festyval