У Рэчыцкім раёне апошнім часам рэалізаваны шэраг інвестыцыйных праектаў, якія значна ўплываюць на развіццё Гомельскай вобласці ў цэлым. Напрыклад, у агракамбінаце «Холмеч» пабудавана малочнатаварная ферма на 1000 галоў. У КСУП «Дзяржынскі-агра» завяршаецца будаўніцтва фермы на 600 галоў дойнага статка. ААТ «Рэчыцадрэў» працягвае мадэрнізацыю вытворчасці ДСП. Тут завершана будаўніцтва завода смол, які мае стратэгічнае значэнне для прадпрыемства. РУП «ВА «Беларуснафта» рэалізаваны ў поўным аб'ёме інвестыцыйны праект па будаўніцтве самай магутнай у Рэспубліцы Беларусь фотаэлектрычнай станцыі. Рэчыцкім райжылкамгасам завершаны работы па будаўніцтве новай кацельні ў гарадскім пасёлку Зарэчча. Летась у эканоміку раёна інвеставана каля 285 мільёнаў рублёў. Пры гэтым, адзначае старшыня Рэчыцкага раённага выканаўчага камітэта Віталь Панчанка, унёсак раёна ў аб'ём інвестыцый Гомельскай вобласці вельмі істотны — каля 10 %.
— Па большасці прагнозных паказчыкаў мы ідзём з адчувальнай станоўчай дынамікай і сёлета. Асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю прамысловага комплексу, дзе фарміруецца больш як 60 % выручкі ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг. Між тым летась тэмп росту прамысловай прадукцыі склаў 124 %. Валаўтваральныя прадпрыемствы ААТ «Речыцадрэў» і ААТ «Рэчыцкі метызны завод» паказваюць высокія тэмпы аб'ёмаў вытворчасці прадукцыі, што станоўча адбіваецца на эканоміцы рэгіёна ў цэлым. На тэрыторыі раёна паспяхова працуюць прадпрыемствы, створаныя з удзелам капіталу Аўстрыі, Кіпра, Расіі, Германіі і іншых краін. Летась у раён паступіла каля $2,8 млн прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове.
— Відаць, усё гэта разам спрыяе і стварэнню працоўных месцаў у Рэчыцы?
— На зноў створаныя працоўныя месцы за кошт з'яўлення новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў летась было працаўладкавана 425 чалавек, за кошт пашырэння дзейнасці існуючых — 345. За першы квартал сёлета — 106 чалавек. Дарэчы, у Рэчыцкім раёне самыя высокія заробкі на Гомельшчыне. Сярэдні паказчык за чатыры месяцы года складае амаль 936 рублёў.
Рэчыцкі раён экспартуе ў 36 краін свету больш за 48 % прадукцыі, якая тут вырабляецца. Важнае значэнне для экспарту раёна мае вынік дзейнасці метызнага завода. Яго доля складае каля 83 %. Шмат работ у Расіі выконваюць супрацоўнікі ААТ «Буравая кампанія «Дэльта».
Малое прадпрымальніцтва ў Рэчыцкім раёне актыўна спрыяе фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, росту вытворчасці спажывецкіх тавараў, развіццю сферы паслуг, стварэнню новых працоўных месцаў. Цяпер у нас зарэгістравана 2242 суб'екты малога і сярэдняга бізнесу. У гэтай сферы занята каля 16 % насельніцтва раёна. Ад недзяржаўнага сектара ў бюджэт раёна толькі летась мы атрымалі больш 20 млн рублёў, ці звыш 20 % ад агульнай сумы паступленняў.
— І ўсё ж, асноўнай галіной эканомікі раёна была і застаецца сельская гаспадарка...
— Прагнозны паказчык па тэмпе росту вытворчасці валавой прадукцыі аграпрамысловы комплекс раёна сёлета забяспечыў на 108,2 % пры прагнозе 106,2 %. За студзень — красавік у сельскагаспадарчых арганізацыях Рэчыцкага раёна ў разліку на аднаго работніка памер выручкі склаў 12,1 тыс. рублёў. Гэта на 30,8 % вышэй за ўзровень 2017 года. Увогуле ж, сёлета, як і раней, будзем забяспечваць ўстойлівае развіццё тэрыторыі і павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. Каб гэта адбывалася, трэба павышаць эфектыўнасць дзейнасці прадпрыемстваў: скарачаць выдаткі вытворчасці пры адначасовым павелічэнні аб'ёмаў выпуску. Важна імкнуцца да росту рэнтабельнасці продажаў, а таксама агульнай прыбытковасці прадпрыемстваў.
Успенскі сабор
Будаўніцтва гэтага сабора пачалося ў 1841 годзе і толькі ў 1864-м зноў аднавілася. У 1872 годзе ён быў дабудаваны і асвячоны. У 1934 годзе сабор закрылі, а яшчэ праз некалькі гадоў ператварылі ў «Дом сацыялістычнай культуры». Сабор застаўся без купалаў, яго інтэр'ер быў цалкам зменены, да храма прыбудавалі драўляны будынак. У 60-я гады памяшканне стала безгаспадарным. Толькі ў 1999 годзе сабор вярнулі вернікам. Цяпер Успенскаму сабору прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Ён ганарыцца сваім іканастасам, які пяціярусны, уключае дваццаць чатыры абразы. У 2011 годзе ў храме з'явіліся два ківоты ў гонар святога Мікалая і Казанскай Божай Маці.
Троіцкі касцёл
Сёння ён уяўляе яркі прыклад неагатычнай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Упершыню каталіцкі касцёл у Рэчыцы быў пабудаваны ў 1634 годзе. Храм упрыгожваў горад да 1756 года, калі быў пабудаваны новы драўляны Троіцкі касцёл і манастыр пры ім. У 1842 годзе рэчыцкія дваране падалі просьбу пра будаўніцтва новага — мураванага — касцёла на тым жа месцы. Але будаўніцтва было завершана толькі ў 1903 годзе.
Троіцкі сабор ведаў розныя часы. У гады савецкай улады будынак выкарыстоўваўся ў якасці склада, электрастанцыі, піўной, вітаміннага бара. У 1998 годзе касцёл прызналі помнікам архітэктуры ХХ стагоддзя і ўключылі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. У 1999 годзе яго вярнулі вернікам. Цяпер касцёл з'яўляецца адным з упрыгожанняў горада.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/rechycki-rayon
[4] https://zviazda.by/be/tags/lyudzi
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhyccyo
[6] https://zviazda.by/be/tags/vital-panchanka
[7] https://zviazda.by/be/tags/gomelskaya-voblasc