Вакальная версія «Паланэзу Агінскага» ў выкананні беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры» сабрала мільён праглядаў на YouTube, дзякуючы чаму стала адной з найбольш папулярных версій знакамітага твору на гэтай пляцоўцы. Калектыў вырашыў адзначыць гэта афіцыйным відэа на песню.
– Кліп здымалі ранняй вясной пад Мінскам. Было холадна, паміж дублямі мы захіналіся ў коўдры да пілі гарбату, – распавядае мастацкі кіраўнік БДА «Песняры» Раман Козыраў. – Але было і весела, бо кіроўцы, якія ехалі ўздоўж поля, нават спыняліся, каб паглядзець, што гэта за людзі ходзяць тут у чатыры гадзіны раніцы.
Князь Міхал Клеафас Агінскі быў добра адукаваным чалавекам, займаў пасады пасла Рэчы Паспалітай у Галандыі і Вялікабрытаніі, а ў 1793-1794 гадах быў казначэем Вялікага Княства Літоўскага. Да таго ж, меў ён музычны талент, пісаў песні, паланэзы, маршы. У тым жа 1794 годзе браў актыўны ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Пасля быў вымушаны эміграваць, тады і напісаў паланэз «Развітанне з Радзімай». У яго кампазітарскім багажы гэта не адзіны твор такога жанру, але менавіта «Развітанне» больш вядомае як «Паланэз Агінскага» самы знакаміты. У 1812 годзе Агінскі вярнуўся ў Залессе, дзе прымаў вядомых у той час кампазітараў, мастакоў, навукоўцаў, пісьменнікаў. Менавіта яны прыдумалі Залессю другую назву – Паўночныя Афіны. Для ўлады князь заставаўся чалавекам у пэўнай ступені ненадзейным, таму ў 1822 годзе пакінуў Залессе назаўсёды.
Маёнтак Міхала Клеафаса Агінскага ў розныя часы выкарыстоўваўся і як санаторый, і як філіял музея. У 2011 годзе была распачата капітальная рэстаўрацыя сядзібы, якая завяршылася праз тры гады. З таго часу тут размяшчаецца музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага.
Дарэчы на пачатку 90-х паланэз «Развітанне з Радзімай» разглядаўся як адзін з варыянтаў гімна Беларусі. У 2008 годзе «Песняры» зрабілі на яго вакальную аранжыроўку, дадаўшы тэкст, напісаны тагачасным мастацкім кіраўніком БДА «Песняры» Вячаславам Шарапавым.
– Усё пачалося з таго, што Андрэй Каліна, на той момант прадзюсар телеканалу АНТ, прапанаваў зрабіць сучасныя аранжыроўкі класічных твораў, – дзеліцца ўспамінамі Вячаслаў Шарапаў. – Мне ідэя спадабалася. «Песняры» – гэта перш за ўсё вакал, шматгалоссе. Вырашыў зрабіць інтэрпрэтацыю «Паланэзу». Так сталася, што я апынуўся ў бальніцы, і хоць аперацыя была нескладаная, але ўсё ж такі патрэбны быў пэўны перыяд рэабілітацыі. З’ехаў у вёску. Там, у цішыні і спакоі, у атачэнні цудоўнай беларускай прыроды з’явіўся тэкст, была зроблена вакальная аранжыроўка.
Прэмьера «Паланэзу» адбылася на канцэрце ў Ваўкавыску, прысвечаным «Дажынкам». Як распавядае Вячаслаў, публіка прыняла песню на «ўра». А галоўны гукарэжысёр беларускага тэлебачання Валерый Грабенка потым расказваў Шарапаву, што падчас выканання «Паланэзу» ўся пастановачная група… устала.
– Вы ж разумееце, што гэтых людзей цяжка здзівіць, – кажа Вячаслаў.
А я памятаю, што ў бок Шарапава ляцелі стрэлы крытыкі за рускамоўны тэкст. Але на канцэртах бачыла, як звычайная публіка, таксама стоячы, слухае «Паланэз». З рускамоўным тэкстам песні «Песняры» аб'ездзілі ўвесь былы СССР. Потым польскі тэкст да «Паланэзу» напісаў родны брат Вячаслава Шарапава Аляксандр Кавалеўскі. З цягам часу Вячаслаў стварыў і беларускамоўную версію. А цяпер ёсць і ўкраінская, тэкст да якой напісаў гукарэжысёр «Песняроў» Барыс Грыдзін.
– Надзвычай прафесійны гукарэжысёр і ўвогуле таленавіты хлопец, які прыехаў да нас вучыцца з Днепрапятроўшчыны, потым ажаніўся з беларускай дзяўчынай і цяпер працуе ў «Песнярах», – кажа Шарапаў.
Папулярнасць «Паланэзу Агінскага» прынеслі канцэртныя выкананні і змешчаныя на YouTube тэлевізійныя відэазапісы на розных мовах. Больш за ўсё – звыш 650 тысяч праглядаў – у рускамоўнай версіі кампазіцыі, каля 280 тысяч – у беларускамоўнай, звыш 100 тысяч – у версіі на польскай мове. Пры гэтым, як ужо згадвалася, існуе і версія на ўкраінскай.
– Шчыра рады шырокай папулярнасці «Паланэза», а «Песнярам» хачу пажадаць поспехаў у творчасці і заўсёды памятаць, што распарадзіцца спадчынай – гэта адно, а прымножыць яе – гэта іншае, – сказаў былы мастацкі кіраўнік «Песняроў» Вячаслаў Шарапаў.
«Паланэз Агінскага» (на беларускай):
– «Паланэз Агінскага» стаў адной з візітовак нашага калектыву. Ён гучыць на кожным канцэрце ў любой краіне свету і нязменна з’яўляецца адным з эмацыянальных пікаў праграмы. Таму першы афіцыйны кліп вырашылі здымаць менавіта на яго, – распавядае Раман Козыраў.
«Паланэз Агінскага» (відэакліп):
Дарэчы, «Песняры» не раз былі ў Залессі, але нават не разглядалі ідэю здымаць кліп у сядзібе Агінскага.
– Пры ўсёй лірычнасці гэта настолькі моцная і настолькі глабальная кампазіцыя, што любыя здымкі на фоне дэкарацый альбо ў памяшканні выглядалі б штучна. Гэта гімн Радзіме, таму адзіным магчымым фонам сталі беларускія неба і зямля, – кажуць рэжысёры кліпу Дзмітрый Ляўкоўскі і Марыя Манакова.
Версія «Паланэзу Агінскага» на беларускай мове ўвайшла ў самы новы альбом «Працяг» ансамбля «Песняры», які выйшаў у маі 2018 года. Паслухаць яго анлайн можна на «Яндэкс-музыцы» [4].
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-yanouskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://music.yandex.ru/album/5255580
[5] https://zviazda.by/be/tags/pesnyary
[6] https://zviazda.by/be/tags/mihal-kleafas-aginski