У Палаце прадстаўнікоў на апошнім пасяджэнні вясновай сесіі прынялі ў першым чытанні законапраекты, якія прадугледжваюць змякчэнне адказнасці па эканамічных злачынствах і ўвядзенне бацькаўскага водпуску.
Праект закона з папраўкамі аб змякчэнні крымінальнай адказнасці па некаторых эканамічных злачынствах пераводзіць чатыры саставы эканамічных злачынстваў у катэгорыю менш цяжкіх ці тых, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі.
Папраўкі, якія датычацца наркатычных злачынстваў, прадугледжваюць зніжэнне ніжняй мяжы пакарання з пяці да трох гадоў за незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўку, набыццё, захоўванне, перавозку або перасылку або незаконны збыт наркотыкаў і псіхатропаў. За тыя ж самыя дзеянні, здзейсненыя групай асоб або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, а таксама асобай, якая ўжо здзяйсняла падобныя правапарушэнні, прапануецца зменшыць мінімальны тэрмін зняволення з васьмі гадоў да шасці.
У Крымінальным кодэксе ў выпадку прыняцця дакумента з'явіцца новы артыкул, які прадугледжвае адказнасць за прапаганду самагубства.
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў таксама прынялі ў першым чытанні законапраект аб змене некаторых законаў краіны, якія прадугледжваюць увядзенне бацькаўскага водпуску. Плануецца, што бацьку будзе давацца водпуск па яго жаданні пры нараджэнні дзіцяці ў сям'і. Ён будзе абмежаваны перыядам не большым за 14 каляндарных дзён. Водпуск будзе давацца па заяве бацькі на працягу шасці месяцаў пасля нараджэння дзіцяці.
Акрамя таго, у Працоўны кодэкс можа быць уключана паняцце дыстанцыйнай працы з замацаваннем асаблівасцяў яе рэгулявання.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/zakonapraekty