Напярэдадні Дня Незалежнасці мы зазірнулі [4] на старонкі «Звязды», каб даведацца, як адзначалася свята (а ў савецкія часы гэта быў Дзень вызвалення Савецкай Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў) у часы кіравання розных савецкіх лідараў, пра што пісалі нашы калегі, чым жылі нашы суайчыннікі дзесяцігоддзі таму, што іх радавала і турбавала.
3 ліпеня 1945 года
Мінула амаль два месяцы, як скончылася Вялікая Айчынная, і год, як вызвалена Савецкая Беларусь. Але ваенная тэма — галоўная. Нумар «Звязды» ў гэты святочны дзень выйшаў з вялікім партрэтам Генералісімуса Савецкага Саюза Іосіфа Сталіна (гэта званне ён атрымаў літаральна некалькі дзён таму, 26 чэрвеня 1945‑га). Паведамляецца, што ў Акруговым доме Чырвонай Арміі адбылося ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае Дню вызвалення рэспублікі. У перадавіцы «Вялікае свята» адзначаецца, што дата 3 ліпеня залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю беларускага народа. «Наперадзе грандыёзная работа па далейшай адбудове нашых гарадоў і сёл, па аднаўленню прамысловасці, па арганізацыйна-гаспадарчаму ўмацаванню нашых калгасаў», — піша газета.
Расказвае «Звязда» і пра тое, як вызваляўся Мінск танкістамі Тацынскага гвардзейскага корпуса. Экіпаж першага танка, які прайшоў па вуліцах сталіцы, — інтэрнацыянальны: рускі Кузьма Філімонаў, беларус Алесь Басак і ўкраінец Іван Чмель. «На подступах да Мінска на машыну Івана Чмяля напалі тры нямецкія танкі. Але адступаць тады, калі беларус Басак ужо бачыць трубы Мінскага радыёзавода? Ніколі! Яшчэ грымелі выбухі каля Калодзішчаў, Чырвонага Урочышча, а танк герояў-гвардзейцаў падышоў да Батанічнага сада. — Добры дзень, родная сталіца, — сказаў Алесь Басак, выглянуўшы з люка машыны. Танк герояў выйшаў на брук Пушкінскай вуліцы. Па Пушкінскай і Савецкай першы савецкі танк паімчаў да цэнтра сталіцы…».
У нумары змешчаны артыкул класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа «Жыві, Беларусь!». Пісьменнік, які правёў вайну ў эвакуацыі і вярнуўся ў 1944‑м, успамінае, што «на нашых вачах гарэў стары, многавяковы горад. З болем у сэрцы пакідалі мы яго ў чэрвені 1941 года… Мы не пашкадуем сваіх сіл для вялікай работы адбудавання нашай краіны, і ўсе цяжкасці мы пераможам». У пацвярджэнне імкнення беларускага народа хутчэй аднавіць гаспадарку артыкул «Завод-воін» расказвае пра адроджаны «Гомсельмаш»: успамінае яго эвакуацыю на Урал, дзе завод вырабляў «смертаносны груз», і вяртанне на радзіму. «Адроджаны «Гомсельмаш» пачынае жыць, жыць прыгожа…»
Яшчэ адзін прыклад ужо мірнай самаахвярнасці беларусаў у артыкуле «Подзвіг трактарыстаў». Васіль Лобан і Васіль Сакалоўскі з Цімкавіцкай МТС Капыльскага раёна «далі чатыры гадавыя нормы». «Лобан і Сакалоўскі вясной аднымі з першых у рэспубліцы ўзнялі сцяг сацыялістычнага спаборніцтва, далі абавязацельства выпрацаваць на сваім 15‑сільным трактары 2000 гектараў, абагнаць знатную трактарыстку нашай радзімы Дар'ю Гармаш. Сваё абавязацельства Лобан і Сакалоўскі з чэсцю выконваюць». Між іншым, паведамляецца, што гэтыя трактарысты — «радавыя савецкія людзі», «аб якіх нядаўна на прыёме ў Крамлі так цёпла гаварыў вялікі Сталін».
Мінчанам паведамляецца, што «вечарам у парку культуры і адпачынку імені Горкага праводзіцца масавае народнае гулянне. А Беларускі Дзяржаўны ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга драматычны тэатр імені Янкі Купалы пакажа прэм'еру «Палешукі» Е. Рамановіча.».
