Аляксей Пысін нарадзіўся ў вёсцы Вялікі Борак, што ў Краснапольскім раёне на Магілёўшчыне. Вучыўся ў Палускай школе. Зараз у школе, якая названа ў гонар пісьменніка, працуе невялічкі, але ладны музей. Кожны дзень вучні і любы чалавек з вуліцы могуць яго наведаць і даведацца шмат цікавага пра Аляксея Пысіна. Напрыклад, пра яго радаслоўнае дрэва. Калі ўважліва паглядзець, то можна заўважыць, што кожная з трох дачок пісьменніка нарадзілі яму па ўнуку Аляксею. Ідзеш па школе далей і паўсюль чуваць дзіцячы смех – празвінеў званок на перапынак. Калісьці тут бегаў са сваімі аднакласнікамі і сам Аляксей.
Пысін быў не толькі паэтам. Яго асноўная праца была звязана з журналістыкай. Ён працаваў у рэдакцыях на Беласточчыне, ў Чэрыкаве, ў Краснаполлі, а з 1973 года ў газеце “Магілёўская праўда”.
Аляксей Пысін належыць да франтавога пакалення пісьменнікаў. Безумоўна, вайна не магла не пакінуць след у яго творчасці. Матыў памяці жывых і мёртвых - адна з галоўных тэм ягоных вершаў. Па ўспамінах сяброў, Аляксей Пысін любіў расказваць пра тое, як сустракалі перамогу, як радаваліся разам і нямецкія, і савецкія салдаты, што скончылася вайна, а з ёй і чалавечыя ахвяры. Жыў пісьменнік з сям’ёй у ў аднапакаёвай кватэры, а вершы пісаў у ванным пакоі. Магчыма, тут і былі напісаны вершы, у якіх паэт сумаваў па родных мясцінах і прасторах.
Зноў гучыць званок. Вучні бягуць на заняткі. Магчыма нехта з іх, калі вырасце, стане новым пісьменнікам, альбо мастаком. Але і гэта не так важна. Галоўная, каб добрым чалавекам.
Месца дзеяння - вёска Палуж, Краснапольскі раён, Магілёўская вобласць.
Таццяна ТКАЧОВА
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/taccyana-tkachova
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksey-pysin