Пра што пытаюцца замежнікі на ЧС-2018.
Супрацоўнікі Маскоўскага метрапалітэна склалі спіс самых незвычайных і папулярных пытанняў, якія балельшчыкі задаюць валанцёрам, паведамляецца на сайце мэра Масквы.
«Самымі папулярнымі пытаннямі сталі «Як дайсці да Краснай плошчы?» і «Дзе Нікольская вуліца?», прычым часта балельшчыкі проста паказваюць фатаграфію вуліцы з натоўпам з інтэрнэту. Акрамя таго, пасажыры з іншых краін цікавяцца, дзе станцыя з сабачкамі, маючы на ўвазе «Плошчу Рэвалюцыі», — расказаў намеснік мэра Масквы Максім Ліксутаў. Самымі незвычайнымі, на думку валанцёраў, пытаннямі турыстаў сталі: «Дзе спіць Ленін?», «Вы выйдзеце за мяне?» і «Калі ў мяне ёсць безлімітны білет на суткі, я магу пераначаваць у метро?» Больш за 100 валанцёраў штодня дапамагаюць балельшчыкам, адказваючы на іх пытанні і вырашаючы праблемы, якія ўзнікаюць у замежнікаў. Напрыклад, на станцыі «Барыкадная» адзін фанат выпусціў банкаўскую картку ў рашотку вадасцёка, і валанцёры дапамаглі яе дастаць. А турысту з Аргенціны вярнулі страчаны пашпарт.
Жыхарка Індыі адмовілася браць шлюб з жаніхом падчас вясельнай цырымоніі, калі ён спалохаўся навальніцы, паведаміла выданне The Mіrror.
Інцыдэнт адбыўся ў штаце Біхар на ўсходзе краіны. Нявеста наадрэз адмовілася выходзіць замуж пасля таго, як яе выбраннік «павёў сябе дзіўна» падчас вымаўлення вясельных клятваў, убачыўшы, як маланка ўдарыла на полі непадалёку. Сваякі жаніха пачалі шумна пратэставаць, таму што святар ужо правёў некаторыя з вясельных рытуалаў, але на іх напалі блізкія нявесты. Усё скончылася жорсткай масавай бойкай. У выніку інцыдэнту былі арыштаваныя трое сваякоў нявесты.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/teletydzen
[3] https://zviazda.by/be/tags/naviny-zamezhzha