Учора ў Мінску адбылося пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, у якім узялі ўдзел прэзідэнты Беларусі і Расіі — Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. З расійскага боку ў сталіцу Беларусі таксама прыбылі прэм'ер-міністр Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў, кіраўнікі палат парламента Валянціна Мацвіенка і Вячаслаў Валодзін.
Высокія чаканні
Напачатку, перад пасяджэннем Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, кіраўнікі дзяржаў правялі перагаворы ў вузкім складзе.
«Мы гатовыя да правядзення пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета, прапрацаваны парадак дня, пытанні ўзгоднены, прапануецца тры асноўныя пытанні абмеркаваць. Усе астатнія пытанні ў нас у поўнай гатоўнасці, прапануецца без абмеркавання прыняць», — адзначыў у пачатку перагавораў Аляксандр Лукашэнка.
Тры пытанні наступныя: аб Праграме ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2018—2019 гады, аб выкананні прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву (2014—2017 гады) і далейшым развіцці Саюзнай дзяржавы на 2018—2022 гады. Апошняе пытанне датычылася ходу выканання рашэнняў ВДС Саюзнай дзяржавы.
Кіраўнік беларускай краіны павітаў расійскіх калег у сталіцы Беларусі. «Думаю, што гэтая сустрэча будзе плённай і мы здымем усе пытанні, якія, магчыма, не былі вырашаны на пасяджэнні саюзнага Саўміна», — дадаў беларускі лідар.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за тое, што той узяў на сябе клопат арганізаваць сустрэчу ў Мінску. «Я ведаю, што вельмі шмат пытанняў сапраўды прапрацавана перш за ўсё на ўзроўні ўрадаў, ведамстваў. Калегі прасунуліся ў значнай ступені ў вырашэнні пытанняў, якія да гэтага часу яшчэ заставаліся нявырашанымі. Калі нешта засталося, то можам абмеркаваць», — дадаў Уладзімір Пуцін.
Праблемы — вырашаць
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што папярэдняе пасяджэнне ВДС, праведзенае амаль год таму, было вельмі прадукцыйным, дасягнутыя на ім дамоўленасці актывізавалі двухбаковае супрацоўніцтва ў многіх сферах.
Кіраўнік беларускай дзяржавы нагадаў, што ў 2017 годзе быў пераадолены працэс зніжэння ўзаемнага тавараабароту, бакі выйшлі на яго рост. Прэзідэнт Беларусі дадаў, што сёння важна замацаваць станоўчыя тэндэнцыі, забяспечыць далейшае нарошчванне гандлёвых адносін — у тым ліку за кошт ліквідацыі розных бар'ераў, а таксама стварэння роўнага канкурэнтнага асяроддзя.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў апошні час рашэнне актуальных пытанняў часта перакладаецца з аднаго інтэграцыйнага фармату на іншы — напрыклад, на пляцоўку Еўразійскага эканамічнага саюза. На думку беларускага лідара, нам не варта рабіць гэта надалей, таму што ў саюзе ў стане вырашаць тыя пытанні, якія існуюць, — калі нейкія праблемы перашкаджаюць узаемаадносінам дзвюх краін, то трэба іх вырашаць тут і цяпер.
Пры гэтым Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў: для знаходжання кансэнсусу няма чаго абмяркоўваць асобныя пытанні з краінамі, якія ў іх наогул не задзейнічаны.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на каардынацыйную ролю Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. «Яму трэба забяспечыць сістэмнае і рэгулярнае супрацоўніцтва профільных міністэрстваў і ведамстваў Беларусі і Расіі», — дадаў ён.
Беларускі лідар папрасіў дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоту максімальна глыбока ўнікаць у сутнасць і выразна бачыць баланс інтарэсаў бакоў па пытаннях, што абмяркоўваюцца на пляцоўцы Пастаяннага камітэта. «Тыдзень таму я аддаў распараджэнне ўраду, каб ні адны перагаворы не праходзілі без удзелу кіраўніка нашага апарату», — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што знешнепалітычнае супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў носіць сістэмны і шматпланавы характар, Беларусь і Расія выступаюць з адзіных або блізкіх пазіцый па цэнтральных праблемах сучаснага свету, падтрымліваюць адна адну.
«Асаблівая тэма ў саюзным будаўніцтве — абарона інтарэсаў нашых грамадзян», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, для іх забяспечаны належны ўзровень правоў і свабоды. Зараз узнікаюць пытанні з нагоды перасячэння беларуска-расійскай мяжы — у найбліжэйшы час з гэтым аспектам будуць разбірацца.
Беларускі лідар падкрэсліў, што залогам поспеху нашай інтэграцыі застаюцца міжрэгіянальныя сувязі: гандлёва-эканамічныя адносіны з Беларуссю маюць 80 суб'ектаў Расіі, заключаны тры сотні дагавораў аб супрацоўніцтве на ўзроўні рэгіёнаў і муніцыпальных утварэнняў.
Ён нагадаў, што з 2014 года праводзяцца сумесныя форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі, пяты па ліку пройдзе ў кастрычніку гэтага года ў Магілёве, запрашэнне Уладзіміру Пуціну было адпраўлена.
