Ад імя аднагодкаў і ўсім юным скептыкам скажу: нягледзячы на тое, што інтэрнэту ў наш час не было, жылі мы і ў вус не дзьмулі, ва ўсякім разе не сумавалі. «Файлы» былі жывымі. Замест «Выйду ў інтэрнэт» чалавек казаў: «Схаджу на сяло» (альбо ў горад, на вуліцу...), а ўжо там — як у вядомай песні: «дзеўкі гуляюць і мне весяло»...
Асаблівай папулярнасцю (і тады) карысталіся «фэйкавыя навіны», гэта значыць, чуткі, байкі, плёткі... Іншым разам яны за хвіліны ўсю акругу аблётвалі! І нават вярталіся, хоць «аўтар» іх мог не пазнаць: ведама — адна баба сказала, другая недачула, а трэцяя прыдумала...
Дарэчы, на вось гэту апошнюю, ніхто, можна сказаць, не крыўдзіўся — ніхто не шукаў «прыкалістку» ці «прыкаліста», якія часам знарок «укідвалі ў соцыум» нешта «смажанае».
І тады заставалася адно — пачакаць, пакуль кіно (прычым бясплатнае) выйдзе на «экран». Ну вось мяркуйце самі.
Справа была ў 70-я гады мінулага стагоддзя, у той час, калі нават з прасаў — не кажучы ўжо пра магнітафоны, радыё ды тэлевізары — пелі-заліваліся «Песняры», «Бітлы» ды Уладзімір Высоцкі. З імі людзі насіліся, як з велікодным яйкам: даставалі (гэта значыць, куплялі, адстаяўшы ў чарзе ці па вялікім блаце) пласцінкі, слухалі-спявалі песні, словы іх перапісвалі ў адмысловыя сшыткі... Трапіць на канцэрт — нават не марылі. А тут...
Карацей, па сяле пранеслася чутка, што ў адной з не вельмі далёкіх вёсак спраўляюць вяселле, дзеўка замуж ідзе... За каго? Ды фантастыка — за некага з «Песняроў»! Таму ансамбль у поўным складзе прыедзе на вяселле, будзе віншаваць маладых. «Гастролі» гэтыя — само сабой — нідзе не афішуюцца, але канцэрт будзе!
Чутка пра гэта (без інтэрнэту і мабільнікаў) ускалыхнула ўсю акругу, увесь раён (можа, нават пару суседніх). Яна ж памяняла ўсе планы, бо людзям — проста кроў з носа — трэба было ўбачыць ды «жыўцом» пачуць любімых артыстаў!..
Ну і рванулі — хто на чым мог: на машынах, трактарах, матацыклах, конна і на падводах... Па цемрані, па бездарожжы, з салодкім прадчуваннем, што вось зараз прыедзем...
Вяселле ў той вёсцы і праўда спраўлялі. Мясцовы гарманіст ва ўсю Іванаўскую «рэзаў» полечку, «Лявоніху», вальсок, то (калі хацеў пакурыць) ставіў любімую ўсімі пласцінку: песняроўскі Ясь, у прыватнасці, «касіў канюшыну» ўжо разоў з пяць. І ўсё роўна людзям мала было, з вуліцы неслася:
— Пра Станіславу давай! Яшчэ раз!
Вясельнікі глянулі ў акно, і многія ўміг працверазелі: пад нарастаючы гул матораў і з усіх бакоў да іх «спаўзаліся» легкавушкі, самазвалы, матацыклы, трактары...
— Ура «Песнярам!», дзякуй, што прыехалі, мы вас любім! — неслася з халоднай цішы. — Мулявін, браце, Яся давай!
Гарманіст на ўсякі выпадак зноў паставіў пласцінку, але «нумар», што называецца, не прайшоў:
— Далоў «фанеру»! — патрабавала вуліца. — Давайце самі... Выйдзіце...
Маладая з маладым (бо хто ж яшчэ?) сабраліся на ганак. Прыезджыя тут жа кінуліся насустрач — да жаніха (ну які з «Песняроў»), аднак яго сцяной абступілі зухаватыя і п'янаватыя сябры.
Што насцярожыла «гасцей» — сярод іх не было нікога нават злёгку падобнага да Мулявіна, да іншых артыстаў з пласцінак.
