...Люблю чытаць гэту рубрыку. Люблю тых, хто любіць маю газету. Асабліва калі гэта — людзі высокага рангу. Спадара Марзалюка, напрыклад, за яго веды і пазіцыю, за яго заўсёдную беларускасць. Не дзіва, што ён выбірае... Але было б добра, каб «Звязду» выбіралі ўсе асобы такога ўзроўню, бо ёсць за што.
Я асабіста ў захапленні ад своечасовасці матэрыялаў, ад адсутнасці пустога пафасу: уся інфармацыя падаецца не назойліва, роўна, можна сказаць, у стылі нацыянальнай ментальнасці.
Карысная «Звязда» і ў практычным плане. Я да сёння карыстаюся падказкамі з «Хатняй энцыклапедыі», з «Саду і агароду» часоў спадара Чахоўскага. Бяру да ведама і парады з «Крынічкі». Ім можна давяраць. Кажу гэта як чалавек дасведчаны.
Мая ўвага — «Ігуменскаму тракту» [2], «Слоўніцы», «Сямейнай газеце» [3], «Неасабістаму суб'ектыву» [4], «Нефармату», «Зваротнай сувязі», «Мясцоваму самакіраванню» [5], само сабой — здымкам Анатоля Клешчука і хоць зрэдку — уласным у звяздоўскім «Надвор'і».
Падабаецца, што газета заўсёды ў дыялогу з маладымі. Уяўляю, як важна ім убачыць на старонках свае прозвішчы, нумар школы... Гэта, думаю, павышае самапавагу, уплывае на выбар прафесіі, на далейшае жыццё.
Няма, відаць, падпісчыкаў, якія не любілі б рубрыкі Валянціны Доўнар. Яны ствараюць настрой, і я ўяўляю, як добра было б выдаць чарговы «збор твораў» з «Простай мовы» [6] альбо першы з «...Народа на провадзе» [7].
Што яшчэ? Выпісваць і чытаць «Звязду» для мяне падзея, можна сказаць — рытуал. А вось у латарэі і сапраўды ніколі не шчасціла... Праўда, і карткі я дасылала рэдка... А мне зусім няважна, будзе той прыз ці не. Мне важна чытаць «Звязду», самую народную з газет, бо яна — на мове народа.
Я абрала яе гадоў 30 таму — раз і ўжо назаўсёды.
Соф'я КУСЯНКОВА,
в. Лучын, Рагачоўскі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] http://zviazda.by/be/inside/igumenski-trakt
[3] http://zviazda.by/be/inside/syameynaya-gazeta
[4] http://zviazda.by/be/blog/alena-lyaukovich
[5] http://zviazda.by/be/inside/myascovae-samakiravanne
[6] http://zviazda.by/be/prostaya-mova-0
[7] http://zviazda.by/be/vyasyolyya-gistoryi
[8] https://zviazda.by/be/ya-znou-vybirayu-zvyazdu