Аўтар матэрыялу раней працаваў у «Звяздзе». Але і цяпер, бываючы ў новых творчых паездках, не забывае родную газету. Сёння мы прапануем яго нататкі з нядаўняга падарожжа на расійскі Далёкі Усход, падрыхтаваныя спецыяльна для «Звязды».
Хто на поўдзень, хто на захад... Я — у іншы бок
На Далёкім Усходзе я бываў у часы Савецкага Саюза — па размеркаванні. Цяпер вырашыў наведаць той край яшчэ раз. У расійскіх перавозчыкаў цяпер здаровая канкурэнцыя, яна на руку падарожнікам. Таму білет у край сваёй маладосці вылавіў па вельмі лагоднай цане.
На лініі Масква—Уладзівасток задзейнічаны магутны аэробус, які бярэ на борт больш за паўтысячы пасажыраў адразу. Пасля ўзлёту злавіў сябе на думцы: нават проста паглядзець цуд сучаснага авіябудавання — на жаль, не нашага — тых грошай варта. Пасажыру выдаюць тапкі і зубную шчотку з пастай. Кормяць смачна, не скнарнічаюць. Хочаш — кіно глядзі ў персанальным маніторы або гульнямі забаўляйся, хочаш — карту палёту сачы або від з кабіны пілота.
І хоць у Прымор'і панавала непагадзь, такому гіганту тайфун быў не страшны, селі мякка. Затое «дробную авіяцыю» ліўні прыціснулі да зямлі. А мне ад Уладзівастока трэба было яшчэ далей ляцець. Каля паўсутак прыйшлося прамучыцца ў аэрапорце, чакаючы надвор'я. Аэрадром прызначэння — раённы цэнтр Кавалерава. З Уладзівастока па сушы скрозь хрыбты Сіхатэ-Аліня, туды з паўдня зойме дарога. А паветраным шляхам — гадзіна лёту. Хвойны пах адчуваю адразу, як пакідаю самалёт. Паветра цудоўнае — вакол тайга, а мясцовая прамысловасць ніякай небяспекі для экалогіі не ўяўляе. Той эканомікі, якой славілася Кавалерава ў савецкія часы, проста не стала. Спыніўся горна-абагачальны камбінат, зачыніліся і шахты, што здабывалі яму руду.
Калі не ўнікаць у эканамічныя рэаліі, таёжны пасёлак выглядае, вядома, каларытна. У ім адчуваецца гэтакі здаровы дух расійскай глыбінкі, дзеля якога не цяжка далёкі шлях пераадолець. Праз пасёлак працякае рака з аднайменнай назвай Кавалераўка. З паветра бачыў, як падужэлыя пасля ліўняў яе воды падмылі жылы дом на ўскраіннай вуліцы. Накіроўваючыся пасля да скалы, названай у гонар героя твораў Арсеньева Дэрсу Узала — мясцовай адметнасці, — хацеў і падтоплены дом паглядзець. А хаты і не аказалася — змыла яе разам з агародам хуткая Кавалераўка. Засталіся толькі жыхары і вынесены хатні скарб.
Справы ваенныя
Палюбаваўшыся пасялковымі прыгажосцямі, грузім у машыну ўсё неабходнае і накіроўваемся да акіяна. Закупляючы прадукцыю ў дарогу, мясцовыя выбралі беларускую згушчонку. Яна каштуе даражэй за астатнія, але далёкаўсходнікі лічаць: толькі беларускі прадукт і захаваў ранейшы натуральны смак.
На акіян мяне вывез былы ракетабудаўнік Канстанцін. Ён некалі пасля школы здолеў адсюль паступіць у вядучую ВНУ савецкага ракетабудавання. Як выдатніка вучобы яго размеркавалі ў канструктарскае бюро, дзе распрацоўваліся рухавікі самых грозных ваенных ракет. Прапрацаваў там нямала і работай быў задаволены. Але ў адзін момант адважыўся кінуць Маскву, ракеты і вярнуцца дадому.
Накіроўваемся ў Ольгінскі раён, да заліва Уладзіміра. Рускія маракі адкрылі для сябе гэты заліў у ліпені 1857 года якраз напярэдадні свята Святога Уладзіміра. У гонар святога і назвалі. Заліў вельмі прыгожы, з цікавай гісторыяй. У яго глыбінях ляжыць прадмет любові дайвераў — крэйсер «Ізумруд», затоплены рускімі маракамі пасля прарыву з Цусімскай бітвы. Доўгія гады наваколле лічылася строга забароненай зонай. Мыш туды не магла праслізнуць. У заліве Уладзіміра дыслакаваліся дывізія атамных падводных лодак Ціхаакіянскага флоту і сховішча ядзерных боепрыпасаў для іх. Адсюль грозныя атамаходы адпраўляліся да маршрутаў баявога патрулявання па ўсім сусветным акіяне.
