Чытачы, даўно знаёмыя са «Звяздой», памятаюць, як у 90-я газета пісала пра НЛА, а на пачатку нулявых у ёй была нават містычная рубрыка «777». У сакавіку 1990-га рэдакцыя атрымала цэлы шэраг пісем ад чытачоў пра пралёт агнявых шароў, а таксама чырвоных квадратаў у раёне Мастоў. Апошнім часам такіх навін стала менш. У чым жа справа і ці не зніклі цуды з Беларусі, мы спыталі ў Ільі БУТАВА, каардынатара суполкі «Уфакам» (ufо-соm.nеt).
Палескія цікавосткі
— Кожны сезон вы накіроўваецеся ў розныя экспедыцыі. Чым сёлетні для вас адметны?
— Ён прысвечаны двум асноўным напрамкам. Яны стартавалі ў канцы мінулага года і плаўна перацяклі ў 2018-ы. Першы напрамак я развіваю асабіста — гэта тэма цудаў. Адсочваю заканамернасці з'яўлення цудаў на тэрыторыі Беларусі. Гэтаму паклала пачатак мая кніжка, якая выйшла зімой, — «Арэал цудаў». Падчас напісання выявіліся раёны, дзе цудаў непараўнальна, я нават сказаў бы, што ў дзесяткі разоў больш, чым у іншых пунктах. І вось зараз, валодаючы гэтай інфармацыяй, мы ездзім у канкрэтныя месцы. Рухаючыся па распрацаваным загадзя маршруце, мы адсочваем і фіксуем незвычайныя з'явы. У нашых планах — далейшае развіццё гэтай тэмы і абагульненне ў межах краіны. Ужо прайшлі экспедыцыі ў некалькіх раёнах — Вілейскім, Уздзенскім, Капыльскім, Валожынскім...
Другая частка развіваецца даследчыкам Віктарам Гайдучыкам і прысвечана картаграфаванню нарубаў. Гэта такія надмагільныя помнікі ў выглядзе кавалка дрэва. Традыцыя ўнікальная і характэрная практычна толькі для Палесся, асабліва ў Брэсцкай вобласці. Дагэтуль даследаванні былі адзінкавыя і спарадычныя, зараз мы падышлі да справы больш грунтоўна.
Паралельна з гэтымі тэмамі займаемся і іншымі. Экспедыцыі часцей за ўсё маюць некалькі мэт. Калі мы распрацоўваем нейкі раён, шчыльна аналізуем літаратуру. У нас на карце нанесена некалькі кропак, якія дазваляюць раскрыць некалькі загадак. Нас цікавіць у першую чаргу тое, што невядома. Турыстычныя аб'екты не для нас.
— То-бок крыжы, якія растуць з-пад зямлі ў Тураве, — не ваш варыянт?
— Яны былі нашым варыянтам прыкладна ў пачатку 2000-х. Калі пра іх практычна ніхто не ведаў. А зараз нас больш цікавілі б крыжы, якія растуць у іншых пунктах краіны. Такія таксама ёсць. Пра іх часта паведамляюць у экспедыцыях. Натуральна, што крыжы тураўскія не ўнікальныя і прадстаўлены шырока як на Палессі, так і за яго межамі.
— А якія цуды вы даследуеце?
— У першую чаргу я зацікавіўся абнаўленнем ікон. Калі старыя, пачарнелыя ад часу абразы нечакана становяцца новымі, бліскучымі, нават пашкоджанні знікаюць. Гэтаму ёсць вельмі шмат дакументальных пацвярджэнняў у архівах. Ужо пасля таго, як мы знайшлі гэтыя звесткі, мы перайшлі да апытання людзей на мясцовасці. Гэта найбольш масавы цуд, які быў распаўсюджаны на тэрыторыі нашай краіны. Але ёсць яшчэ міратачэнне, кроватачэнне, пераадлюстраванне ікон (калі выява сама сабой наносіцца на нейкую паверхню).
— Ці заўсёды існуе навуковае тлумачэнне такім з'явам?
