Суверэнітэт Беларусі - гэта людзі, якія штодзённа шчыра і сумленна выконваюць сваю работу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час уручэння дзяржаўных узнагарод.
"Уручэнне ўзнагарод напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята асабліва сімвалічна і знамянальна. Паколькі, гаворачы аб незалежнасці краіны, мы маем на ўвазе народ. Наш суверэнітэт - гэта людзі, якія штодзённа шчыра і сумленна выконваюць сваю работу: захоўваюць мір і парадак на роднай зямлі, застаючыся ўзорам мужнасці і вернасці службоваму абавязку; умацоўваючы эканамічную стабільнасць, працуюць на вытворчасцях, будоўлях, у навуковых лабараторыях, на фермах і палях; забяспечваюць сацыяльную падтрымку насельніцтва, працуючы ў сферах аховы здароўя, адукацыі, у грамадскіх арганізацыях; фарміруюць імідж краіны сваімі спартыўнымі перамогамі і дасягненнямі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, слава заўсёды знаходзіць таго, хто ў сваёй працы шчыра імкнецца прынесці карысць Айчыне, для каго ўзнагародай у першую чаргу з'яўляецца вынік яго дзейнасці. "Менавіта такія людзі, захопленыя справай, сапраўдныя прафесіяналы і патрыёты Радзімы, сабраліся ў гэтай зале. Вы і ёсць самая надзейная апора нашай дзяржавы. З'яўляючыся ўзорнымі спецыялістамі, робіце значна больш, чым расказваюць пра вас узнагародныя лісты. З'яўляецеся самым красамоўным прыкладам майстэрства і асабістага поспеху для ўсіх, хто знаходзіцца побач з вамі. А значыць, мяняеце жыццё да лепшага", - сказаў Прэзідэнт.
Ён падзякаваў удзельнікам цырымоніі за прафесіяналізм і актыўную грамадзянскую пазіцыю, пажадаў здароўя, шчасця і дабрабыту.
Ордэнаў, медалёў і ганаровых званняў удастоены прадстаўнікі розных сфер дзейнасці за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, смеласць і рашучасць, праяўленыя ў барацьбе са злачыннасцю, выключныя дасягненні ў сельскай гаспадарцы і будаўнічай галіне, значны асабісты ўклад у распрацоўку і мадэрнізацыю ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, развіццё энергетычнай сістэмы, лёгкай прамысловасці, сферы аховы здароўя, гандлю, навукі, культуры і спорту.
БЕЛТА [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] http://belta.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhaunyya-uznagarody