Новая карціна для малодшай аўдыторыі ад нацыянальнай кінастудыі
Для «Беларусьфільма» праца над дзіцячым кіно з’яўляецца вызначальнай. Як у савецкія часы, так і ва ўжо незалежнай краіне кінастудыя бярэ курс на малодшую аўдыторыю і называе гэта сваёй адметнасцю. Толькі за апошнія гады на рахунак «Беларусьфільма» дадаліся дзіцячыя карціны «Рыжык у Залюстроўі» і «Кіндэрвілейскі прывід» Алены Туравай, «Неверагоднае перамяшчэнне» Аляксандра Анісімава, «Цудоўны востраў, альбо Палескія рабінзоны» Сяргея Сычова, «Тум-пабі-дум» Вячаслава Нікіфарава. А не так даўно ў кінатэатрах быў паказаны новы дзіцячы прадукт «Правілы геймера», які змясціў у сабе прыгоды з артэфактамі, кладам Радзівілаў і злачыннай групоўкай. Мы паглядзелі і зразумелі, што пакуль увесь свет імкліва развіваецца, дзіцячае кіно нашай нацыянальнай кінастудыі — усё тое ж.
Вонкава «Правілы геймера» імкнуцца зачапіцца за сучаснасць: галоўныя героі — Дзімка, Юрка і Генка — захапляюцца камп’ютарнымі гульнямі і мараць аб удзеле ў турніры па кіберспорце. Гэта быццам павінна выклікаць асаблівыя сімпатыі сучасных дзяцей з падобнымі хобі, што выглядае даволі наіўным спосабам наблізіць экраннага персанажа да гледача. Аўтары з іх павярхоўным поглядам на сучасных дзяцей распаўсюдзілі геймерства на ўсю прастору фільма: дадалі ў назву, прыдумалі правілы геймера накшталт рыцарскіх, зрабілі з кіберспорту не хобі, а сур’ёзную высакародную справу. Карацей, узвялі ў нейкі абсалют, што павінна спадабацца дзецям, якіх бацькі ўвесь час папракаюць за завісанне ў анлайн-гульнях.
Цікава, што сучасныя тэхналогіі прыйшлі ў сучасны дзіцячы фільм кінастудыі, а новыя кінамова, устаноўкі, мэсэдж, які транслюецца праз сюжэт, — не. Гісторыя базуецца на класічным шаблоне пра пошук клада, зацікаўленасць у ім станоўчых і адмоўных герояў і мудрагелісты ключ да тайніка, які не кожны здолее адкрыць. Гэтым разам усё закруцілася вакол радзівілаўскіх скарбніц: геймеры выпадкова знайшлі каштоўны медальён і адну з першых у свеце лічыльных машын, якія з’яўляюцца неабходнымі элементамі для пошуку тайніка Радзівілаў. Дзеянне адбываецца ў Нясвіжы, дзе амаль кожная пабудова знакамітага замкавага комплексу трапляе ў сетку невыпадкова расстаўленых збудаванняў. Для таго каб знайсці клад, героям давядзецца адказаць на загадкі, нырнуць пад ваду і адшукаць патаемны ход, да якога даследчыкі мясцовага музея і жулікі не маглі дайсці колькі гадоў. Нарэшце, з дапамогай знойдзенай лічыльнай машыны ўдалося прайсці праз лабірынт і аказацца перад дзіўным тайніком.
Кінастудыя такім чынам узялася за звычайную прыгодніцка-дэтэктыўную гісторыю, толькі адаптавала яе пад дзіцячае кіно, зрабіла галоўнымі героямі школьнікаў з жанравымі якасцямі накшталт вынаходлівасці і разумнасці, перанесла месца дзеяння ў Нясвіж і прыцягнула да гісторыі Радзівілаў. Мінулае з загадкавасцю знакамітага роду і неабмежаванасцю тэорый, якія мы можам звязаць з гістарычнай спадчынай, сышлося з сучаснасцю з яе адсылкай да геймерства і IT. І ўсё аказалася недзе пасярэдзіне, у савецкай практыцы, дзе дзіцячыя сюжэты ў максімальна даступнай манеры транслююць патрэбныя ўстаноўкі: дапамагаць бацькам, добра вучыцца, чытаць кніжкі, быць надзейным сябрам, імкнуцца да лепшага. Цікава таксама, што загадкавасць, старажытнасць і мудрагелістасць тайніка з лабірынтам, медальёнам, немагчымасцю памыліцца пры адкрыцці абарочваюцца звычайнам сейфам з грашыма, што таксама адсылае да нейкага «прамежку» паміж мінулым і сучаснасцю.
Як сюжэт шаблонны, так і героі, у тым ліку тры хлопцы і дачка даследчыка з музея Даша, прадстаўляюць сабой тыпажы. Лідар з матэматычнымі здольнасцямі, «слабое звяно» з камічнай любоўю да ежы, свавольны кіраўнік зламыснікаў з крыху «крэйзі» ідэямі, здрадніца, а насамрэч шпіён (у дачыненні да якой мы памыляемся да фіналу), высакародны даследчык з музея, які мае асабісты інтарэс у вывучэнні лабірынта, — і ў цэлым канкрэтнае раздзяленне на станоўчых і адмоўных герояў робяць свой унёсак у традыцыйнасць і няновасць «Правілаў геймера».
Такімі ж прапісанымі застаюцца матывы розных лагераў. Карыслівыя матывы дзяцей замяняюцца жаданнем дапамагчы і справай гонару ў той час, як групоўка зламыснікаў шукае клад, каб прадаць яго за мяжу. Такое прыхаванае, але дакладнае акрэсліванне найбольшага для нашай краіны злачынства — экспарту беларускага багацця чужынцам.
У цэлым жа, калі не быць патрабавальным да надзвычай простага сцэнарыя, пабудаванага на шаблонах і пэўных відавочных рашэннях (геймерства, Нясвіж і клад Радзівілаў), трэба прызнаць, што «Правілы геймера» сталі адным з самых «роўных» фільмаў Нацыянальнай кінастудыі апошняга часу. Нягледзячы на некаторыя нестыкоўкі і адсутнасць матывацыі (што зноў жа з’яўляецца недахопам сцэнарыя), у кіназале не даводзіцца сумаваць і закатваць вочы ад наіўнасці сцэн і неадпаведнасці жаданняў аўтараў іх магчымасцям. Рэжысёр Ігар Чацверыкоў, відаць, паставіўся да здымкаў як да адказнага задання і са сваёй працай справіўся як рамеснік. Магчыма, тэмпарытм фільма не заўсёды дапамагае стварыць неабходную эмоцыю, але шлях да кладу для гледача праходзіць лёгка і цікава.
У той час як «Правілы геймера» могуць зацікавіць маленькага гледача на адзін раз, для кінастудыі час задумацца, ці зробяць ёй славу нават такія роўна-прафесійныя карціны, калі яны ўсё яшчэ захоўваюць у сабе коды даўно мінулых дзён. І ці трэба вучыць нашых дзяцей слухацца маці, калі найлепшае сучаснае кіно свету распавядае сёння малодшай аўдыторыі пра Халакост і дарослы выбар?..
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/tags/kino