— Некаторым можна знайсці пэўнае навуковае ці рацыянальнае тлумачэнне. Калі на іконе з'яўляецца вільгаць, магчыма, яе з цёплага памяшкання перанеслі ў халоднае. Ці выдзяляюцца смолы, ці нейкія хімічныя працэсы акіслення адбываюцца. На сонцы абраз, напрыклад, набывае насычаны колер. Але ў дадзеным выпадку нас больш цікавіць інтэрпрэтацыя цуду. Пры гэтым даволі часта навуковая метадалогія буксуе. І часам навукоўцы пачынаюць падганяць з'яву пад нешта ім ужо вядомае. Мы на падобны падыход не хварэем. Спачатку імкнёмся разглядзець усе рацыянальныя тлумачэнні — і часцей за ўсё менавіта яны адказваюць на пытанне, чаму так адбылося, — але, калі яны канчаюцца, пераходзім да нетрывіяльных гіпотэз. Разглядаем версіі, якія не зусім прынятыя і могуць растлумачыць дадзены выпадак.
Мяне ў першую чаргу цікавяць часавыя і тэрытарыяльныя аспекты цудаў. Каб выявіць пэўныя гады-ўсплёскі, калі цудаў было больш, і ў якіх раёнах яны адбываліся.
Дзе начаваць не варта
— Ёсць меркаванне, што цудаў стала менш, таму што людзі сталі больш адукаваныя. Пагодзіцеся з гэтым?
— Тое, што колькасць памяншаецца, — гэта відавочна і зразумела. Некаторыя знікаюць, трансфармуюцца пад уплывам светапогляду. Зараз амаль не сустрэнеш расказаў пра русалак. Але, калі пачнеш размаўляць з бабулямі 80—90-гадовымі, яны раскажуць, колькі раней было выпадкаў. Яны гавораць: «Зараз усе русалкі перавяліся». Таксама можна гаварыць пра назіранне НЛА. У 90-я іх было значна больш.
Гэтыя з'явы маюць яскравую цыклічнасць. І ў чарговы цыкл могуць бачыць нешта зусім іншае. То-бок наступны раз гэта могуць быць не русалкі, НЛА, а «людзі ў чорным», напрыклад. Да таго ж ёсць і гарадскі фальклор. З'явы трансфармуюцца. І цыклічнасць цікавая з пункту погляду розных аспектаў, у тым ліку эпідэміялагічнага, гістарычнага, сацыякультурнага...
— За гэты час што самае страшнае вы бачылі?
— Адно з самых жудасных месцаў, дзе я начаваў, — гэта могілкі для самагубцаў. Там яшчэ пахаваны неідэнтыфікаваныя трупы і няма надпісаў на помніках. Пару гадоў таму была іншая незвычайная экспедыцыя, калі ўсім стала не па сабе. Гэта было ў Полацкім раёне. У нас была інфармацыя, што ў будынку раней знаходзіўся прытулак для душэўнахворых, а зараз там Дом культуры. Па нашых даных, тыя, хто там начаваў, нашмат не затрымліваліся. Нават міліцыянер, які ахоўваў дакументы, выбег адтуль, бо пачуў удары з прыбіральні, у якой нікога не было. Ён вырашыў начаваць у машыне.
Мы даследавалі гэты будынак з дапамогай комплексу апаратуры. Шчыра скажу, нам было страшна ісці ноччу ў падвал. Ва ўсіх быў нейкі ірацыянальны страх, і ў выніку мы туды не спусціліся. А раніцай, калі мы ляглі на крэслы паспаць, я палажыў свой дыктафон побач. Прачынаюся — дыктафона няма. А там усе запісы з экспедыцыі. Мы начавалі ўтрох, усе дзверы былі зачынены. У выніку знайшлі яго выпадкова забітым у вугал на дне рукзака аднаго з членаў каманды. Плюс, калі я размаўляў з дырэктарам гэтага Дома культуры, кожны раз побач з ёй нешта падала ці адбывалася, як папярэджанне для нашага прыезду.
— Мне падаецца, вам было б цікава разабрацца і з такімі гучнымі справамі, як перавал Дзятлава, напрыклад.
