Беларускія парламентарыі на чале з намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Баляславам Пірштуком адправяцца ў Берлін, дзе з 7 па 11 ліпеня пройдзе чарговая сесія Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
У склад айчыннай дэлегацыі ўваходзяць старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рахманаў і старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валерый Варанецкі.
Цэнтральнай тэмай сесіі стане выкананне абавязацельстваў у рамках АБСЕ і роля парламентаў у гэтым. Мерапрыемства прысвечана абмеркаванню пытанняў прыняцця дзяржавамі-ўдзельніцамі эфектыўных заканадаўчых мер, накіраваных на ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва і выкананне абавязацельстваў у дачыненні да падтрымання міру і бяспекі ў рэгіёне АБСЕ.
Запланаваны і шэраг двухбаковых сустрэч — як з кіраўнікамі і членамі дэлегацый дзяржаў — удзельніц арганізацыі, так і з іншымі афіцыйнымі асобамі.
Вынікам сесіі стануць выбары — старшыні ПА АБСЕ, яго намеснікаў, іншых службовых асоб. Таксама будзе прынятая Берлінская дэкларацыя, у якую ўвойдуць тры рэзалюцыі агульных камітэтаў ПА АБСЕ, а таксама шэраг дадатковых рэзалюцый.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/pa-abse