Апошнім часам колькасць навуковых работнікаў у свеце павялічылася на 20 працэнтаў. Іх цяпер прыкладна 8 мільёнаў — між іншым, гэта насельніцтва еўрапейскай дзяржавы сярэдніх памераў. Значная частка навуковых работнікаў сканцэнтравана ў краінах, якія перажываюць бурнае эканамічнае развіццё: напрыклад, кожны пяты навуковец — жыхар Паднябеснай... Пытанні падрыхтоўкі інтэлектуальнай эліты застаюцца актуальнымі для ўсіх краін. Пра тое, як выхоўваюць навуковую эліту ў Беларусі, нам расказаў рэктар Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Ігар ГАНЧАРОНАК.
— Неабходнасць павышэння інвестыцыйнай прыцягальнасці і канкурэнтаздольнасці сёння відавочная для ўсіх. 50 працэнтаў усіх аспірантаў рыхтуюцца не ў Еўропе, а ў ЗША, Кітаі і Аўстраліі. У Старым Свеце адчулі, што трэба штосьці змяняць, каб скараціць адставанне ў інавацыйным развіцці ад сваіх асноўных канкурэнтаў і, нягледзячы на функцыянаванне на тэрыторыі Еўропы ўніверсітэтаў са шматвяковай гісторыяй і традыцыямі, у 2008 годзе стварылі новую ўстанову адукацыі ўніверсітэцкага тыпу — Еўрапейскі інстытут інавацый і тэхналогій. Яго галоўная задача — рыхтаваць вучоных для еўрапейскага рэгіёна. Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў створаны ў Кітайскай акадэміі грамадскіх навук. Цікавы досвед у Карэйскага інстытута навукі і тэхналогій...
У 2001 годзе Беларусь — адна з першых на прасторах СНД — адкрыла ў структуры Нацыянальнай акадэміі навук навучальную ўстанову новага тыпу — Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў (ІПНК).
— А ў чым заключаецца ваша ўнікальнасць, бо інтэлектуальную эліту выхоўваюць і ў іншых установах вышэйшай адукацыі?
— Па-першае, у нас няма першай ступені. Бакалаўраў мы не рыхтуем. У Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў ёсць толькі магістратура, аспірантура і дактарантура. І мы адкрытыя абсалютна для ўсіх. Калі звычайна пры адборы ў магістратуру ўніверсітэты арыентуюцца галоўным чынам на сваіх выпускнікоў першай ступені і аддаюць перавагу ім, то паступіць у магістратуру да нас можа абсалютна кожны таленавіты і апантаны навукай малады чалавек з любой мясцовасці краіны. Найбольшы прыток магістрантаў адбываецца з БДУ, дзе вельмі моцна прадстаўлена фундаментальная навука: матэматыка, фізіка, хімія, біялогія... Але ў нас ёсць таксама магістранты з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, Віцебскага тэхналагічнаа ўніверсітэта, Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта і іншых. Гэта значыць, што калі малады чалавек скончыў рэгіянальную ВНУ, яму не закрыты шлях у вялікую навуку. Ад яго патрабуюцца толькі веды і моцнае жаданне. А наша задача — прыцягнуць таленты з усёй краіны.
Па-другое, мы сеткавы ўніверсітэт у поўным сэнсе гэтых слоў, таму што ў нас дзейнічае сеткавы механізм арганізацыі навучальнага працэсу. Мы ўпэўнены, што вучонага можа выхаваць толькі вучоны. Таму да падрыхтоўкі магістрантаў прыцягваюцца масцітыя вучоныя з Нацыянальнай акадэміі навук, якія сёння робяць навуку: акадэмікі, члены-карэспандэнты, вядучыя навуковыя супрацоўнікі арганізацый.
Магістранты адразу пагружаюцца ў акадэмічнае навуковае асяроддзе, дзе генерыруюцца і ствараюцца новыя веды і інавацыйныя прадукты. Нацыянальная акадэмія навук — не толькі галоўная навуковая арганізацыя ў краіне, а магутная навукова-вытворчая карпарацыя, дзе дзейнічае вельмі шмат навукова-практычных цэнтраў і інавацыйных вытворчасцяў. Фарміраванне будучых вучоных адбываецца не ў вучэбных аўдыторыях, а так бы мовіць, на перадавой акадэмічнай навукі — у лабараторыях акадэмічных інстытутаў і навукова-практычных цэнтраў, на эксперыментальных пляцоўках, археалагічных раскопках.