— Дык хто тут жэніцца? — сталі высвятляць «госці». — Дзе «Песняры»?
— Мабыць, на гастролях.
— Без жаніха?.. Ён хто там?
— Ён — Косцік Аўдзееў. У яго мянушка такая — Пясняр. Вусы бачылі?..
Разабраўшыся, што да чаго, усе паляглі ад смеху.
Потым, хто мог і каму перапала, выпілі за маладых, разам паспявалі пра Ясеву канюшыну ды разышліся.
...А вы кажаце, без інтэрнэту сумна было.
Больш так не кажыце.
Іван Гаральчук, г. Мінск
Мой знаёмец Лёня — апантаны натураліст. Ён можа днямі блукаць па лузе і лесе, назіраць за ўсім, што расце, што лётае, поўзае, ходзіць... Прычым не проста...
Аднойчы на вузкай сцежцы ён наткнуўся на ледзь жывую казулю, якая трапіла ў пастку. «Во свалата! — падумаў пра браканьераў. — Мала вам проста паляваць, калі ўжо так хочацца, дык яшчэ і пастак трэба наставіць!»
Нахіліўся ён да беднай жывёліны, дакрануўся да параненай нагі — убачыў, што без перавязкі тут не абыдзешся. Кінуўся званіць суседу:
— У цябе ж аптэчка ў машыне ёсць? — спытаў у Адама. — Тады тэрмінова за руль і едзь у лес.
— А што зрабілася? — занепакоіўся чалавек.
— Сам убачыш, — паабяцаў Лёня і назваў месца, дзе будзе чакаць.
Праз нейкія паўгадзіны суседзі сустрэліся. Удвух асцярожна вызвалілі казулю з пасткі, апрацавалі раны, забінтавалі.
Пасля гэтага Лёня застаўся пасядзець ля знясіленай прыгажуні, а сусед (ён часу не меў) падаўся дамоў — як быццам... І амаль адразу ж пазваніў: сказаў, што на дарозе яго спынілі даішнікі, праверылі дакументы і склалі пратакол — з-за некамплекту ў... аптэчцы.
«Во ліха, гэта ж з-за казулі, з-за мяне суседу прыйдзецца штраф плаціць», — падумаў Лёня і (шчасце, што мабільны ў кішэні) пазваніў начальніку ДАІ (яны знаёмыя — разам рыбачылі калі-нікалі). Стаў тлумачыць чалавеку, што адбылося, але паколькі той быў паблізу і на машыне, то сам прыехаў на месца здарэння, агледзеў казулю, сказаў Лёню, што наконт пратакола можа не хвалявацца: яго анулююць, бо на добрую справу пайшла аптэчка.
Казуля, быццам «пачуўшы» гэта, нясмела ўстала на ногі і памаленьку пакульгала ў лес.
Васіль Пяшэвіч, в. Юркевічы, Жыткавіцкі раён
...Усё ў гэтай гісторыі, як у казцы. Помніце, «Жылі-былі дзед ды баба...» Толькі не ля самага «сіняга мора», а ў нас, на беразе Дняпра.
А так — дзед і праўда быў казачны: ціхі і пакорлівы, баба — наадварот — ва ўсім верхаводзіла, хаця... Апошняе слова за дзедам было. Баба скажа, напрыклад: «Трэба зрабіць», ён тут жа: «Зараз».
У такой вось гармоніі яны і жылі, бо абое разумныя.
І на рыбу дзед той хадзіў — прыносіў дамоў, звычайную. (Гэта нядаўна два мужыкі ў нас на залатую нарваліся: 44 кілаграмы злавілі... А рыбнагляд — іх. Зараз мала таго, што аштрафуюць, можа, яшчэ і пашлюць — золата здабываць.)
У дзедавай жонкі вока на яго, тое золата, не гарэла, бо тутэйшая: без патрэбы ёй і новы церам быў, і званне стаўбавой дваранкі ды ўладычыцы марской. Ёй над мужам уладарства хапала...
Нават начоўкі яе не цікавілі, бо дзед сам нарабіў — драўляненькіх: штук з дзесяць у кладоўцы стаяла — рознага памеру, адны ў адных.
