zviazda.by
Published on zviazda.by (http://zviazda.by)

Хатняя старонка > Юрый Гроераў: Аўтарскае «я» — толькі частка вялікай каманды

  • 29.06.2018 00:28
  • Аўтар: Вікторыя Целяшук [1]
  • Калейдаскоп [2], Тэлетыдзень [3]

Гледачы «са стажам» помняць Юрыя Гроерава яшчэ па выпусках «Панарамы», куды вядучы трапіў з Магілёўскай абласной ТРК. Потым была праца ў тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы, а з канца мінулага года Гроераў вядзе на АНТ інфармацыйна-аналітычную праграму «Контуры». Акрамя таго, ужо больш як дзесяць гадоў менавіта яго голасам гучыць вайсковы парад у Дзень Незалежнасці — не выключэннем стане і цяперашні.


— Крыху больш як паўгода вы ў камандзе «Контураў». Ці складана было прыйсці ва ўжо дзейны рэйтынгавы праект і падладзіцца пад існуючы фармат?

— Адназначна не адкажаш. З аднаго боку, было проста, бо хапае асабістага вопыту вядзення разнастайных праграм, у тым ліку і падобнага кірунку. Да таго ж і ў праекце, і наогул у інфармацыйнай дырэкцыі АНТ насамрэч падабралася выдатная прафесійная каманда, з якой мне вельмі камфортна працаваць. Што да складанасцяў… Мабыць, яны ў тым, што ў сферы тэлебачання вельмі цяжка вынайсці нешта новае: усё ўжо было калісьці, усе тэмы так ці інакш паўтараюцца. Але тым цікавей пастарацца знайсці новы падыход, іншы ракурс.

Контурная лінія

— «Контуры» грунтуюцца на аўтарскіх сюжэтах пра самыя яркія падзеі тыдня. Ці плануецца нешта змяняць у праграме, дадаваць больш суб'ектывізму ці, наадварот, «чыстай» інфармацыі?

— Насамрэч штосьці змяняецца ў кожным выпуску: мы стараемся праяўляць фантазію ў формах падачы інфармацыі. І, на мой погляд, сапраўды атрымліваецца штораз знаходзіць які-небудзь нечаканы элемент, які аздабляе сюжэт і робіць праграму больш яркай, запамінальнай.

— Вам бліжэй падкрэслена аўтарская, суб'ектыўная падача матэрыялу альбо «сечаны», дакладны інфармацыйны стыль?

— Тут ведаеце, якая штука… Кожны тэкст, які чытае кожны вядучы, нават з тых, каго называюць «гаваркая галава», усё адно прапускаецца праз сябе, і ў ім прысутнічае элемент суб'ектыўнага погляду. Але аўтарскае «я» — усяго адна са шматлікіх частак вялікай каманды. Калі нехта скажа, маўляў, я раблю праграму — гэты чалавек, мякка кажучы, хітруе, а часцей хлусіць. Тэлебачанне — такі калектыўны від мастацтва, дзе адзін чалавек не можа зрабіць нічога. Вядучы, якога гледачы бачаць у кадры, — толькі вяршыня айсберга з неабсяжнай падводнай часткай. І вынік іншым разам залежыць ад такіх дробязяў, што цяжка ўявіць. Часам важна нават тое, каб прыбіральшчыца правільна памыла падлогу, не кажучы ўжо пра тое, каб аператар зняў прыгожа, а грымёр стварыў прывабны выгляд. Таму, канешне, аўтарскі погляд на ўзнятыя тэмы ў мяне ёсць, але перацягваць коўдру на сябе — ніколі гэтага не рабіў і не збіраюся, бо, паўтаруся, годны вынік атрымаецца толькі тады, калі ўсе ўдзельнікі каманды спрацуюць добра.

— Ваш прафесійны вопыт ахоплівае некалькі тэлерадыёкампаній, але прытым вы ўвесь час працуеце ў грамадска-палітычных праграмах. Гэта таму, што блізкая тэма?