Маршал Савецкага Саюза Канстанцін Ракасоўскі ў артыкуле «Гістарычная бітва за Беларусь» расказвае пра асаблівасці вырашальнай аперацыі «Баграціён» і прарыў «Смаленскіх варот», запёртых каласальнымі абарончымі збудаваннямі праціўніка. Побач размешчаны віншаванні з вызваленнем Мінска, у тым ліку ад Маршала Савецкага Саюза Георгія Жукава. Але гэтыя выступленні на старонках газет праслаўленых военачальнікаў хутка скончацца — ужо праз год, у 1946‑м, Сталін, які апасаецца іх палітычных амбіцый, выдаліць маршалаў з Масквы. Георгій Жукаў адпраўлены кіраваць Адэскай акругай — гэта пасада ніжэй за наркама. Наступны па папулярнасці Канстанцін Ракасоўскі ўзначаліць армейскую групоўку ў Польшчы. Дарэчы, да першай гадавіны Перамогі яе тварцоў, акрамя Сталіна, не персаніфікавалі. Ні парада, ні салюту не ладзілі, а з 1948 года 9 мая перастаў быць выхадным. Яго вярнулі толькі да 20‑годдзя Перамогі.
3 ліпеня 1958 года
Магчыма, з вышэйназваных прычын пра Дзень вызвалення рэспублікі «Звязда» згадвае даволі сціпла: фотаздымкам цяперашняй плошчы Перамогі (тады Круглая плошча) і подпісам пад ім: «Сёння спаўняецца 14 год з дня вызвалення сталіцы рэспублікі — Мінска ад фашысцкіх захопнікаў. За мінулы час горад непазнавальна вырас, стаў адным з буйнейшых індустрыяльных цэнтраў краіны. Адным з цудоўных куткоў Мінска з'яўляецца Круглая плошча. У цэнтры яе ўзвышаецца манументальны помнік — абеліск воінам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Побач з гэтым паведамляецца, што ў Херсонскай вобласці калгасы і саўгасы пачалі ўборку збожжавых, цеплаходы «Масквіч» пойдуць па рэках Яне і Калыме, а другая чарга Данскога магістральнага канала ўступіла ў эксплуатацыю.
Тым не менш пра тое, што для Мінска гэты дзень усё ж свята, па-свойму нагадвае другая паласа гэтага нумара пад назвай «Мінск індустрыяльны». Яна сведчыць, якую моц набірае беларуская сталіца ў справе аднаўлення і набыцця статусу зборачнага цэха вялікай дзяржавы. У прыватнасці, паведамляецца, што на станкабудаўнічым заводзе імя Кірава расце дастойная маладая змена. А на мінскім аўтазаводзе сыходзяць з канвеера новыя аўтамабілі: сямітонны «МАЗ‑503» і «МАЗ‑500» грузападымальнасцю 7,5 тоны (легендарныя аўтамабілі выпускаліся да 1977 года).
Тым часам з канвеера МТЗ сышоў статысячны трактар, а хутка пачнецца серыйны выпуск машыны «МТЗ‑5 Л» з дзесяціскораснай каробкай перамены перадач, а затым і «МТЗ‑5 М» (выпускаліся да 1960 года). Яшчэ адзін гонар беларускай сталіцы — Мінскі тонкасуконны камбінат. Сталіца не мела сваёй тэкстыльнай прамысловасці да Вялікай Айчыннай. У 1948 годзе было ўведзена гэта прадпрыемства. А многія яго кваліфікаваныя работнікі прымалі ўдзел у мантажы абсталявання Мінскага камвольнага камбіната, які запусцілі ў эксплуатацыю ў 1955‑м.
Трэцяя паласа прысвечана замежным навінам: паведамленні ў ізраільскім друку сведчаць аб пагаршэнні матэрыяльнага становішча працоўных мас Ізраіля, у Фалерскай бухце (Грэцыя) адзін за адным становяцца на якар караблі 6‑га амерыканскага флоту, а група амерыканскіх эсмінцаў прыбыла ў Салонікі. Шхуна «Фенікс-Хірасіма», якая прыбыла ў знак пратэсту супраць выпрабаванняў Злучанымі Штатамі ядзернай зброі, была затрымана ваеннымі ўладамі ЗША. Паведамленні здавалася б шараговыя, але мы ведаем, што да Карыбскага крызісу, да якога прывяло размяшчэнне ЗША ядзернай зброі ў Турцыі і аналагічны адказ СССР на Кубе, заставалася чатыры гады.
3 ліпеня 1968 года
У гэты дзень у Маскве паўстагоддзя таму пачынаецца Усесаюзны з'езд настаўнікаў, і для «Звязды», якая друкуе яму пасланне, гэта тэма нумар адзін. Яшчэ адна цэнтральная тэма — выкананне рашэнняў ХХІІІ з'езда КПСС па перабудове вёсак, чаму прысвечаны Усесаюзная нарада-семінар. Пра тое, што гэта яшчэ і дзень вызвалення Мінска, на першай старонцы нагадвае невялікі фотаздымак яго вызваліцеляў, якія ў той час працуюць на сталічных заводах. Яны дзякуюць маці свайго аднапалчаніна, які не вярнуўся з вайны.
