З рукапіснай спадчыны загінулага на Другой сусветнай вайне паэта Леаніда Гаўрылава (2.02.1918, в. Бердыж Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці — 1941) захаваліся толькі тры напаўагульныя сшыткі1. Два з іх складаюць вершы 1935—1936 гг. Яны пісаліся, калі аўтару было ўсяго 17—18 гадоў і ён вучыўся спачатку ў Мінскім інстытуце народнай гаспадаркі, а потым — на літаратурным факультэце Гомельскага педінстытута. Трэці сшытак — гэта дзённік, які паэт вёў цягам 1937 г.
1 Выключэнне — паштоўка да жонкі, дасланая з Гомеля 9.01.1939 г., у якой паэт пісаў пра здачу інстытуцкай сесіі.
Няпросты лёс у гэтых рукапісаў. «Амаль усё згубілася б у ваенным ліхалецці, калі б не маці, якая за калючым дротам фашысцкага лагера зберагала каля сэрца аркушы, сагрэтыя дыханнем сына, напоўненыя яго голасам, радасцю і натхненнем» [3, с. 16], — пісаў падпалкоўнік запасу і журналіст Міхаіл Кадзет, які займаўся вывучэннем біяграфіі Л. Гаўрылава. Потым родныя паэта — маці Пелагея Іванаўна Гаўрылава і сястра Валянціна Рыгораўна Бухаўцава — перадалі рукапісы ягонаму сябру паэту Кастусю Кірэенку, у якога яны і захоўваліся некалькі дзесяцігоддзяў, пакуль у 1985 г. у Сярэдняй школе № 150 г. Мінска не быў адкрыты школьны літаратурны музей «Да штыка прыраўнялі пяро», прысвечаны беларускім пісьменнікам, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. Кіраўнік музея, настаўніца Дзіяна Рыгораўна Гальпер, расшукваючы для экспазіцыі дакументы, звязаныя з жыццём і творчасцю Л. Гаўрылава, звярнулася і да К. Кірэенкі, і той перадаў ёй вершы і дзённік.
Доўгі час тры сшыткі Леаніда Гаўрылава з’яўляліся, бадай, самымі каштоўнымі матэрыяламі школьнага музея. Але ў 2002 г. Дзіяна Гальпер з’ехала ў эміграцыю. Непакоячыся за лёс экспанатаў, яна перадала іх у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Дакументы склалі частку фонду № 55 і сёння налічваюць 46 спраў за 1936—1990 гг. Пятнаццаць з іх — калекцыя дакументаў Леаніда Гаўрылава: БДАМЛМ, ф. 55, воп. 1, адз. зах. 378—392. Акрамя вершаў і дзённіка, у архіве-музеі цяпер захоўваюцца паштоўка паэта да жонкі Кацярыны Гарнак (1939), пасведчанне начальніка штаба 374 стралковага палка танкавага батальёна, у якім служыў Л. Гаўрылаў (1940), здымкі індывідуальныя і ў групах, дакументы пра паэта: пісьмы К. Гарнак, М. Кадзета і К. Кірэенкі да Дз. Гальпер, успаміны сясцёр, фатаграфіі родных і інш.
Свае юнацкія вершы Леанід Гаўрылаў ацэньваў вельмі стрымана, нават крытычна. На апошняй старонцы аднаго са сшыткаў паэт напісаў:
«У гэтым сшытку — вершы, якія я лічу асноўнымі і характэрнымі для ўсяго майго пісання ў гэтым годзе. Я не ўпісваў сюды вершы, пісаныя для насценгазет, таксама як і шматлікія інтымныя, адрасаваныя.
Не ўпісаны дзве паэмы: «Надзя Камоска» і «Дружбе падарунак» — самыя першыя мае паэмы.
Усё, што тут ёсць, — перапісана так, як было напісана спачатку. Я нічога не перапрацоўваў, хоць можна нешта (я і сам цяпер ведаю), варта было б перапрацаваць, але хай застанецца для памяці.
Леанід Гаўрылаў. Снежань 1935 г.» [2, арк. 40].
Але, па жорсткай іроніі лёсу, менавіта па гэтых ранніх сшытках мы цяпер складаем уяўленне пра паэзію Л. Гаўрылава, і менавіта яны — за выняткам пяці вершаў, апублікаваных у 1939 г., — леглі ў аснову яго пасмяротнай кнігі «Вернасць» (1961), укладзенай К. Кірэенкам. Больш таго — гэтыя вершы (хоць і, на думку самога аўтара, не надта дасканалыя) даюць падставу казаць пра «новае вымярэнне паэтычнага свету» і, паводле прафесара Івана Штэйнера, з’яўляюцца «выразнікамі светапогляду не толькі канкрэтнай асобы, але і ўсяго пакалення, дэманструючы філасафічнасць, глыбіню, задуменнасць, люструючы светла-радаснае ўспрыманне жыцця» [5, с. 37].