— Мы супрацоўнічаем з расійскім аб'яднаннем «Касмапошук», якое таксама і гэтым займаецца. Да таямніц першай велічыні мы дакраналіся. Два гады таму была сумесная экспедыцыя на перавал Дзятлава. Удзельнічалі нашы людзі і ў экспедыцыях на Мядзведзіцкую граду ў Валгаградскую вобласць. Там вельмі часта бачаць шаравыя маланкі. У большасці экспедыцый на самыя цікавыя расійскія аб'екты хтосьці з нашых удзельнічае. Мы выязджаем у памежныя з Беларуссю раёны. У прыватнасці, даследавалі Бранскую вобласць, дзе быў выпадак агнявога полтэргейсту. Выязджалі ў Смаленскую вобласць, Латвію, Украіну. Зараз у нас у Літву будзе экспедыцыя. Я сам некаторы час жыў у Расіі, і ў мяне два гады былі выезды толькі па ёй. Мы арганізавалі праект «Даследаванне гарадскіх легендаў». Правяралі іх з дапамогай апаратуры.
Навуковы падыход
— Падаецца, тая інфармацыя, што вы збіраеце, павінна быць цікавая гісторыкам ці этнографам.
— Сапраўды. Мы абменьваемся звесткамі з фалькларыстамі, гісторыкамі. З 2015 года арганізавалі канферэнцыю «Таямнічая Беларусь», у якой ухіл робіцца больш на этнаграфію, чым на анамальныя з'явы. І вось зараз выпускаем чацвёрты зборнік гэтай канферэнцыі. У ёй удзельнічаюць прафесійныя археолагі, гісторыкі, міфолагі, фалькларысты. У нас заўсёды два-тры ўдзельнікі з іншых краін: Латвіі, Расіі, Украіны. Устанаўліваем кантакты з навукоўцамі, якім былі б цікавы нашы даследаванні. Яны ў сваю чаргу таксама даюць нам інфармацыю па сваіх праектах, архіўныя даныя. Гэта цеснае супрацоўніцтва не першы год цягнецца.
— Як падчас вашых экспедыцый мясцовыя жыхары рэагуюць на пытанні аб містыцы?
— У асноўным ставяцца спакойна. Але ў адной з экспедыцый нас прынялі за зборшчыкаў металалому. Бывала, што і за валацуг прымалі. Хтосьці гаварыў, што мы прыйшлі пенсію красці, бо яе толькі далі. Але гэта ўсё вельмі рэдкія прыклады, хутчэй выключэнні. Ёсць і вельмі пазітыўная рэакцыя. Часта сутыкаюся з тым, што чалавек мне гаворыць: «Нікому ў жыцці не расказваў — вам першаму». То-бок ступень даверу вельмі высокая.
— Якая ваша любімая легенда аб прывідзе? Вы ўжо аднойчы расказвалі карэспандэнту «Звязды», што, па вашых даследаваннях, Чорная панна Нясвіжскага замка — гэта зусім не Барбара Радзівіл...
— Вось гэта і ёсць мая любімая легенда. Яна перакручана да немагчымасці і паказвае, як узнікаюць легенды такога кшталту, трансфармуюцца, укараняюцца. Я яе разглядзеў з розных пазіцый. Столькі матэрыялаў накапаў. Мабыць, сёлета чарговую экспедыцыю правядзём на гэтую тэму. Ёсць ідэя кніжку па гэтай легендзе выпусціць, бо столькі часу сядзелі ў архівах і працавалі са сведкамі.
— А што наконт гісторый пра скарбы з золатам?
— Мы не знаходзілі, але легенды гавораць, што яны знаходзяцца пад камянямі, побач з культавымі дрэвамі, на нейкіх узгорках. У нас як? У кожным другім Святым возеры і ў кожным трэцім балоце затоплена карэта Напалеона з золатам. Вядома, гэта ўсё ў асноўным няпраўда. Але знаходзяцца тыя, хто шукае, капае дзясяткі гадоў. Самы непрыемны вопыт быў у нас, калі мы расказалі пра адзін комплекс з камянёў. Пасля публікацыі на нашым сайце хтосьці яго раскапаў. Камяні скінулі, выкапалі велізарную яму. Хоць там нічога і не было. Таму справа чорных капальнікаў жыве. Там столькі сваіх «фішачак»: не кожнаму скарб дасца, ён можа стаць зайцам і збегчы, яго трэба яшчэ ведаць, як узяць...
Надзея АНІСОВІЧ
Фота: ufo-com.net
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-anisovich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nla
[4] https://zviazda.by/be/tags/ufolagi