Як забудоўваліся Мінск ці Жодзіна, як пуста было ў Мірскім замку, якім быў план латвійскага горада Люцын у 1748 годзе, фотаздымкі Барыса Кіта з Васілём Быкавым, Пятра Машэрава з архітэктарамі, Аляксандра Рубанава з Уладзімірам Кавалёнкам, фізікаў і лірыкаў — амаль дзвесце тысяч адзінак захоўвання знаходзіцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі. У маі архіў, які даволі непрыкметна адлюстроўвае ў тым ліку грамадскі, ідэалагічны і культурны кантэксты, адзначыў сваё пяцідзесяцігоддзе. Днямі адкрыўся адноўлены стадыён «Дынама», рэканструкцыя якога не адбылася б без праектнай інфармацыі, што складае аснову фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі (БДАНТД) і з'яўляецца асноўным дапаможнікам па гісторыі архітэктуры Беларусі. Мы сустрэліся з загадчыкам аддзела інфармацыі і выкарыстання дакументаў архіва Святаславам Кулінком і распыталі, што яшчэ каштоўнага змяшчаюць у сабе фонды.
— Азначэнне «архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі» гучыць крыху пратакольна, так і не скажаш, што ён, як у вас напісана, «адлюстроўвае развіццё навукі, архітэктуры і культуры». Растлумачце, якое дачыненне ваш архіў мае да такіх глабальных паняццяў?
— Стварэнне архіва ў 1968 годзе было вельмі своечасовым, таму што дазволіла паставіць на ўлік, захаваць і ў выніку выкарыстаць агромністы корпус вельмі спецыфічнай, менавіта навукова-тэхнічнай дакументацыі. Гэта праектная дакументацыя, якая адлюстроўвае горадабудаўніцтва, азеляненне, праекты найбольш значных будынкаў не толькі Мінска, але і ўсёй краіны. Дом урада, Тэатр оперы і балета, Акадэмія навук, Нацыянальная бібліятэка, як старая так і новая, помнікі архітэктуры накшталт Мірскага і Нясвіжскага замкаў, культавае дойлідства, прадстаўленае касцёламі і цэрквамі, — дакументы на ўсе гэтыя аб'екты захоўваюцца ў нас і складаюць, напэўна, найбольш важную частку нацыянальнага архіўнага фонду, звязанага з архітэктурай. Апроч гэтага, наш архіў уключае ў сябе навукова-даследчыя распрацоўкі, патэнтную і канструктарскую дакументацыю, прадстаўленую беларускімі брэндамі накшталт МАЗа, БелАЗа, МТЗ. Тут можна знайсці эскізы і чарцяжы нашых першых аўтамабіляў.
— Наколькі я ведаю, не апошняе месца ў архіве займаюць дакументы асабістага паходжання.
— Гэта ўнікальная частка архіўнага фонду рэспублікі ўвогуле — асабістыя дакументы народных архітэктараў СССР Георгія Заборскага, Уладзіміра Караля, Іосіфа Лангбарда і іншых. Яны цікавыя ў тым ліку вялікім пластом нерэалізаваных праектаў, якія ўдзельнічалі ў архітэктурных конкурсах, але па нейкіх прычынах не прайшлі адбор. На іх цікава ўбачыць, якім бы мог быць Мінск.
— Гэтыя асабістыя фонды — што яны з сябе ўвогуле ўяўляюць?
— Сюды могуць уваходзіць пасведчанні аб нараджэнні, дыпломы, граматы, узнагароды, розныя аўтабіяграфічныя даведкі. Калі гаворка пра архітэктараў, — эскізныя праекты, успаміны аб працы, дзённікі, перапіска, фотаздымкі, што апроч работы адлюстроўваюць сямейнае жыццё, вандроўкі, наведванне нейкіх форумаў і мерапрыемстваў. У фондзе Сяргея Філімонава захоўваюцца малюнкі, якія архітэктар рабіў падчас падарожжа ў Кіеў і Львоў у 1950-х гадах. Гэта вельмі цікавіць нашых калег з Украіны, бо на малюнках адлюстраваны пэўныя архітэктурныя формы. Каштоўным для нас з'яўляецца фотаздымак Барыса Кіта з Васілём Быкавым. Калі закрануць сферу навукі, у фондзе вядомага фізіка Аляксандра Рубанава, які стаяў каля вытокаў сусветнай галаграфіі, ёсць фотаздымак з касманаўтам Уладзімірам Кавалёнкам. Ёсць агульны фотаздымак Пятра Машэрава з беларускімі архітэктарамі, якія з поля бою падчас Вялікай Айчыннай вайны былі выкліканы ў Цэнтральны штаб партызанскага руху ў Маскву. Альбо фота, на якім самыя выдатныя беларускія архітэктары ў 1946 годзе дакладваюць пра генеральны план аднаўлення і развіцця Мінска Панцеляймону Панамарэнку, рашэнне якога дазволіла гораду ў прынцыпе быць.
