Летась хоцімскія дэпутаты вырашылі заняцца маніторынгам тутэйшых аграгаспадарак. І зусім не дзеля таго, каб кагосьці вывесці на чыстую ваду і пакараць. Сэнс у іншым. Такім чынам тут спрабуюць талакой вырашаць пытанні, якія не пад сілу аднаму калгасу. І добрыя вынікі ёсць. Напрыклад, як паведамілі работнікі аграгаспадаркі «Батаева», няма больш затрымак з выплатай заработнай платы.
Няма кармоў — няма заробку
Старшыня Хоцімскага райсавета дэпутатаў Яўген Нікалаенка якраз шэфствуе над ААТ «Батаева». Цэнтральная сядзіба гаспадаркі знаходзіцца ў аграгарадку Бяседавічы. Тут спецыялізуюцца на вытворчасці малака, вырошчванні збожжавых і зернебабовых. На тэрыторыі таварыства знаходзіцца восем жывёлагадоўчых аб'ектаў, тры з якіх — малочнатаварныя фермы. У гаспадарцы працуе ў сярэднім 135 чалавек. Пра тое, наколькі тут складаныя абставіны, сведчыць той факт, што таварыства знаходзіцца ў стадыі банкруцтва.
— З кармамі праблема, фуражу летась было недастаткова, — уздыхае заатэхнік Людміла Папырка. — У ход ідзе падкормка, сена новага ўраджаю. Сродкаў у гаспадаркі не хапае, усё дарагое. На літр саляркі трэба некалькі літраў малака прадаць. Адкуль грошам узяцца?
Дэпутацкая дапамога, кажа жанчына, адчуваецца. З той жа зарплатай, напрыклад. Затрымкі з ёй няма. А яшчэ старшыня райсавета паклапаціўся, каб была арганізаваная дапамога з будаўніцтвам сіласнай ямы.
— Вельмі своечасовая дапамога, — адзначае выканаўчы дырэктар гаспадаркі Самвел Джавукцян. — Будаўніцтва сянажнай траншэі для захоўвання кармоў ідзе на месцы былой фермы. Дапамагаюць хоцімскія арганізацыі. А наша задача — нарыхтаваць кармы.
— Кадраў на сяле больш не становіцца, — дадае Яўген Нікалаенка. — Раней сваіх людзей у гаспадарцы хапала, а зараз калгаснікі не паспяваюць усё самі рабіць. Але ўдзельнічаем мы толькі ў другарадных справах. Даіць малако або нарыхтоўваць кармы — гэтым павінны займацца спецыялісты. А вось падрыхтаваць ферму да зімы, пабудаваць сянажную яму можа любы чалавек. Калі адцягваць на гэта спецыялістаў, мы страцім самае галоўнае — малако і кармы. А без малака не будзе і заработнай платы.
Талакой прасцей
Пляцоўка для будаўніцтва сянажнай траншэі ўжо гатовая. Каб танней было, яе ствараюць на месцы старога кароўніка. Падмурак і сцены ўжо ёсць. Кармы — канюшына і кукуруза — у крокавай даступнасці. Сянажная траншэя дапаможа захаваць якасць кармоў, што, у сваю чаргу, паўплывае на якасць малака, яго аб'ём, на здароўе жывёлы. У разборцы старой пабудовы, дарэчы, прымалі ўдзел леснікі, супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Хоцімскага райвыканкама, гарпаліва, ратавальнікі, дарожныя будаўнікі ДРБУ-216. Калі прывязуць грунт і пліты, каб зрабіць дах, работы працягнуцца.
— Да верасня тут павінна быць усё гатова, — кажа выканаўчы дырэктар. — Бурты сёння нельга рабіць на палях, усё павінна быць пад дахам.
На ўборцы кармоў працуе аб'яднаная тэхніка дзвюх гаспадарак — «Ліпаўкі» і «Батаева». «Ліпаўка», дарэчы, таксама банкрут.
— У нас сфарміраваны атрад, каб больш аператыўна прыбіраць кармы, больш якасна і ў тэрміны класці сянажныя ямы,— кажа антыкрызісны кіраўнік ААТ «Ліпаўка» Мікалай Кокатаў, таксама дэпутат сельскага Савета. — Заканчваем у «Батаеве», ідзём у «Ліпаўку», і наадварот. Так па чарзе рыхтуем кармы. Як дэпутату, мне важна, каб у людзей была і работа, і зарплата.
Падставілі плячо
Можна прывесці шмат прыкладаў, як хоцімскія дэпутаты дапамагаюць сельскім гаспадаркам. Дырэктар ПМК № 276 Міхаіл Кошкін, напрыклад, летась падтрымаў падшэфную гаспадарку з рамонтам памяшканняў сельскагаспадарчага значэння. Сіламі гэтага прадпрыемства была забетанавана падлога ў адным з хлявоў. У ПМК для такіх работ ёсць спецыяльныя брыгада і тэхніка.
Дырэктар «Жылкамунгаса» Сяргей Віннікаў, таксама дэпутат, падтрымлівае ААТ «Кастрычнік-Бярозкі», выдзяляе тэхніку для адвозкі кармоў. «Тэлефаную, езджу глядзець, як ідуць справы на сянажнай яме, як працуе тэхніка», — кажа ён .
Быў выпадак, калі на МТФ гаспадаркі выйшаў са строю кацёл, які ацяпляў даільную залу. Зваршчык «Жылкамунгаса» аператыўна наладзіў абсталяванне, працаваў да самай ночы.
Настрой — гэта важна
Да Расіі ад Хоцімска бліжэй, чым да Магілёва. Моладзь, калі не знаходзіць работу дома, з'язджае да суседзяў. Але цесная работа выканаўчай і прадстаўнічай улады па рэанімацыі сваёй раённай эканомікі ўжо дае плады.
— За сельгасарганізацыямі замацаваны і дэпутаты, і члены выканкама, і прафсаюзы. Але наша задача не ўмешвацца ў работу кіраўніка гаспадаркі, не ўказваць яму, калі сеяць, калі ўбіраць. Там ёсць спецыялісты, якія гэта ведаюць лепш за нас, — кажа старшыня Хоцімскага райвыканкама Дзмітрый Рубан. — Наша задача, каб дэпутаты і спецыялісты, замацаваныя за гаспадаркамі, жылі праблемамі людзей, якія там працуюць. Часам дастаткова пагутарыць з калектывам, каб стабілізаваць абстаноўку. Настрой людзей — гэта вельмі важна.
Кіраўнікі гаспадарак могуць арганізаваць работу на сваіх тэрыторыях самастойна, але ёсць моманты, дзе ім падстаўляюць плячо. Хоцімшчына — сельскагаспадарчы раён, таму тут перш за ўсё звяртаюць увагу на сельскую гаспадарку. Кіраўнікі, калектывы разумеюць, што, калі з сельскай гаспадаркай будзе ўсё добра, то будуць і рабочыя месцы, а будуць рабочыя месцы — будзе развівацца і сацыяльная сфера.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/hocimsk