Значна менш даследаваны дзённік Леаніда Гаўрылава, хоць, дзякуючы яго даступнасці ў школьным музеі, аўтары некаторых біяграфічных публікацый мелі магчымасць з ім пазнаёміцца: М. Кадзет, напрыклад, пра гэты дзённік згадваў [3, с. 16], а К. Кірэенка прыводзіў з яго вытрымкі [4, с. 212]. Але цалкам ён (маю на ўвазе не «цытатную», а «асабістую» яго частку) раней ніколі не публікаваўся.
Што ж уяўляе з сябе згаданы дзённік? Гэта стары, патрапаны сшытак без вокладкі, аб’ёмам 28 аркушаў (56 старонак), спісаны фіялетавым атрамантам і сям-там — простым алоўкам (БДАМЛМ, ф. 55, воп. 1, адз. зах. 380; далей — спасылкі на гэтую архіўную крыніцу з пазначэннем адзінкі захоўвання і аркушаў у дужках). Часткова ён нагадвае так званы «літаратурны дзённік», падобны да тых, якія і ў наш час вядуць студэнты гуманітарных ВНУ, выпісваючы цытаты з прачытаных твораў або канспектуючы іх кароткі змест. Гэтак рабіў у 1937—1938 гг. і Л. Гаўрылаў, студэнт літаратурнага факультэта Гомельскага педінстытута. Частка аўтараў, да кніг якіх звяртаўся аўтар дзённіка, — сапраўды хрэстаматыйна вядомыя пісьменнікі, прызнаныя класікі, без чыіх твораў нельга ўявіць сусветны літаратурны працэс: Фрыдрых Шылер, Ёган Вольфганг Гётэ, Аляксандр Дзюма, Кнут Гамсун, Фёдар Цютчаў. Аднак шмат выпісак Л. Гаўрылаў рабіў і з твораў сваіх сучаснікаў (праўда, аўтараў пераважна расійскіх), чые кнігі, выдадзеныя пераважна ў 1935—1936 гг., чытаў амаль «па гарачых слядах», уважліва сочучы за выдавецкімі навінкамі. Гэта проза Мікалая Астроўскага, Кірыла Левіна, Ільі Ільфа і Яўгена Пятрова, паэзія Аляксандра Безыменскага, Мікалая Рыленкава, Аляксандра Рэшатава, Аляксандра Каваленкава, Аляксандра Гатава, Мікалая Брауна, Марыі Камісаравай, а таксама венгерскага літаратара Антала Гідаша. Творы некаторых з гэтых аўтараў у будучыні набылі хрэстаматыйную вядомасць, а ў пэўных выпадках і папулярнасць («Залатое цяля» Ільфа і Пятрова), спадчына ж іншых застаецца, скажам так, па-за звыклым колам чытання студэнта-гуманітарыя ці проста аматара літаратуры.
Такім чынам, відавочна, што выпісванне Л. Гаўрылавым цытат далёка не абмяжоўвалася «праграмнымі» аўтарамі, а мела шырэйшы дыяпазон; малады паэт вёў гэты дзённік яўна не для справаздачы перад інстытуцкімі выкладчыкамі, а найперш для сябе, для сваёй самаадукацыі і самаразвіцця. У гэтым ключы часам цікава паназіраць, што менавіта ён выпісваў, якія радкі, аўтарскія думкі прачытаных аўтараў лічыў для сябе істотнымі. Напрыклад, каментуючы ўласныя выпіскі з рамана «Вучнёўскія гады Вільгельма Мейстэра» Ё. В. Гётэ, Л. Гаўрылаў зазначае, што занатаваў найбольш упадабаныя месцы. Сярод іх, напрыклад, такія: «Разумны чалавек павінен абавязкова карыстацца глупствамі свайго бліжняга і атрымліваць з іх карысць», «Верш павінен быць або выдатным, або зусім не павінен існаваць», «Шчаслівы той, хто хутка паспявае заўважыць, што жаданні перавышаюць ягоныя сілы!» (арк. 4 адв. — 5).