— Зразумела, што архіў — гэта не рэч у сабе. Для чаго ў асноўным выкарыстоўваюцца дакументы з вашых фондаў?
— Відавочна, захоўванне дзеля самога захоўвання бессэнсоўнае, дакументы павінны жыць, а жывуць яны толькі тады, калі некім выкарыстоўваюцца альбо публікуюцца. Па-першае, спецыфіка нашага фонду ў яго ўжытковым характары. Сёння ні адно даследаванне, рэканструкцыя альбо рамонт найбольш важных аб'ектаў не адбываецца без звароту ў наш архіў.
— Рэстаўрацыя, напрыклад, Мірскага замка таксама базавалася на вашых дакументах?
— Так, супрацоўнікі замкавага комплексу прыехалі да нас і адабралі вельмі шмат дакументацыі, там былі і цікавыя фотаздымкі, дзе замак у стане запусцення... Толькі што завершанае аднаўленне стадыёна «Дынама» таксама адбылося дзякуючы захаваным у нашым архіве дакументам. Мы і самі працуем над выхадам нашых фондаў у свет, праводзім выстаўкі, удзельнічаем у канферэнцыях: напрыклад, да 950-годдзя Мінска мы паказалі той самы генеральны план аднаўлення і развіцця горада 1946 года. Пасля вайны Мінск быў разбураны настолькі, што стаяла пытанне, адбудоўваць яго альбо ствараць новы горад побач. Шмат у чым гэты генеральны план вызначыў, што, па-першае, Мінску — быць, а па-другое, якім яму быць. Сталіца, якой мы бачым яе сёння, — прыгожая, прасторная, зялёная, — шмат у чым была закладзена ў генеральным плане. Апроч таго, што належыць гісторыі Беларусі, у нашым архіве захоўваецца шмат дакументаў па гісторыі навукі, архітэктуры і тэхнікі больш чым дваццаці краін, у тым ліку такіх экзатычных, як Манголія.
— Як яны трапілі ў вашы фонды?
— У савецкі час тут існавала шмат навукова-даследчых і праектных інстытутаў, якія працавалі не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і па ўсім Савецкім Саюзе, а таксама ў дружалюбных Савецкаму Саюзу краінах. У выніку засталося шмат дакументаў, найбольшая колькасць датычыцца, канешне, Расіі і Украіны. Значная частка засталася ў асабістых фондах, таму што нашы архітэктары ўдзельнічалі ва ўсесаюзных конкурсах, якія праводзіліся для праектаў збудаванняў у іншых дзяржавах. Напрыклад, у фондзе Іосіфа Лангбарда захоўваецца вялікі аб'ём яго конкурсных праектаў Санкт-Пецярбургскіх пабудоў. Ён жа ўдзельнічаў у конкурсе на стварэнне помніка Хрыстафору Калумбу ў Дамініканскай Рэспубліцы. Тут можна знайсці і дакументы па перспектыве цэнтральнай забудовы Кіева 1930—1940-х гадоў: частка з праектаў была ўхвалена, то-бок бачанне архітэктара Лангбарда знайшло рэальнае адлюстраванне на вуліцах украінскай сталіцы.
— Вы казалі, што разам з генеральным планам аднаўлення і развіцця Мінска існавалі праекты, што прадстаўлялі іншыя варыянты аблічча горада.
— Генеральны план быў адзіным, для дапамогі беларускім калегам тады прыехала вялікая група найзнакаміцейшых савецкіх архітэктараў — Аляксей Шчусеў, Мікалай Колі,
Уладзімір Сямёнаў. Але існавала шмат варыянтаў забудовы Цэнтральнай плошчы і Савецкай вуліцы. У нас захоўваецца каля дваццаці конкурсных праектаў розных аўтараў, і эскізы паказваюць, як усё гэта магло б выглядаць.