Базу закрылі ў 1994 годзе, і гарадок падводнікаў з марской назвай Ракушка асірацеў. Вялікія прычальныя пірсы і напаўразбураная тэхнічная зона пустуюць. А вось жылы гарадок не знік. Там засталіся тыя, каму пасля флоцкай службы з'язджаць не было куды. У пяціпавярховіках суседнічаюць жылыя і кінутыя кватэры — з выбітымі дзвярамі і вокнамі. Як выжываюць зімой былыя ўладары атамных субмарын і іх сем'і, калі кватэры за сцяной замятае снегам, — цяжка нават уявіць. У Ракушцы застаўся і помнік экіпажу лодкі К-129, якая загінула на баявой службе ў акіяне. Ён зроблены ў выглядзе баявой рубкі атамахода — і таксама прыходзіць у заняпад. Хоць адстаўныя маракі, як могуць, рамантуюць мемарыял загінулым калегам, бур'ян вакол выкошваюць.
Палатачная рабінзанада
Летам і ранняй восенню на ўзбярэжжы Японскага мора вырастаюць палатачныя гарадкі. Адпачывальнікі прыбываюць на аўтамабілях — у асноўным праварульных — з Хабараўска, Камсамольска, нават з далёкага Якуцка. Пакуль яшчэ не сезон, і свабоднага месца колькі заўгодна. Мы разбіваем палаткі на мысе Балюзек, адкуль добра відаць выхад у акіян. Гарлавіна вусця недзе пад тры кіламетры. Ваенныя пасля праходу лодак закрывалі яе жалезнымі сеткамі — уяўляеце моц тых механізмаў?! Пазней дэмантаваць гэтыя цуда-сеткі не сталі або не змаглі. Так і засталіся яны ржавець у глыбінях. Плаваць у тым раёне і сёння небяспечна — раптам узнікаюць і бурляць-кружаць магутныя плыні. Мае знаёмыя вырашылі ў пагодны дзень праплысці на вёслах ад аднаго мыса да другога. А акіян узяў і прачнуўся. І панесла шлюпку... Ледзь выграблі, а потым на беразе доўга ад стрэсу адыходзілі.
У ліпені вада яшчэ даволі халодная. Шмат водарасцяў — тут нават існаваў калісьці заводзік па нарыхтоўцы марской капусты. Ужо ідзе на нераст першы ласось. Водзіцца грабеньчык. Сустракаецца і марскі агурок — тут ён завецца трэпанг. За ласосем палююць дзеля чырвонай ікры. Грабеньчык смачны, нават калі есці сырым. На трэпангу можна добра зарабіць. Літровы слоік настойкі з трэпанга на мёдзе, якая лічыцца лячэбнай, ідзе за дваццаць-трыццаць долараў. Вядома, промысел ласасёвых, як і грабеньчыка з трэпангам, знаходзіцца пад забаронай. Але рыбакоў усё роўна хапае. Рыбацкая справа — тым больш у браканьерскім статусе — занятак рызыкоўны і не кожнаму па сілах. Патрабуецца вырашыць тры пытанні. Асвоіць апусканне з аквалангам, умець весці пошук у ледзяных глыбінях. І потым уцячы ад рыбааховы. І яшчэ трэба ўмець абыходзіцца з уловам. Грабеньчык, сціскаючы ў ахоўным рефлексе створкі панцыра, здольны моцна парэзаць рукі. А трэпанга трэба зберагчы пры транспарціроўцы, інакш самаліквідуецца, вывернуўшыся навыварат — зрабіўшы своеасаблівае харакіры.
Калі не паленавацца некалькі гадзін караскацца скрозь стромкія прыбярэжныя скалы, можна выбраць сабе персанальную бухту для адпачынку на бязмежным акіянскім беразе. І гэта таго варта. Прабірацца па скалах няпроста, але ўяўленне сябе стапрацэнтным рабінзонам каля самага вялікага акіяна планеты — пачуццё, якое нельга выказаць. Пашанцавала нават нерпаў убачыць — адразу чацвярых. Чалавека яны, відаць, не моцна баяцца. Але калі жвава рванулі з вады на прыбярэжныя камяні, прымусілі і мяне пахвалявацца. Паводзіны звяркоў сігналілі хутчэй за ўсё аб з'яўленні драпежнікаў. Відаць, да берага падышлі грозныя касаткі. У апошнія гады і акулы сталі падымацца сюды з паўднёвых шырот.
Промысел прыродных багаццяў тут і раней вёўся актыўна, а цяпер набыў нябачаны размах. Тыгры з леапардамі, якія тут вадзіліся стагоддзямі, апынуліся на мяжы знікнення. Трафей гэты для браканьера зайздросны. Перакупшчыкі за тушу звера плацяць ад пяці мільёнаў рублёў. Прыродаахова спрабуе змагацца. Але парушальніка трэба злавіць на гарачым і даказаць яго віну. А сустракаюцца ж і такія высокапастаўленыя паляўнічыя, якім зямныя законы не пісаныя.