— Гэта таму, што мне цікавае жыццё ва ўсіх яго праявах і навакольныя людзі. І я ўдзячны праграме «Контуры», дзякуючы якой маю магчымасць калі не штодня, то штотыднёва кантактаваць з вельмі цікавымі людзьмі, прафесіяналамі з розных сфер, увесь час даведвацца штосьці новае і ўзбагачаць свой жыццёвы досвед. Дасць бог, мне яшчэ доўга будзе ўсё гэта цікава.

Парадны разлік

— Вас ужо амаль афіцыйна прадстаўляюць як «голас парада». Памятаеце, калі ўпершыню давялося каментаваць ваенны парад і ўрачыстае шэсце на Дзень Незалежнасці?

— У 2004 годзе. Гэта, дарэчы, якраз быў першы парад, які праходзіў не на праспекце Францыска Скарыны (цяперашнім праспекце Незалежнасці), а каля стэлы «Мінск — горад-герой». З таго часу даводзілася працаваць і аднаму, і ў пары з сувядучымі — апошнім часам найчасцей з Вікторыяй Сянкевіч, за што ёй вялікі дзякуй.

— У тандэме працаваць зручней?

— Натуральна, бо пры вонкавай прастаце каментавання не такая ўжо гэта простая справа. Калі ваенная частка парада доўжыцца каля гадзіны, а ўвесь гэты час твае галасавыя звязкі не маюць часу на адпачынак, то пры наяўнасці партнёра можна дазволіць сабе хоць бы выключыць на хвілінку мікрафон і проста адкашляцца, прачысціць горла. З Вікторыяй у нас існуе ўмоўны падзел: ваенную частку каментую я, больш «лірычнае» святочнае шэсце — пераважна яна.

— Голас парада — місія пачэсная, але і адказная. Як, уласна, беражаце голас?

— Шчыра скажу, нічога звышасаблівага не раблю. Напэўна, дзякуй маме, тату і прыродзе за вынослівыя звязкі. Хоць, канешне, з вялікай удзячнасцю і цеплынёй згадваю і свайго настаўніка Алега Васілевіча Хлыстова — гэта адзіны ў Магілёўскай вобласці дыктар найвышэйшай, усесаюзнай катэгорыі, які вельмі шмат мне расказаў і паказаў, як правільна карыстацца голасам як працоўным інструментам, каб умець у час напружвацца і расслабляцца. А ў астатнім — напрыклад, не ўжываю газіроўкі, пазбягаю перад працай ежы, якая раздражняе звязкі. У прынцыпе, выконваю тыя самыя рэкамендацыі, што і вакалісты, прамоўцы і ўсе іншыя, для каго голас — частка прафесіі.

— Словам, калі запытаюся, ці здараліся ў вас казусы з голасам у самы адказны момант, адкажаце адмоўна?

— З голасам, цьфу-цьфу, нічога не здаралася. Максімум прастуджваўся, але нават у такім стане я ведаю, што рабіць, каб у трансляцыі ўсё гучала як след.

— А наогул форс-мажоры «за кадрам» парада былі?

— Напэўна, самы сур'ёзны з іх ледзьве не здарыўся, калі парад упершыню праводзілі вечарам. Мы з сувядучай якраз пад'язджалі да месца, але ніхто не чакаў, што будзе такое неабсяжнае людское мора: папросту не атрымлівалася прайсці праз натоўп да перасоўнай тэлестанцыі, каб пачаць працу. Ведаеце, гэта такое адчуванне — як мора калышацца, так і мы ў ім, бы на хвалях, прыціскаючы да сябе тэксты, ледзь-ледзь можам зрабіць крок наперад. Нейкім цудам удалося ўсё ж праціснуцца да ачаплення, у якім стаялі курсанты. Пакуль знайшлі старшага, растлумачылі, у чым справа, з горам папалам літаральна за 10 хвілін да пачатку трансляцыі дабраліся да сваёй каментатарскай пазіцыі — пасівелі, мабыць, усе, хто чакаў нас у перасоўных тэлестанцыях, бо вядучыя зніклі дзесьці ў шматтысячным натоўпе, а датэлефанавацца да нас ніхто не мог, сувязь не «лавілася» наогул… Цяпер згадваць гэта забаўна, але ў той момант перахваляваліся мы істотна.

