Функцыянаваць яна будзе на базе кафедры тэарэтычнай і прыкладной механікі і навукова-даследчай лабараторыі механіка-матэматычнага факультэта БДУ.
Лабараторыя аснашчана самым сучасным абсталяваннем: трыма 3D-прынтарамі (Flashforge Finder, Flashforge Dreamer, CreatBot DX Plus); 3D-сканарам EinScan Pro з паваротным сталом; лазерным гравёрам Raylogic 11G 530 Maxima і шэрагам дадатковых інструментаў з праграмным забеспячэннем для шліфавання, зборкі і іншых аперацый з вырабамі.
Прынтары забяспечаць працэс стварэння трохмерных аб'ектаў практычна любой геаметрычнай формы на аснове лічбавай мадэлі. 3D-сканаванне дазваляе здзейсніць аўтаматычны збор і аналіз дадзеных рэальнага аб'екта, яго формы, колеру і іншых характарыстык, з наступным пераўтварэннем у лічбавую трохмерную мадэль. Лазерны гравёр апрацоўвае гатовыя мадэлі і матэрыялы, наносіць складаныя малюнкі на розныя паверхні і паляпшае канструкцыі аб'ектаў.
Скарыстацца тэхнічнымі рэсурсамі лабараторыі змогуць усе жадаючыя студэнты, якія рэалізуюць прыкладныя праекты ў рамках выканання курсавых, дыпломных, навуковых работ, сумесных праграм з іншымі ВНУ, а таксама супрацоўнікі і выкладчыкі універсітэта, якія ўдзельнічаюць у Дзяржаўных праграмах навуковых і навукова-тэхнічных даследаванняў і маюць інавацыйныя ідэі, што могуць быць рэалізаваны з дапамогай новага абсталявання.
Дарэчы, на механіка-матэматычным факультэце выконваюцца буйныя фундаментальныя і прыкладныя навуковыя работы па геамеханіцы, механіцы машын і механізмаў, біямеханіцы, што патрабуе актыўнага выкарыстання магчымасцяў па 3D-друку. Лабараторыя бясплатна адкрыта для ўсіх актыўных студэнтаў і выкладчыкаў, як прыродазнаўчанавуковых, так і гуманітарных спецыяльнасцяў.
Даведка:
Слова "фаблаб" паходзіць ад англійскага "fab lab" — "вытворчая лабараторыя". Фаблаб — гэта лабараторыя, якая дае магчымасць студэнтам вырабляць эскізныя і доследныя ўзоры інавацыйнай прадукцыі на сучасным абсталяванні з лічбавым праграмным кіраваннем. Першая ФабЛаб была адкрыта Нілам Гершэнфельдам у 1998 годзе ў Масачусацкім тэхналагічным інстытуце. Пазней ідэя пераўтварылася ў глабальную сетку лабараторый, якія працуюць на аснове агульных прынцыпаў, выкарыстоўваюць падобнае абсталяванне і тэхналогіі і абменьваюцца ідэямі і рэсурсамі. Іх колькасць падвойваецца кожныя паўтара года. Існуе мноства праектаў, народжаных у фаблабах, якія пераўтварыліся ў паспяховыя бізнес-кампаніі.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/navuka
[4] https://zviazda.by/be/tags/fablab
[5] https://zviazda.by/be/tags/bdu