Спікер ніжняй палаты беларускага парламента прапанаваў план, як зарабіць на чэмпіянаце свету па хакеі, які прымуць Мінск і Рыга ў 2021 годзе.
Пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, рэгіянальнага ўзаемадзеяння, падрыхтоўкі да чэмпіянату свету па хакеі абмеркаваў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы з латвійскай парламенцкай дэлегацыяй. Спікер адзначыў, што наша краіна адкрытая для шырокага супрацоўніцтва па многіх кірунках, якія ўяўляюць цікавасць і для Латвіі.
У сваю чаргу старшыня Камітэта па абароне, унутраных справах і прадухіленні карупцыі Сейма Айнарс Латкоўскіс адзначыў актывізацыю ўзаемадзеяння ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй і кантрабандай. Таксама ён лічыць неабходным працягваць умацоўванне кантактаў на розных узроўнях. Акрамя таго, падчас размовы парламентарыі закранулі ход падрыхтоўкі да чэмпіянату свету па хакеі, які ў 2021 годзе прымуць Мінск і Рыга. Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што дзвюм краінам неабходна абмеркаваць падрыхтоўку дарожнай інфраструктуры і прыдарожнага сэрвісу. «Мы павінны на гэтым зарабіць, паказаць імідж Беларусі і Латвіі. Магчымасці ў нас такія ёсць», — дадаў старшыня Палаты прадстаўнікоў. Таксама ён прапанаваў парламентарыям двух бакоў зрабіць канкрэтны план работы, які б дапамог кропкава вырашаць пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, рэгіянальнага ўзаемадзеяння, умацавання гуманітарных кантактаў.
У час сустрэчы было адзначана станоўчае развіццё супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай сферы. Латвійскі бізнес летась інвеставаў каля $125 млн у эканоміку краіны. Старшыня Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што ў Беларусі і Латвіі яшчэ шмат перспектыўных кірункаў для ўзаемадзеяння і парламентарыі павінны прымаць удзел у іх развіцці.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/chempiyanat-svetu-pa-hakei
[4] https://zviazda.by/be/tags/hakey
[5] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-andreychanka-0