На некалькіх старонках дзённіка (арк. 21—23) у поўным аб’ёме змешчаны вершаваныя тэксты, аўтарства якіх не пазначана. Многія з іх («Дремлют плакучие ивы…» Аляксея Цімафеева, «Я люблю пережитые были…» Іосіфа Уткіна, народныя «Я одинок, а ты проходишь мимо…», «Запад погас и лучи догорели…», «Разбойник») у розныя часы былі пакладзены на музыку і ўваходзілі ў рэпертуар выканаўцаў народных песняў і рамансаў. Гэтыя выпісы сведчаць пра яшчэ адну цікаўнасць Леаніда Гаўрылава, яго захопленнасць песеннай культурай.
Пачаўшы весці дзённік 27 студзеня 1937 г., паэт кароткі час спрабаваў нумараваць прачытаныя кнігі, але неўзабаве кінуў гэтую справу. А 5 сакавіка перастаў і ставіць даты над запісамі. Свае выпіскі часта дапаўняў занатоўкамі асабістых уражанняў, і ўрэшце пачаў запісваць — часткова па-руску (мабыць, знаходзячыся пад моўным уплывам кніг, якія ў той час чытаў), часткова па-беларуску — уласныя думкі на самыя розныя тэмы, якія яго хвалявалі. «Аказваецца, мой «чытацкі» дзённік пераходзіць у сапраўдны інтымны дзённічак, — зазначыў паэт 1 сакавіка 1937 г. — І там, дзе я хацеў запісваць выдатныя вытрымкі з прачытаных кніг, я там размазваю ўсялякую асабістую дробязь. Але, так і быць! Хоць мне дагэтуль не ўдаваўся дзённік, гэты, магчыма, атрымаецца. Пішу, што ўздумаецца: усялякую лухту» (арк. 9 адв.).
Дзённікавыя запісы Л. Гаўрылава вельмі разнародныя. Акрамя ўражанняў аб прачытаных кнігах, сярод іх ёсць кароткія ўспаміны дзяцінства, спробы пейзажных замалёвак, псіхалагічных характарыстык знаёмых. У запісах адчуваецца юнак, які толькі ўвайшоў у жыццё і пачынае ўдумліва спасцігаць свет. Але можа і прымяраць на сябе іншыя ролі: адзін з фрагментаў дзённіка напісаны ад імя сталага, «пабітага жыццём» чалавека, які з вышыні свайго вопыту павучае кагосьці іншага, значна маладзейшага: «А чалавек, хлопча мой, гэта перш за ўсё — пачуццё абавязку і пачуццё меры пачуццяў. […] Трымай сябе моцна ў руках, каб не разгубіўся» (арк. 13 адв. — 14).
Асабліва шмат увагі Л. Гаўрылаў надае філасофскаму асэнсаванню прыроды паэтычнай творчасці. Аўтар размяжоўвае сутнасць паэта і звычайнага «чалавека» (у вузкім сэнсе слова) Паэт, паводле Л. Гаўрылава, — стварэнне асаблівай прыроды, «уцялесненне розуму і пачуццяў вялікага гурту людзей, усяго чалавецтва». А таму — «Паэт забывае назаўсёды на ўсе чалавечыя слабасці, на ўсю ўмоўнасць і этыкетнасць чалавечага быцця. Ён робіць, творыць, паступае толькі згодна ўласна свайго генія, які-б ён ні быў, кім бы ні быў народжаны і выхаваны» (арк. 15—15 адв.). Падобна, што на эстэтычны светапогляд Л. Гаўрылава паўплывала творчасць Ё. В. Гётэ, які лічыў, што «паэт увесь павінен належаць сабе самому, жыць у непарыўнай сувязі з тым, што ён стварае. Шчодра надзеленыя ўнутранымі якасцямі, яны вельмі мала ў чым адчуваюць патрэбу звонку» — гэтую цытату з нямецкага класіка таксама знаходзім у дзённіку (арк. 5).
Многія разважанні Л. Гаўрылава на тэму паэта і паэзіі гучаць афарыстычна, уражваюць глыбінёй і разважлівасцю, а некаторыя могуць падацца максімалісцкімі і, мабыць, занадта катэгарычнымі. Паэт для яго — духоўны бунтар, які супрацьпастаўляе сябе грамадству:
«Паўналецце паэта наступае пры яго смерці. […]
Сапраўдны паэт не павінен зважаць на тое, як да яго адносіцца так званая «малва». […]
Паступай так, як загадвае табе твой розум, незалежны і зусім вольны ад уплываў розных старонніх меркаванняў і асуджэнняў «свету».
