44 новыя навучальныя дапаможнікі для школьнікаў будуць выдадзены да 1 верасня.
У першую чаргу будзе абноўлена ўся лінейка падручнікаў і дапаможнікаў для чацвёртых і восьмых класаў. Гэта звязана з абнаўленнем у гэтых класах навучальных праграм па ўсіх прадметах. Таксама будуць выдадзены навучальныя дапаможнікі па замежных мовах для трэцяга, шостага, дзявятага і дзясятага класаў.
Новыя кнігі па матэматыцы і інфарматыцы, а таксама па працоўным навучанні пакладуць у свой партфель шасцікласнікі.
Асноўныя крытэрыі, якія захоўваліся пры стварэнні новых падручнікаў, — гэта даступнасць выкладання вучэбнага матэрыялу, практыка-арыентаванасць задач і практыкаванняў, рэалізацыя розных формаў прадстаўлення інфармацыі і рэалізацыя міжпрадметных сувязяў. Вучні будуць працаваць не толькі з суцэльным тэкстам, але і з графікамі, дыяграмамі і табліцамі.
Акрамя гэтага, новыя навучальныя дапаможнікі будуць змяшчаць спасылкі на розныя кампаненты вучэбна-метадычных комплексаў па прадметах. Настаўнік атрымае магчымасць дыферэнцаваць адукацыйны працэс. Для дзяцей, якія праяўляюць цікавасць да прадмета, прадугледжаны дадатковы кантэнт, які дапаможа паглыбіць веды і адпрацаваць атрыманыя навыкі.
Таксама ў новых навучальных дапаможніках будзе выкарыстоўвацца тэхналогія дапоўненай рэальнасці. Яна дазваляе «ажыўляць» карцінкі і ў большай ступені візуалізаваць матэрыял, што вывучаецца. Загрузіўшы бясплатна на электронную прыладу адпаведныя праграмы, вучні змогуць больш дакладна ўявіць вывучаемыя з'явы. Тэхналогія будзе рэалізавана ў падручніках па фізіцы і па мастацтве для восьмага класа.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/dapamozhnik
[5] https://zviazda.by/be/tags/shkola
[6] https://zviazda.by/be/tags/padruchniki