На сваёй малой радзіме — у аграгарадку Глушкавічы Лельчыцкага раёна — сустрэўся з землякамі старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед.
На асабісты прыём да яго звярнуліся людзі, не згодныя з прысудам суда, а таксама грамадзянка, якая аспрэчвае судова-медыцынскую экспертызу памерлага ад пераахалоджвання сваяка. Жанчына пераканана, што смерць насіла гвалтоўны характар, аднак экспертыза не знайшла гэтаму пацвярджэнняў. Старшыня паабяцаў пераправерыць высновы экспертызы і даць пісьмовы адказ, а таксама растлумачыў парадак абскарджання судовых рашэнняў.
Шчэбневы завод «Глушкавічы», дзе працуе ледзь не большасць насельніцтва, стаў месцам сустрэчы з людзьмі, многія з якіх памятаюць бацькоў Андрэя Іванавіча. Менавіта таму землякі задавалі самыя вострыя пытанні, многія з якіх не адносяцца да яго непасрэднай кампетэнцыі, але вельмі важныя для людзей. Напрыклад, сельскія жыхары папрасілі дапамагчы з будаўніцтвам аўтазапраўкі, бо самая блізкая знаходзіцца аж за 50 км — у райцэнтры. Другім важным грамадскім пытаннем стала будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады. людзей таксама цікавіла добраўпарадкаванне дарог: насельніцтва аграгарадка перавышае дзве тысячы, шмат аўтатранспарту, а на вуліцах няма ходнікаў. Андрэй Швед паабяцаў паспрыяць у рашэнні пытанняў і пракантраляваць ход іх выканання.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/pryyom-gramadzyan
[4] https://zviazda.by/be/tags/andrey-shved