Што да самога парада, у ім столькі разоў рэпеціруюцца і падганяюцца ўсе элементы, так што непрыемных сюрпрызаў тут не бывае — дзякаваць богу, танкі ў нас пасярод праспекта не глухнуць (у 2015‑м на Краснай плошчы ў Маскве падчас генеральнай рэпетыцыі парада заглух танк «Армата». — Аўт.). Хіба што, бывае, крыху раней часу прылятае авіяцыя альбо, наадварот, затрымліваецца, і тады трэба запоўніць паўзу ў трансляцыі.

— Нярэдка даводзіцца чуць, што парад — перажытак савецкага часу і, маўляў, навошта рабіць кожны год адно і тое ж…

— Парад сам па сабе — мерапрыемства класічнае і даволі кансерватыўнае. І гэта датычыцца не толькі нашай краіны. Узяць, напрыклад, Расійскую Федэрацыю альбо Францыю ці Вялікабрытанію, дзе парад адбываецца ў дзень нараджэння каралевы: у кожнай з гэтых краін ёсць пэўныя традыцыі, якія не змяняюцца дзесяцігоддзямі. Так, у сучасным свеце ўжо даўно не выкарыстоўваюць для ваенных дзеянняў коней, але ў той жа Францыі і Англіі ўсе з задавальненнем назіраюць, як велічна ў парадзе ідзе конніца і як эфектна выглядаюь знакамітыя футравыя шапкі брытанскай каралеўскай гвардыі. У Беларусі, магчыма, няма такіх глыбокіх ваенных традыцый, бо сама наша дзяржава вельмі маладая.

Затое мы з вамі — сведкі таго, як гэтыя традыцыі нараджаюцца, усталёўваюцца ў грамадскай свядомасці. І мне асабіста вельмі цікава, якім будзе парад у Мінску праз 50 гадоў. Хацелася б, магчыма, каб у гэтым прыгожым святочным мерапрыемстве прысутнічала не толькі савецкая гісторыя, але і пэўныя нацыянальныя адметнасці, той каларыт, які адразу вылучаў бы беларускі парад сярод усіх іншых. Упэўнены, што так і будзе з цягам часу. Усё ж, як гаварыў адзін вялікі брытанскі адмірал, трэба тры гады, каб збудаваць карабель, і 300 гадоў, каб утварыць на флоце традыцыю.

План на заўтра

— Лета — традыцыйна адпускны сезон. У вас якія планы?

— Гэтым летам «Контуры» ў адпачынак не ідуць, адпаведна, і я таксама. А ўжо восенню хачу паспрабаваць паўтарыць адзін маршрут — неяк даўно мы з прыяцелем даехалі на машыне да Сардзініі, і гэта быў насамрэч незабыўны вопыт. Не, я не супраць турэцкага all іnclusіve, гэты фармат цудоўна падыходзіць сем'ям, калі трэба даць адпачыць і дзецям, і бацькам. Аднак для самастойнага адпачынку выбіраю менавіта такі, па-за межамі раскручаных турыстычных месцаў. Калі хочаце не ўбачыць прыгожую глянцавую паштоўку, а зразумець, чым насамрэч жыве тая ці іншая краіна — збочвайце з аўтабана, заязджайце ў глыбінку і ідзіце туды, куды ідуць мясцовыя жыхары.

— А чаму менавіта Сардзінія, чым прывабіў гэты рэгіён?