Па-трэцяе, нас вылучае і магчымасць хутка ствараць новыя адукацыйныя прадукты або новыя магістарскія праграмы. У 2019 годзе будзе аб'яўлены набор на новую спецыяльнасць "адытыўныя тэхналогіі" (3D-друк), яна ўжо ўключана ў Агульнадзяржаўны класіфікатар. Аўтарамі адукацыйнага стандарту з'яўляюцца акадэмікі і вучоныя БДУ. Такіх спецыялістаў больш нідзе ў нашай краіне не рыхтуюць, хоць патрэба ў іх ёсць. Плануем таксама адкрыць спецыяльнасці "электронная ахова здароўя" і "біяразнастайнасць і ўстойлівае развіццё". Ад разважанняў пра ўстойлівае развіццё трэба пераходзіць да канкрэтных крокаў: нам патрабуюцца спецыялісты, якія ведаюць, што трэба рабіць сёння, каб прыродных рэсурсаў хапіла і для наступных пакаленняў. Ну а як можна ўявіць сабе сучасную медыцыну, тэлемедыцыну без лічбавых тэхналогій? Мы запрасілі эксперта з Паўднёвай Карэі па электроннай ахове здароўя, усё рабілася па дамоўленасці з пасольствам гэтай краіны на самым высокім узроўні. Ён дапаможа нам у фарміраванні магістарскай адукацыйнай праграмы, і гэта будзе першая падобная праграма не толькі на тэрыторыі СНД, а, магчыма, і ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.
Яшчэ задумаліся над адкрыццём спецыяльнасці "лічбавая эканоміка і штучны інтэлект". Праяўляюць цікавасць да падрыхтоўкі такіх спецыялістаў шматлікія замежныя партнёры
— Ігар Іванавіч, сучасная навука — гэта камандная гульня. Сур'ёзныя задачы вырашаюць не адзіночкі, а мультыпрофільныя каманды спецыялістаў. І адкрыцці робяцца, як правіла, на стыку навук. Ці заахвочваеце вы міждысцыплінарныя даследаванні?
— Я назаву толькі некалькі тэм магістарскіх работ сёлетніх выпускнікоў: "Мадэль нейроннай сеткі для прагназавання стратэгіі паводзінаў", "Стварэнне біякампазітаў на аснове мезенхімальных ствалавых клетак з выкарыстаннем 3D-прынтынгу", "Прымяненне інфармацыйных і камп'ютарных тэхналогій для даследавання працэсаў атмасфернай дынамікі", "Распрацоўка методыкі высокаадчувальных спектральна-аналітычных метадаў даследавання мастацкіх матэрыялаў" і гэтак далей. Быць монаспецыялістам у навуцы ўжо немагчыма. Дарэчы, зімой у нас прайшоў бліскучы інтэлектуальны марафон "Садружнасць навук", падчас якога ўсе нашы магістранты маглі пераканацца ў важнасці супрацоўніцтва і развіцці сябе ў самых розных сферах навукі. Збіраемся гэты досвед паўтарыць...
— Ключавой для ўстанаўлення міжнародных стасункаў у навуковай сферы з'яўляецца англійская мова. А наколькі сур'ёзная ўвага ўдзяляецца гэтай дысцыпліне вашымі магістрантамі?
— Англійская мова патрабуецца не толькі для чытання прафесійнай літаратуры, але і для таго, каб прадстаўляць свае ідэі на міжнародных канферэнцыях, публікаваць вынікі даследаванняў у міжнародных навуковых часопісах. Вельмі важна, калі ты можаш пераканаць свайго партнёра на яго мове, а не чакаеш, як паветра, дапамогі ад перакладчыка: стасункі з калегамі павінны быць сам-насам. Зараз мы ўсе спецыяльнасці магістратуры пераводзім на англійскую мову. І лекцыі з наступнага года будзем чытаць на англійскай мове. Пасля таго, як набяром магістрантаў на першы год навучання, правядзём тэсціраванне, каб вызначыць узровень валодання імі англійскай мовай, і, у залежнасці ад гэтага, сфарміруем групы. Старшыня Прэзідыума НАН акадэмік Уладзімір Гусакоў адобрыў арганізацыю спецыяльных курсаў для магістрантаў па англійскай мове?каб з другога года навучання яны маглі ўжо належным чынам успрымаць лекцыі на англійскай. Робім гэта, у першую чаргу, для сваіх магістрантаў, хоць у ВНУ англамоўнае навучанне арыентавана пераважна на прыцягненне іншаземцаў. Мы знайшлі маладых вучоных, якія стажыраваліся за мяжой, тыя распрацавалі спецкурсы, якія і будуць чытацца нашым магістрантам.
Кагосьці можа зацікавіць наступная інфармацыя — Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў выдае часопіс "Магістарскі веснік". Гэта першае спецыялізаванае выданне ў краіне, прызначанае для публікацыі вынікаў даследчыцкай дзейнасці магістрантаў на рускай, беларускай і англійскай мовах, прычым публікавацца ў ім могуць і прадстаўнікі іншых ВНУ. Зборнік уяўляе інтарэс для шырокага кола чытачоў, уключаючы студэнтаў і аспірантаў розных спецыяльнасцяў, навуковых работнікаў і выкладчыкаў ВНУ.
