У пацярпелых у ДТЗ у Львоўскай вобласці беларусаў назіраецца пазітыўная дынаміка. Па інфармацыі МЗС Беларусі, адзін чалавек быў выпісаны, двое пераведзеныя з інтэнсіўнай тэрапіі.
Нагадаем, у аварыі пацярпелі дзевяць грамадзян Беларусі, адна жанчына памерла ў бальніцы. Астатнія ў прытомнасці, яны з траўмамі рознай ступені цяжкасці (чэрапна-мазгавыя траўмы, страсенні, пераломы, удары) былі шпіталізаваны ў лячэбныя ўстановы вобласці. Асобы пацярпелых устаноўлены. Беларускія дыпламаты ў кантакце з украінскім бокам вырашаюць далейшыя пытанні.
Пасля з'явілася больш падрабязная інфармацыя прэс-службы Міністэрства аховы здароўя Беларусі пра тое, што яго прадстаўнікі пастаянна кантактуюць з калегамі з дзвюх бальніц Львоўскай вобласці, куды былі шпіталізаваны пацярпелыя беларусы. Ад украінскіх калег пакуль не паступала просьбаў аб дапамозе, разам з тым пры неабходнасці нашы медыкі гатовыя яе аказаць. Пытанні, звязаныя з транспарціроўкай суайчыннікаў на радзіму, будуць вырашацца пазней. Памерлая беларуска — жыхарка Жабінкі.
Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося на ўчастку аўтамабільнай трасы Ковель — Жолква каля горада Вялікія Масты ў суботу. Як устанавілі праваахоўныя органы Украіны, 59-гадовы кіроўца «шкоды актавія» заснуў за рулём і выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з мікрааўтобусам «Фольксваген», якім кіраваў 35-гадовы кіроўца з Валынскай вобласці.
У сувязі з надыходам сезона адпачынкаў Міністэрства аховы здароўя нагадвае беларускім грамадзянам, якія выязджаюць за мяжу, што страхаванне — гэта гарантыя аказання ўсіх відаў медыцынскай дапамогі пры экстраннай сітуацыі ў любой краіне свету. Апроч таго, страхоўка прадугледжвае і медыцынскую транспарціроўку ў арганізацыі аховы здароўя нашай краіны.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni
[5] https://zviazda.by/be/tags/dtz