— Па-першае, там жыве мой добры сябар — ганаровы консул Беларусі ў Кальяры Джузэпэ Карбоні. Мы адразу, калі толькі пазнаёміліся некалькі гадоў таму, адчулі вялікую прыязнасць і з таго часу падтрымліваем цёплыя стасункі. Дарэчы, мала хто гаворыць пра гэта, але аўтаномны рэгіён Сардзінія — на сёння адзіны ў Еўропе, дзе прыняты і дзейнічае закон аб супрацоўніцтве з Беларуссю! Па-другое, каб закахацца ў Сардзінію, дастаткова пабываць там і пазнаёміцца бліжэй з мясцовымі. Заходзіш у краму ўпершыню — з табой проста вітаюцца, другі раз — прымаюць як сябра, распытваюць, як справы, а на трэці — усё, лічышся родным і блізкім чалавекам. Ну і, відавочна, поўдзень Італіі — гэта ўнікальная прырода, казачныя краявіды і крыштальна чыстае мора, прычым за чысцінёй мора і паветра на Сардзініі пільна сочаць і робяць усё, каб зберагчы свае прыродныя багацці… Словам, расказаў вам пра гэта і адчуў, як мяне зноў цягне ў гэтыя мясціны.

— Тады плённага вам працоўнага лета, а ўвосень няхай усё атрымаецца!

Даведка «Звязды»

Стваральнікі «Контураў» вызначаюць жанр праграмы як «інфармацыйны арт», у якім арганічна спалучаюцца аператыўныя рэпартажы з падкрэсленай аўтарскай пазіцыяй і смелыя рэжысёрскія рашэнні. Журналісты службы навін АНТ малююць агульную інфармацыйную карціну мінулага тыдня, а госці праграмы ў студыі больш падрабязна каментуюць адну з тэм, якія прагучалі ў выпуску.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота тэлеканала АНТ і з асабістага архіва вядучага

Тэгі:
  • тэлетыдзень [4]
Падзяліцца:
  • [5]
  • [6]
  • [7]
  • [8]
Нашы партнёры:
Publishing House Star
Падпіска
© 1998—2019 Усе правы належаць рэдакцыі РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”.
Пры выкарыстанні публікацый сайта актыўная гіперспасылка на крыніцу і аўтара абавязкова.
  • Газета "Звязда"
  • Рэклама
  • Праекты
  • Архіў
  • Палітыка
  • Эканоміка
  • Грамадства
  • У свеце
  • Культура
  • Калейдаскоп
  • Спорт
  • Нашы выданні
  • Кнігі
Яндекс.Метрика (function (d, w, c) { (w[c] = w[c] || []).push(function() { try { w.yaCounter37842935 = new Ya.Metrika({ id:37842935, clickmap:true, trackLinks:true, accurateTrackBounce:true, webvisor:true }); } catch(e) { } }); var n = d.getElementsByTagName("script")[0], s = d.createElement("script"), f = function () { n.parentNode.insertBefore(s, n); }; s.type = "text/javascript"; s.async = true; s.src = "https://mc.yandex.ru/metrika/watch.js"; if (w.opera == "[object Opera]") { d.addEventListener("DOMContentLoaded", f, false); } else { f(); } })(document, window, "yandex_metrika_callbacks");
Создание информационного сайта Создание сайта webxayc.by

Спасылкі
[1] http://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] http://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] http://zviazda.by/be/teletydzen
[4] http://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[5] http://twitter.com/share?url=http://zviazda.by/be/news/20180628/1530192515-yuryy-groerau-autarskae-ya-tolki-chastka-vyalikay-kamandy&text=Юрый Гроераў: Аўтарскае «я» — толькі частка вялікай каманды
[6] http://vkontakte.ru/share.php?url=http://zviazda.by/be/news/20180628/1530192515-yuryy-groerau-autarskae-ya-tolki-chastka-vyalikay-kamandy
[7] http://www.facebook.com/sharer.php?u=http://zviazda.by/be/news/20180628/1530192515-yuryy-groerau-autarskae-ya-tolki-chastka-vyalikay-kamandy&t=Юрый Гроераў: Аўтарскае «я» — толькі частка вялікай каманды&src=sp
[8] https://plusone.google.com/_/+1/confirm?hl=ru&url=http://zviazda.by/be/news/20180628/1530192515-yuryy-groerau-autarskae-ya-tolki-chastka-vyalikay-kamandy