— Вы згадалі Уладзіміра Гусакова. Старшыня Прэзідыума Акадэміі навук лічыць, што "вучоны — гэта эксклюзіўны тавар" і масавасць у навуцы не патрэбная. Ці падзяляеце вы яго думку?
— Абсалютна з ёй згодны. Ускараскацца на вяршыню можа не кожны. Толькі адзінкі могуць быць генератарамі ідэй, і ў навуку павінны прыходзіць асобы. Рыхтаваць эліту масава немагчыма, таму і наборы ў нас невялікія. Сёлета, напрыклад, мы збіраемся прыняць 120 чалавек на 9 спецыяльнасцяў: гэта "фізіка", "хімія", "біялогія", "сацыялогія", "прыкладная матэматыка і інфарматыка", "машынабудаванне і машыназнаўства", "мастацтвазнаўства", "эканоміка і кіраванне народнай гаспадаркай". У першую чаргу рыхтуем папаўненне для Нацыянальнай акадэміі навук. У гэтым годзе больш як 80 працэнтаў нашых магістрантаў былі размеркаваны менавіта ў структурныя падраздзяленні акадэміі: інстытуты, навукова-практычныя цэнтры і гэтак далей.
— Кажуць, што навуку робяць маладыя. Як вы лічыце, а якія фактары вызначаюць поспех?
— Можна сказаць трывіяльна — патрабуецца талент. Але яго наяўнасць яшчэ не гарантуе стапрацэнтнага поспеху. У навуцы вельмі важнае значэнне мае наяўнасць сур'ёзнай навуковай школы. Абавязкова павінен прысутнічаць інтарэс, трэба заразіцца вірусам навукі, бо калі табе не цікава займацца даследаваннямі, то нават ніякія замежныя паездкі і іншыя даброты не прывядуць да поспеху. Навукай трэба жыць паўсюдна (і дома, і ў водпуску, і на дачы). Проста прасядзець ад званка да званка тут не атрымаецца. Гэта напружаная штодзённая інтэлектуальная праца, якая патрабуе максімальнай канцэнтрацыі ўвагі і аднімае шмат часу. Навука не церпіць мітусні. Тут нельга разлічваць на імгненны эфект.
Насамрэч шмат адкрыццяў у сусветнай навуцы зроблена менавіта маладымі людзьмі. Я думаю, што ў маладых шчырае жаданне даследаваць, ствараць і адкрываць яшчэ "не сапсаванае" асяроддзем. А адсутнасць як жыццёвага, так і прафесійнага досведу, можа аказацца нават карыснай. Маладыя вучоныя не баяцца праяўляць ініцыятыву і рызыкаваць, але паступова гэта жаданне, на жаль, знікае. Ты спрабуеш пралічыць наперад усе магчымыя наступствы...
— А што б вы параілі маладым людзям, якія яшчэ вагаюцца, куды ім падацца: у навуку, на вытворчасць ці ў бізнес?
— Толькі навука стварае неабмежаваныя магчымасці для раскрыцця здольнасцяў і рэалізацыі сваіх ідэй. Калі ты жадаеш пражыць сваё жыццё вельмі ярка і насычана, то ідзі ў навуку. З іншага боку, навука фарміруе такія важныя якасці, якія дапамагаюць быць вельмі гібкім у жыцці. Ты ў любы момант можаш перакваліфікавацца і заняцца, напрыклад, бізнесам, а можаш спалучыць навуку і бізнес. Навука — такая цікавая сфера, дзе нават адмоўны вынік не лічыцца памылкай — ён заўсёды можа стаць падмуркам для чагосьці зусім новага. У вучоных у свеце тры галоўныя каштоўнасці — ісціна, прагрэсіўныя адкрыцці і адказнасць. Вучоны павінен быць адказным за тое, што ён робіць. Калі вы гатовы радзяліць гэтыя каштоўнасці, то мы вас чакаем...
Будзь у курсе!
Тэрміны прыёму ў магістратуру — з 27 чэрвеня да 5 ліпеня. Уступныя іспыты па спецыяльнасці — з 6 ліпеня да 12 ліпеня. Тэрміны залічэння (на бюджэтнае і платнае навучанне) — да 17 ліпеня.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/nan-belarusi
[5] https://zviazda.by/be/tags/instytut-padryhtouki-navukovyh-kadrau
[6] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-gusakou
[7] https://zviazda.by/be/tags/igar-gancharonak
[8] https://zviazda.by/be/tags/maladyya-navukoucy
[9] https://zviazda.by/be/tags/magistratura
[10] https://zviazda.by/be/tags/magistarski-vesnik