Прэзідэнт Беларусі таксама дадаў, што адным з ключавых пунктаў парадку з'яўляецца зацвярджэнне прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач развіцця Саюзнай дзяржавы на наступныя пяць гадоў. Дакумент уключае ў сябе ўвесь спектр двухбаковага супрацоўніцтва, вызначае канкрэтныя мэты і інструменты іх дасягнення. У рэалізацыі гэтых напрамкаў павінны быць задзейнічаны ўсе органы кіравання Саюзнай дзяржавы, дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Супрацоўніцтва — у прыярытэце
«Хацеў бы ізноў падкрэсліць зацікаўленасць Расіі ў далейшым развіцці Саюзнай дзяржавы і нарошчванні палітычнай і эканамічнай інтэграцыі з Беларуссю, — заявіў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. — У наступным годзе нашы краіны адзначаюць 20-годдзе падпісання Дагавора аб стварэнні саюза. За мінулы перыяд атрымалася шмат чаго дабіцца: нарасціць гандлёва-інвестыцыйныя, навукова-тэхналагічныя, культурныя, гуманітарныя сувязі, умацаваць дагаворна-прававую базу ва ўсіх сферах супрацоўніцтва».
Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што адно з ключавых пытанняў пасяджэння ВДС — зацвярджэнне прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач развіцця Саюзнай дзяржавы на 2018—2022 гады. «Гэты асноватворны дакумент вызначыць ключавыя арыенціры сумеснай працы на найбліжэйшыя пяць гадоў», — падкрэсліў Прэзідэнт Расіі.
Па словах кіраўніка Расійскай Федэрацыі, далейшага пашырэння і дыверсіфікацыі патрабуе ўнутрысаюзны гандаль. «У мінулым годзе тавараабарот павялічыўся амаль на чвэрць — плюс 23,5 % — і дасягнуў $32,4 млрд. У студзені — красавіку бягучага года дадалося яшчэ 18 %. Пры захаванні такой пазітыўнай дынамікі нам цалкам па сілах вывесці ўзаемны гандаль на ўзровень у $50 млрд», — упэўнены Уладзімір Пуцін.
Беларускія і расійскія кампаніі традыцыйна актыўна інвестуюць у саюзныя прадпрыемствы. «Лічым важным паступова паляпшаць дзелавы і інвестыцыйны клімат, праводзіць узгодненую фінансавую, грашова-крэдытную, падатковую палітыку», — лічыць кіраўнік расійскай дзяржавы. Ён таксама адзначыў супрацоўніцтва ў такіх сферах, як прамысловая кааперацыя, энергетыка, заклікаў развіваць навуковае, сацыяльна-гуманітарнае ўзаемадзеянне.
Сказанае пацвердзілі
Па выніках сустрэчы прэзідэнты зрабілі заяву для СМІ і падсумавалі праведзеныя перагаворы. «Перш за ўсё хачу яшчэ раз цёпла павітаць Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна на беларускай зямлі. На сённяшнім пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы мы разгледзелі пытанні далейшага двухбаковага супрацоўніцтва, развіцця інтэграцыйных працэсаў і нарошчвання ўзаемадзеяння ў эканамічнай сферы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах Прэзідэнта Беларусі, праект Саюзнай дзяржавы з'яўляецца ўстойлівай платформай для ўмацавання беларуска-расійскіх адносін. Галоўная мэта яго застаецца нязменнай — паскарэнне тэмпаў сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх дзяржаў і паляпшэнне жыцця нашых народаў.
«У мінулым годзе і на пачатку бягучага года мы выйшлі на стабільную траекторыю росту ўзаемнага тавараабароту. Нам неабходна забяспечыць далейшае нарошчванне гандлёвых адносін паміж дзвюма краінамі, у тым ліку за кошт стварэння роўнага канкурэнтнага асяроддзя, і мы гэтай тэме прысвяцілі наш асноўны час, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Важным элементам сённяшніх перагавораў стаў разгляд прыярытэтных напрамкаў развіцця Саюзнай дзяржавы на найбліжэйшае пяцігоддзе».
Адным з ключавых інструментаў дасягнення зафіксаваных у гэтым дакуменце мэт з'яўляецца павышэнне сістэмнага ўзаемадзеяння профільных арганізацый нашых краін. Гэта задача ўскладзена на Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы.
«Мы таксама казалі пра важнасць каардынацыі работы знешнепалітычных ведамстваў. Нашы краіны прытрымліваюцца адзіных пазіцый па асноўных сусветных праблемах і падтрымліваюць адна адну ў міжнародных арганізацыях. Так будзе заўжды, — упэўнены беларускі лідар. — Захоўвае сваю важнасць рэалізацыя Праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2018—2019 гады. Мы і надалей будзем каардынаваць падыходы да праблем рэгіянальнай і агульнаеўрапейскай бяспекі, сумеснае процідзеянне новым выклікам і пагрозам».
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што спрэчныя пытанні, якія час ад часу ўзнікаюць у беларуска-расійскіх адносінах, традыцыйна будуць вырашацца ў духу ўзаемаразумення і кампрамісу, што ўжо ў прынцыпе нашы ведамствы робяць. «Гэта яшчэ раз было пацверджана і на маёй сустрэчы з Уладзімірам Уладзіміравічам, і непасрэдна ў ходзе мінулага пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета», — паведаміў беларускі лідар.
«Мы маем намер працягваць канструктыўны дыялог па ўсіх напрамках супрацоўніцтва. Для ўстойлівага развіцця нашых краін і павышэння ўзроўню дабрабыту народаў будзе задзейнічаны ўвесь патэнцыял Саюзнай дзяржавы. Перакананы, што ў нас сёння атрымалася надаць значны імпульс далейшаму ўмацаванню брацкага партнёрства Беларусі і Расіі», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
У сваю чаргу Уладзімір Пуцін падзякаваў беларускаму боку за цёплы прыём і пацвердзіў намеры Расіі і надалей развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Вераніка ПУСТАВІТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[3] https://zviazda.by/be/palityka
[4] https://zviazda.by/be/prezident
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-pucin
[7] https://zviazda.by/be/tags/sayuznaya-dzyarzhava