Відавочна, што ў гэты час газета не толькі інфармуе, але і крытыкуе, і выкрывае недахопы. У рубрыцы «Па матэрыялах «Звязды» паведамляецца, што ў фельетоне, змешчаным пад назвай «Без акон і дзвярэй», гаварылася аб дрэннай рабоце Іванаўскага камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва. У прыватнасці, заказ, прыняты ў верасні 1966 года, не быў выкананы на працягу васьмі месяцаў. І вось рэдакцыі паведамілі, што пасля апублікавання фельетона заказ неадкладна выкананы. А «дырэктару камбіната П. І. Лінніку ўказана на цяганіну і неарганізаванасць у рабоце».
2 ліпеня 1978 года
Нумара за 3 ліпеня не было, бо па панядзелках газета не выходзіла. А вось у нядзелю, 2 ліпеня, чытачы яго традыцыйна атрымалі. Гэта асаблівы час у гісторыі Мінска. Літаральна некалькі дзён таму, 25 чэрвеня 1978 года, беларускую сталіцу наведаў Генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў і ўручыў «Залатую Зорку» горада-героя. З чым суайчыннікаў і павіншавалі двойчы Герой Савецкага Саюза, лётчык-касманаўт СССР Пётр Клімук і лётчык-касманаўт СССР Уладзімір Кавалёнак.
Такое віншаванне не дзіўнае — СССР у гэтыя часы актыўна асвойвае касмічныя навінкі і ўстанаўлівае рэкорды працягласці палётаў. Побач перадавіца пад назвай «Ратны подзвіг натхняе». Акрамя гэтага, вызваленню Мінска прысвечана і трэцяя паласа «Звязды». Там віншаванні двойчы Герояў Савецкага Саюза Паўла Батава і Івана Баграмяна, Героя Савецкага Саюза, былога камандуючага Тацінскім корпусам Аляксея Бурдзейнага. Таксама старонкі з салдацкага дзённіка гвардыі сяржанта І. Р. Брашчанкі «Спявае грозная «Кацюша». А карэспандэнты «Звязды» адшукалі Андрэя Стоцкага з Кірава, які ў 1945‑м пакінуў свой аўтограф на рэйхстагу: «Вырашылі ўбачыць зблізку, што там за рэйхстаг. Пайшлі ўтраіх. Людзей ля рэйхстага — не пералічыць. І ўсе пішуць на сценах: вугельчыкам, крэйдай, а хто і штыком. Выбралі і мы мясціну на сцяне і таксама напісалі свае прозвішчы.».
3 ліпеня 1988 года
У нумары таксама шэраг матэрыялаў, прысвечаных вызваленню рэспублікі. Пачынаецца газета з фотаздымка на першай паласе, зробленага нашым карэспандэнтам Яўгенам Пясецкім, які і сёння працуе ў «Звяздзе». На здымку — ветэран Вялікай Айчыннай са Смаргоні Венядзікт Уладзіміравіч Прыбыльскі, які прайшоў ад Масквы да Германіі, фарсіраваў Днепр, вызваляў Магілёў. Друкуе «Звязда» і ўспаміны былога ваеннага карэспандэнта газеты 3‑й арміі «Боевое знамя» Р. Тарасевіча «Ішла армія на Мінск».
У артыкуле «Прахадны бал прарэктара» расказваецца пра суд над прарэктарам Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута П. Касько. «На працягу дзевятнаццаці гадоў ён фактычна непадзельна кіраваў прыёмам будучых студэнтаў…, апекаў тых, за каго згубіўшыя сумленне бацькі, гатовыя на ўсё, у тым ліку і на злачынства, каб прапіхнуць сваіх дзетак у інстытут… давалі прадукты, грошы, гарэлку.». Падрабязна апісваецца злачынная схема, распрацаваная прарэктарам. Паводле прысуду ён атрымаў восем гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. З'яўленне такога артыкула ў гэты час ужо не здзіўляе — ідзе перабудова, паскарэнне (1985) прызвана навярстаць упушчанае ў эканоміцы, а галоснасць (1987) — забяспечыць савецкую форму дэмакратыі. Тым часам няўхільна набліжаецца распад сацыялістычнага лагера, СССР і пачатак новай эпохі…
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] http://zviazda.by/be/news/20180507/1525709832-ab-chym-pisala-zvyazda-praz-dva-tydni-paslya-peramogi
[5] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-zvyazda
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzen-nezalezhnasci