Кабачкі — вельмі непатрабавальная культура. Пасадзіў і забыўся: нават пустазелле пад іх вялізным лісцем не атрымлівае святла і не расце. Таму ўдвая крыўдна, калі замест шчодрага плоданашэння ў кабачка аказваюцца напалову гнілыя завязі. Якія ж прычыны выклікаюць гэтую непрыемную з'яву і як з гэтым змагацца?
Прычына першая: надвор'е
Нягледзячы на ўсю непераборлівасць, кабачок — расліна паўднёвая і патрабуе шмат цяпла і святла. Вельмі дрэнна пераносіць пахаладанне і дажджлівае лета. Асноўная прычына гнілі завязяў — дажджы і холад. У такіх умовах кусты прыгнечаны і самі пазбаўляюцца ад «лішняй» завязі. Дапамагчы ім можна, выдаліўшы частку старых лістоў, якія загушчаюць кусты. Палепшыўшы праветрыванне, можна выратаваць частку завязяў ад гнілі.
Прычына другая: недахоп мікраэлементаў
Часта завязі гніюць з-за недахопу мікраэлементаў. У першую чаргу бору і ёду. Справіцца з гэтай праблемай проста. Дастаткова ўзяць на 10 л вады 2—5 г борнай кіслаты і, развёўшы яе ў гарачай вадзе, апырскаць расліны. Можна выкарыстоўваць комплексы мікраўгнаенняў, якія змяшчаюць гэты элемент.
Іншая прычына загнівання кабачкоў — недахоп ёду. Выправіць праблему можна апырскваннем раслін ёдыдам калію. Асабліва дабратворна гэта адбіваецца на цукіні.
Прычына трэцяя: загушчанасць пасадак
Калі і надвор'е добрае, і кусты нармальна развіваюцца, і мікраэлементамі падкармілі, а расліны ўсё роўна скідваюць гнілую завязь, то прычына, хутчэй за ўсё, у загушчанасці пасадак. Гэта значыць, што кусты пасаджаныя блізка адзін да аднаго. Выдаліце частку лісця з цэнтра куста, толькі не адразу, а паступова, па адным у дзень. Тады расліны паступова акліматызуюцца да сонца і праветрывання куста.
Прычына чацвёртая: праблема крыецца ў кветцы
Калі кабачкі ўжо завязаліся, то можна было б выдаліць і кветку з завязяў. Бо яна можа набіраць вільгаць ад дажджоў, расы і паліву, ад чаго кабачкі загніваюць. Толькі не спяшайцеся з гэтай працэдурай, трэба адрозніваць завязі і жаночыя кветкі. Жаночыя кветкі нясуць невялікія завязі — карнішоны. Калі ў гэты час у іх выдаліць кветку, то загіне і завязь, не атрымаўшы апылення. Толькі калі кабачок крануўся ў рост, у яго можна выдаліць рэшткі кветкі.
Прычына пятая: занадта частыя палівы
Кабачкі любяць вільгаць, бо карані ў іх размешчаныя вельмі блізка да паверхні глебы. Але часціць з палівамі нельга — занадта высокая вільготнасць можа выклікаць гнілі пладоў. Таму кабачкі паліваюць рэдка, але багата: не менш за 20 л на адзін куст.
Ірына Тамковіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-tamkovich
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/krynichka
[4] https://zviazda.by/be/tags/kabachki