— Ваш архіў уключае ў сябе дакументы з 1748 года...
— Самыя раннія дакументы — план горада Люцына на сённяшняй тэрыторыі Латвіі, план горада Веліжа і план Дынабургскага фарштата. Гэтыя дакументы датычацца небеларускіх тэрыторый, але яны адзінкавыя, унікальныя. З цікавага яшчэ планы губернскага горада Мінска пачатку ХХ стагоддзя, гэта калі казаць ужо пра перыяд Расійскай Імперыі. Тут асаблівую цікавасць уяўляюць назвы вуліц горада. На жаль, асноўная маса дакументаў адносіцца да пасляваеннага часу, але ўсё яшчэ найбольш цікавыя з іх захоўваюцца ў асабістых фондах, напрыклад, у фондзе Барыса Кіта — тут і яго маладосць у Беларусі, і перыяд эміграцыі.
— А за кошт чаго архіў сёння папаўняецца?
— Ёсць спіс арганізацый, якія з'яўляюцца крыніцай камплектавання, — гэта праектныя і навукова-даследчыя інстытуты, канструктарскія арганізацыі, прамысловыя прадпрыемствы. Кожны год яны здаюць нам пэўную колькасць дакументацыі. Асобную групу складае кіраўніцкая дакументацыя, якая адлюстроўвае працэс жыццядзейнасці арганізацыі.
— У вас пазначана, што 2835 дакументаў з вашага архіва — асабліва каштоўныя. Што гэта за дакументы?
— Яны раскіданы па розных фондах, у тым ліку па асабістых, — гэта перапіска, фотаздымкі і найбольш каштоўныя праекты, напрыклад Галоўпаштамта альбо палаца Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі. Гадоў пяць таму, што цікава, мы атрымалі на захоўванне праект будынка Нацыянальнай бібліятэкі, хоць звычайна такія рэчы перадаюцца праз дваццаць пяць гадоў з моманту пабудовы. Увогуле статус дакументаў, наколькі яны могуць лічыцца асабліва каштоўнымі, вызначае спецыяльная экспертна-метадычная камісія.
— Атрымліваецца, ні адно сур'ёзнае даследаванне па архітэктуры краіны не можа абысціся без вашага архіва. Наколькі часта ім карыстаюцца з даследчыцкімі мэтамі?
— Пастаянна, прычым ідзе тэндэнцыя на павелічэнне. Апошнія пяць-шэсць гадоў вельмі актыўна сталі працаваць карыстальнікі з замежжа. На Захадзе зараз модна вывучаць усё, што датычыцца савецкага перыяду, у тым ліку архітэктуру. Да нас прыязджае шмат даследчыкаў з Францыі, Германіі, Вялікабрытанні, Чэхіі. Адзін, памятаю, займаўся вывучэннем дамоў урада ў розных постсавецкіх рэспубліках. Нехта цікавіўся тыпавым будаўніцтвам і яго асаблівасцямі.
— Як вядома, архівы не заўсёды захоўваюцца дастаткова старанна, а некаторыя знішчаюцца мэтанакіравана. Вы можаце растлумачыць, чаму архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі надзвычай важна захаваць і перадаць будучыні?
— Я растлумачу на прыкладзе. У Мінску вялікая колькасць тыпавых пабудоў, некаторыя з іх знаходзяцца ў аварыйным стане. Да нас прыязджаюць розныя арганізацыі з мэтай даследавання і рэстаўрацыі, а калі нешта не знаходзяць у нас (наш архіў у меншай ступені скіраваны на тыпавую архітэктуру), звяртаюцца да арганізацыі-распрацоўшчыка, дзе дакументы аказваюцца знішчанымі. Атрымліваецца, у горадзе, напрыклад, сорак тыпавых пабудоў у аварыйным стане, а дакументаў няма. З прыкладнога пункту гледжання значэнне нашых дакументаў вельмі вялікае, але гэта не ўсё — апроч іншага мы таксама захоўваем гістарычную памяць, а гэта вельмі вялікая спадчына.
Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/arhitektura
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[5] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[6] https://zviazda.by/be/tags/arhitektura
[7] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[8] https://zviazda.by/be/tags/arhiu