Давялося сустрэць у тайзе прамыславіка. Той спачатку паспрабаваў ухіляцца ад размоў. Але даведаўшыся, з якіх я краёў, подабрэў. «А тыгра забіваць даводзілася?» — не ўтрымаўся я ад пытання. «Мой таварыш па неабходнасці страляў. Тыгр на яго першы скокнуў. Можа, прыхварэў і на звера не мог паляваць. Або са свайго ўчастка прыбраць хацеў. Яму ж кілаграм пяцьдзясят мяса ў дзень трэба, таму пільна сочыць за пагалоўем на сваім абыходзе, як і за тым, каб канкурэнтаў там не было. Сам я аднойчы наткнуўся на трупы тыгра і мядзведзя — лічы, у абдымку ляжалі. Тыгр атакаваў удала, але і мішка злаўчыўся рвануць жывот паласаціку. Шкада, што позна я іх знайшоў, і тушы паспелі пратухнуць. А так бы добра мог прадаць».
Свая малая радзіма
Некалькі дзён стаяў побач з нашай палаткай егер з нетыповым для тутэйшых мясцін прозвішчам Пазняк. «Так, мае бацькі з Віцебшчыны сюды пераехалі, і я беларусам запісаны. Хоць сам у Беларусі ніколі не быў». Па адукацыі ён — інжынер-сейсмограф. Запатрабаваная была раней гэтая прафесія на Далёкім Усходзе. А зараз і ў сейсмографаў работы не стала. Прыйшлося ў егера перакваліфікавацца.
Пра наш палатачны лагер пайшла пагалоска. Нават кіраўніцтва раённай паліцыі ўшанавала прысутнасцю. Не кантраляваць — для гэтага, напэўна, простага сяржанта паслалі б. Падпалкоўнік адолеў доўгую дарогу проста пацікавіцца, як цяпер жывецца ў Беларусі. Іншы мясцовы начальнік прыкаціў... пачаставаць пловам. Лепей яго ва ўсёй акрузе ніхто гатаваць не ўмее. Сам ён — немец па нацыянальнасці. У савецкія часы яго продкаў сюды з Паволжжа выслалі. Зараз уся радня на гістарычнай радзіме — у Германіі. З'язджаў туды і ён. Работу добрую знайшоў, уладкаваўся. А потым усё ж вярнуўся. Не могуць яны без гэтых абшараў. Без краю з вельмі няпростым жыццём. Але роднага. Пасля якога ў Еўропе здаецца вельмі цесна.
Уладзівасток — горад нашанскі
Цяпер Уладзівасток уваходзіць у дзясятку найлепшых расійскіх цэнтраў турызму. Летась яго наведала тры мільёны гасцей. У горадзе налічваецца каля 500 архітэктурных помнікаў. Такія выдатнасці, як музей «Уладзівастоцкая крэпасць», які ўключае больш за сто фартыфікацыйных збудаванняў, Прыморскі акіянарыум, раскансерваваны музей Дальзавода, мемарыял з караблём-музеем «Чырвоны вымпел» і падводнай лодкай С-56 — падобны арыгінальны турыстычны асартымент наўрад ці дзе яшчэ сустрэнеш.
У савецкія часы да 15—20 % гарадскога насельніцтва складалі вайскоўцы — такі лёс горада-гарнізона на Ціхім акіяне. Падчас апошняга перапісу ў 2010 годзе з 600 тысяч насельніцтва Уладзівастока 1642 жыхары назвалі сябе беларусамі.
...У дзень адлёту выпала некалькі вольных гадзін проста паблукаць па Уладзівастоку. Прыяцелі дамовіліся са знаёмым, каб той пабыў маім гідам. У прызначаны час на дарагім джыпе падкаціў імпазантны мужчына. Вазіў усюды, куды прасіў. І па горадзе, і на востраў Рускі па новазбудаваным мосце, і да ўсіх памятных месцаў.
Хітра прыжмурыўшыся, спытаў: як там справы на радзіме? Гадоў пятнаццаць яе, маўляў, ужо не наведваў. Аказалася, таксама наш зямляк. Родам з Оршы. Служыў авіятарам на крэйсеры «Мінск» — туды папрасіўся пасля ваеннага вучылішча. Эксплуатаваў карабельныя самалёты і да гэтага часу пра іх з захапленнем расказвае. У 1994 годзе грозны авіяносец прадалі Кітаю, ваенных скарацілі. Рызыкнуў паспрабаваць абжыцца на далёкаўсходняй зямлі — і атрымалася. Цяпер аршанец — зусім не апошні бізнесмен Уладзівастока. Але, кінуўшы свае справы, ахвотна пагадзіўся сустрэцца з незнаёмымі землякамі. Чаму? Я так зразумеў, што ў жыцці тут у яго зараз ёсць усё. Толькі востра не хапае магчымасці хоць з кім-небудзь перакінуцца парай слоў па-беларуску.
Вікенцій КЛЮЧНІК
Мінск—Уладзівасток—Мінск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/tags/padarozhzha
[3] https://zviazda.by/be/tags/dalyoki-ushod