А вось чаго бабе заўжды хацелася, дык гэта свежанькай рыбкі: сёння — такой, заўтра — гэтакай.
Неяк на абед яе душачка верхаводак запрасіла — «на вадзе» (гэта проста з патэльні — з перчыкам ды цыбулькай). Сказала старому: «Ідзі лаві!» А дзеда, як на ліха, сон змарыў: натупаўся ён і лёг бы. Але ж супраць бабы не папрэш. Уздыхнуў, бедны, сказаў: «Ну іду ўжо», ускінуў на плячо сетку ды паплёўся на раку.
Сеў там у човен, адштурхнуўся...
А на Гарадзішчы — гэта высокі бераг Дняпра — нашы мужыкі сядзелі: адпачывалі. І культурна так. Зверху як на далоні ўсё... Рэчка шырокая... Дзед Ванька з кустоў... Выплывае... Сетку ставіць. І...
Што гэта? Подсмык (вяроўка, за якую сетку трымаў) — з рук... Яна сабе плыве, човен сабе. А дзед хоць бы варухнуўся... Як слупок сядзіць...
Хлопцы:
— Можа, памёр?
І з таго жаху ўніз — да вады.
— Дзед, — гукаюць, — жывы?
— Га?.. Што?.. — не разумее той, прачнуўшыся. — Ды жывы, сыночкі, жывы. Гэта ж я задрамаў. Так мне спаць захацелася... А баба — яна ж мёртвага падыме (тая і праўда знахаркай была)... Бабе рыбы давай! Дык вы ўжо, сыночкі, — просіць дзед, — можа, сплавайце па сетку (яна за кусты зачапілася на процілеглым беразе), а я тым часам пляшку прынясу.
Адкуль? Ну вядома ж, не з крамы.
Дадому прыходзіць, кажа (яму збрахаць, што плюнуць):
— Знаеш, бабка, сом у сетку ўблытаўся, ды такі аграменны... Даўжынёй, можа, метры са два! Паспрабуй — утрымай яго... Ды не еўшы-не спаўшы... Сплыў, халера, і сетку маю звалок. Хлопцы следам за ім пагналіся — можа, зловяць яшчэ... Ім бы аддзячыць... Хоць за сетку... Дай пляшку.
Баба, вядома ж, насварылася: сказала дзеду, што ён — і ёлупень, і бязрукі. Але ж пляшку дала. Дзед з той радасці пашыбаваў на бераг, а яна стала думаць, што ж рабіць, калі з сомам вернецца?
Пайшла ў кладоўку выцягваць начоўкі — самыя вялікія знізу былі.
...Хлопцы тым часам сетку дасталі. І нават з рыбай — з плоткамі, з верхаводкамі... Дзед, пасядзеўшы з мужыкамі, іх дадому прынёс: заказ такім чынам выканаў. А сома — жонцы сказаў (брахаць, дык брахаць) — нават хлопцы не ўтрымалі, хоць і маладыя!
— Бо ёлупні. І таксама бязрукія, — прызнала баба.
Потым плюнула і села чысціць рыбу.
Дзед жа, згодна з яе загадам, спачатку спарадкаваў ночвы і толькі потым лёг падрамаць.
Прачнуўся (жонка пабудзіла) да гатовага абеду:
— Ідзі, — загадала, — пад'еш, а то сёння табе хапіла. Натузаў той сом. Гэта ж трэба — два метры!.. А што «ўцёк», дык халера з ім: даплаваецца, некалі нехта зловіць.
Можа, нават дзед?
Соф'я Кусянкова,
в. Лучын, Рагачоўскі раён.
Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар
Ад яе ж... Калі нейкая з гісторый (ці ўсе... Нагадаем, што падборкі іх друкуюцца па пятніцах) вам спадабалася, калі ласка, не выкідвайце газету: дайце пачытаць суседзям, пакладзіце ў шуфляду... Магчыма, некалі, з часам, прачытаеце іх яшчэ раз? А магчыма, успомніце нешта сваё і напішаце: адрасы — і паштовы, і электронны — у канцы нумара. Загадзя ўдзячны.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/vyasyolyya-gistoryi
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyasyolyya-gistoryi-chytachou