Літаратура, паэзія і служэнне ёй замяняе (павінна замяніць) для паэта і бацьку, і матку, і брата, і сястру, і сябра, і жонку.
Чалавека больш займаюць знадворныя, адчуваемыя на зрок і на слых з’явы і метамарфозы іншых людзей» (арк. 15 адв. — 16 адв.).
Наконт «знадворных, адчуваемых на зрок і слых з’яў» зазначым, што акурат такога ў дзённіку вобмаль: як сапраўдны паэт, а не проста «чалавек», Л. Гаўрылаў сваё непасрэднае штодзённае жыццё акрэслівае неахвотна, толькі рэдкімі дробнымі штрыхамі: «Былі на кватэры… Чыталі там вершы…» (арк. 10) або: «Я сам галадаю, і мне зводзіць страўнік спазмамі…» (арк. 23). Паэт больш сканцэнтраваны на сваіх унутраных перажываннях. Ён спрабуе разабрацца ва ўласных пачуццях, «складаным і ўедлівым хаосе думак», аналізуе свае адносіны з блізкімі, сябрамі, каханымі, з жалем прызнаецца: «Адчуваю сябе даволі адзінокім. Мяне ніхто не разумее. […] З кім мне падзяліцца сваімі думкамі […]? […] Мяне мучыць тое, што я не маю дыскусіянера, які бы спрачаўся са мной» (арк. 10). Думаецца, менавіта ў гэтым і была прычына, якая падштурхнула маладога паэта весці дзённік.
Леаніда Гаўрылава хвалявалі праблемы літаратурна-мастацкай творчасці, узаемадачыненняў пісьменніка і чытача, агульны ўзровень тагачаснай літаратурнай прадукцыі. Ён ставіў да літаратуры вельмі высокія патрабаванні: «Існуе той твор, які чытаюць, і чытаюць не асобныя людзі, а шырокія масы народу, жыве той твор, які ўспрыняты народам як арганічна ўласнае ўтварэнне, які пашыраецца з вуснаў у вусны і перадаецца, пераходзіць па спадчыне з пакалення ў пакаленне» (арк. 19 адв.). Крытычным, надзвычай патрабавальным быў Л. Гаўрылаў і да самога сябе: «Зараз я буду пісаць адзін верш, абдумваючы і апрацоўваючы яго, патуль, пакуль ён будзе беззаганны і магчыма яго надрукаванне. Друкаваць то пакуль што я не збіраюся, але мне трэба, каб мае вершы выходзілі не горшымі за друкуемыя вершы маіх «сверстнікаў»» (арк. 17 адв. — 18).
Тут застаецца чарговы раз пашкадаваць, што з паэтычных рукапісаў Л. Гаўрылава захаваліся толькі вершы 1935—1936 гг., якія ён пазней ацэньваў ужо даволі скептычна: «…я пісаў як узбрыдзе ў галаву, пісаў як пішацца…» (арк. 17 адв.). Цікава, якія ж вершы ён ствараў у 1937-м, падчас вядзення дзённіка? На жаль, невядома. Затое пазней, у 1938—1941 гг. ён апублікаваў у часопісе «Полымя рэвалюцыі», газетах «Палеская праўда» (з 1941 г. «Гомельская праўда»), «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена» яшчэ шэраг твораў. Некаторыя з іх («Цішыня», «Запахнуць ноччу духавітай травы…», «Арлёнак») трывала ўвайшлі ў паэтычныя анталогіі. У іх сапраўды заўважаюцца адточанасць паэтычнага радка, тонкі лірызм, трапныя вобразы, стройнасць кампазіцыі:
Цішыня над полем і над лесам,
I на хаты пала цішыня.
Сінім небам — месячык бялесы,
Сінім небам — грае вышыня.
I плыве, як грэчкі пах мядовы,
I плыве, як васільковы пах,
Ціхі смутак зеленагаловы
Па вачах любімых, па губах.
Наш рубеж акованы гранітам
I напят, як тонкая струна.
Ды спрабуй струну тую крані ты —
Адзавецца грукам перуна.
А пакуль спакойны зараніцы,
П’юць расу палеткі на зары, —
Сцерагуць свяшчэнную граніцу
Ўсе таварышы, усе мае сябры!
Вось таму над лугам, над садамі
I на воды пала цішыня,
I дарог мядзянымі слядамі
Пабрыла нямая даўжыня [1, с. 207 — 208].
