Учора ў Мінску прайшоў фінал Міжнароднага міжуніверсітэцкага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Вясна — 2018”. За карону і галоўны тытул спаборнічалі восем прыгажунь з Беларусі, Расіі, Арменіі і Латвіі.
Арганізатары, сярод якіх БРСМ і Расійскі саюз моладзі, кажуць, што крытэрыем адбору ўдзельніц былі не толькі знешнія даныя. Важны і сцэнічная культура, камунікабельнасць, веданне этыкету, пачуццё гумару, творчыя здольнасці.
Нашу краіну прадстаўлялі студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава Марыя Салаўёва [3], Вераніка Адамовіч з БДЭУ і Улада Вадзянава з Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Конкурс праводзіўся ў 27-ы раз. Сёлета тэмай фінала стала “Падарожжа на лайнеры мары”. Удзельніцы дэфілявалі на сцэне ў матросскіх касцюмах, нацыянальных уборах, спартыўным адзенні (Еўрапейскія гульні ж на носе!) і вячэрніх сукенках. А свае таленты дзяўчыны маглі прадэманстраваць падчас творчага конкурсу.
Каму ж удалося скарыць журы? Пераможцай і ўладальніцай кароны стала студэнтка Паўночна-Каўказскага федэральнага ўніверсітэта Настасся Кобцава. Дзяўчына — актывістка Расійскага саюзу моладзі і майстар спорту па мастацкай гімнастыцы. Яна з’яўляецца байцом педагагічнага атраду і пастаяннай удзельніцай гарадскіх мерапрыемстваў. Настасся стала таксама “Каралевай Вясны Online”: у сацыяльнай сетцы “Укантакце” яна набрала найбольш галасоў.
Тытул “Першай віцэ-Каралевы Вясна” дастаўся нашай Машы — будучаму філолагу і трэнеру па бальных танцах. “Другой віцэ-Каралевай Вясна” стала студэнтка Паўночага (Арктычнага) федэральнага інстытута імя Ламаносава Валерыя Кетава.
“Каралева Вясна” — некамерцыйны творчы студэнцкі праект. Ён накіраваны на падтрымку таленавітай моладзі, захаванне культуры і традыцый народаў СНД і блізкага замежжа.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://zviazda.by/be/news/20180523/1527082463-kali-tvoy-trener-karaleva-yakaya-hocha-usyago-i-adrazu
[4] https://zviazda.by/be/tags/karaleva-vyasna
[5] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[6] https://zviazda.by/be/tags/prygazhosc
[7] https://zviazda.by/be/tags/snd
[8] https://zviazda.by/be/tags/studentka