(«Цішыня», 19392)
2 У кнізе Л. Гаўрылава «Вернасць» (1961) верш памылкова датуецца 1941 г.
Кароткія занатоўкі ўражанняў аб прачытаным і разважанні пра прыроду творчасці паступова пераходзяць у Л. Гаўрылава ў практыкаванні ў літаратурнай крытыцы. Пра гэта яскрава сведчыць апошні запіс у сшытку, які ўяўляе з сябе па сутнасці лаканічную спробу параўнальнага аналізу кінафільма «Выпадковая сустрэча» Ігара Саўчанкі і апавядання «Крывая сцежка» Усевалада Краўчанкі, што маюць падобны сюжэт (і там, і там галоўны герой разрывае сувязь з каханай, даведаўшыся, што яна цяжарная). Той факт, што Л. Гаўрылаў як літаратурны або кіна-крытык у друку так і не паспеў выявіцца, робіць гэты запіс яшчэ больш каштоўным — гэтаксама, як і ў пейзажных замалёўках паўстае непраяўлены Гаўрылаў-празаік. У сваіх разважаннях Л. Гаўрылаў спрабуе адстойваць прынцыпы жыццяпадабенства ў мастацтве, супастаўляючы фільм і апавяданне з тым, як усё магло б адбыцца ў рэальным жыцці. На думку аўтара дзённіка, канцоўка фільма (дзе адмоўны герой — трэнер Грыша — не мяняецца і атрымлівае асуджэнне) выглядае больш праўдападобнай і матываванай, чым фінал апавядання (дзе герой — трактарыст Сяргей — «перарабляецца ў вельмі кароткі тэрмін»).
Да якога часу належыць гэты апошні запіс у дзённіку — дакладна вызначыць праблематычна: пасля 5 сакавіка 1937 г. Л. Гаўрылаў перастае ставіць даты над запісамі. Але сцвярджэнне «Апавяд[анне] я чытаў ужо даўнавата (гэтым летам)» (арк. 26) падказвае, што запіс рабіўся не адразу пасля лета, а недзе бліжэй да канца года.
Ці пісаў Л. Гаўрылаў дзённікі пазней — таксама невядома. Але хацелася б пазнаёміць чытача прынамсі з гэтым дзённікам 1937 года — як з тым нямногім, што захавалася са спадчыны загінулага ў 23 гады паэта. Як і два сшыткі юнацкіх вершаў сталі асноўнай крыніцай яго паэтычнай спадчыны, так і гэты дзённік — свайго кшталту ключ для разумення творчага светапогляду, а таксама крыніца асобных фактаў біяграфіі Леаніда Гаўрылава.
Тэкст дзённіка публікуецца паводле аўтарскага рукапісу: БДАМЛМ, ф. 55, воп. 1, адз. зах. 380, арк. 1 — 28. Пры гэтым шматлікія выпіскі з твораў іншых аўтараў прыбраны, з адпаведнымі пазнакамі ў квадратных дужках; пакінуты толькі назвы кніг на мове арыгінала. Запісы, зробленыя Л. Гаўрылавым на рускай мове, пададзены ў перакладзе. Беларускамоўная частка дзённіка друкуецца з захаваннем аўтарскага правапісу.
Літаратура і крыніцы
1. Гаўрылаў, Л. Паэзія / Л. Гаўрылаў // Скрыжалі памяці: З творчай спадчыны пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. — У 3 кн. Кн. 1 / уклад., уступ. слова, біягр. давед. пра аўт. і камент. А. Бельскага. — Мінск: Белар. кнігазбор, 2005.
2. Гаўрылаў, Л. Р. Вершы. Сшытак. З калекцыі музея СШ № 150 г. Мінска. 1935 г. / Л. Р. Гаўрылаў // БДАМЛМ. — Ф. 55. — Воп. 1. — Адз. зах. 378.
3. Кадзет, М. «Я ворага першы спаткаю ў баю…» / М. Кадзет // Літаратура і мастацтва. — 1990. — 19 студз.
4. Кірэенка, К. Шчырасць юнацкага сэрца / К. Кірэенка // Скрыжалі памяці: З творчай спадчыны пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. — У 3 кн. Кн. 1 / уклад., уступ. слова, біягр. давед. пра аўт. і камент. А. Бельскага. — Мінск: Белар. кнігазбор, 2005.
5. Штэйнер, І. Новае вымярэнне паэтычнага свету: Леанід Гаўрылаў / І. Штэйнер // Роднае слова. — 2010. — № 3. — С. 37.