Казацкая кавалерыя, польскія ўланы, рэгулярная руская пяхота, егерскія палкі, шэваліжэры, гусары, ружэйная страляніна, залпы пушак і бязлітасныя сутычкі напалеонаўскіх і рускіх войскаў на полі за мястэчкам Мір і нават на яго цэнтральнай плошчы. Яскравая, гучная і відовішчная рэканструкцыя гістарычнай "Бітвы пад Мірам", якая здарылася тут у далёкім 1812-м, на два дні ахапіла сёлета пасёлак, яго жыхароў і гасцей.
Асноўнае дзеянне ваенна-гістарычнага фестывалю пабудавана на гістарычных падзеях. У мястэчку Мір вырашана было стварыць пастку для наступаючай напалеонаўскай арміі. Яе заспелі знянацку яшчэ на падыходзе да Міра, пасля атакавалі ў самім мястэчку. Тым часам асноўныя сілы рускіх войскаў працягнулі адступленне, выйграўшы такія неабходныя ім гадзіны.
Паглядзець падчас рэканструкцыі было на што. Сутычкі коннікаў з пяхотай, дым і страляніна, мільгаценне шабляў, "забітыя", наступленні сценкай і абарона спінай да спіны, рукапашныя бойкі...
— Задумка цудоўная, эмоцыі неверагодныя, першыя гучныя залпы ружжаў — увогуле нечаканасць. Засмучае толькі, што цяжкавата было пабачыць усё, бо баі амаль адначасова ішлі па ўсім перыметры плошчы. Прыходзілася перабягаць туды-сюды, і так губляўся час, не паспявалі за войскамі, — выказаўся пра відовішча Максім з пасёлка Варонча, што ў Карэліцкім раёне.
Тэрыторыя вакол летняга амфітэатра ў Міры ператварылася ў першы дзень у "Французскі дворык", дзе можна было акунуцца ў атмасферу сярэдневяковага замежжа. Гасцям прапанавалі згуляць у картачныя гульні штос і базільён або шахматы з шашкамі, скласці неверагодна цяжкі пазл з маленечкіх кавалачкаў ці паваражыць на картах. Літаральна праз аднаго варажбітка прарочыла дарогу да вялікіх грошай, якая скочыцца банкетам ды прыемнымі нечаканасцямі, бо карты ўсе светлыя.
Аматары мастацтва нацешыліся спектаклем народнага лялечнага тэатра "Батлейка" Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійнага тэхнічнага каледжа і адпачылі ў салоне "Адам Міцкевіч запрашае...". Тут прайшла літаратурная вечарына, а госці не толькі пазнаёміліся з творчасцю паэта, а і папілі гарбаты на зёлках з малінай ды мёдам. Даспадобы прыйшлося гледачам і выступленне хлопцаў з ансамбля старажытнай музыкі "Хардвуд".
Надвячоркам тут арганізавалі майстар-класы для ахвотных навучыцца танцаваць французскі кацільён і правільна есці смаўжоў. Экзатычная страва — "Смаўжы па-бургундску" пад соусам песта са шпінатам альбо сосусам сацыбелі з папрыкай і чылі — карысталася вялікім попытам. Далікатэс імкнуліся пакаштаваць усе, тым больш што тым, хто частаваўся ўпершыню, абяцалі, што можна загадваць жаданне, якое абавязкова збудзецца.
Больш за 300 рэканструктараў бітвы пад Мірам арганізавалі непадалёк ад замка сапраўдны шатровы лагер. Хоць гістарычна так размяшчалася бадай што толькі пяхота, у полі каля возера месца хапіла ўсім. І гусарам, якія ў рэальнасці звычайна заўсёды кватаравалі ў памяшканнях, і казакам, якім, як больш простым воінам, было не прывыкаць да поля, і польскім уланам. Паўдзельнічаць у бітве ў Беларусь з'ехаліся клубы з Расіі, Польшчы, Бельгіі, Францыі. Уявіце, якое няўрымснае жаданне займацца сваёй справай трэба мець, каб правезці цераз мяжу такі ваенны скарб: узбраенне, коней, касцюмы.
Рэканструкцыя бітвы другога дня, якая прайшла ў полі, была яшчэ больш відовішчная і насычаная. Да бою далучыліся гарматы, ружжы не змаўкалі, а коні, учуўшы абсяг, проста праляталі каля гледачоў, у якіх дух займала, калі перад іх тварамі пачыналася сеча.
Шаблі, дарэчы, у адрозненне ад стрэлаў, самыя сапраўдныя і вельмі вострыя. У гэтым прысутныя ўпэўніліся, калі пабачылі спаборніцтвы па сячэнні. 12 удзельнікаў у імгненне вока ссякалі кавалак палкі, на якой вісела шапка, ды так, што ўбор ізноў падаў на тую частку трысціны, што засталася.А ўявіце сабе спрыт, з якім умельцы проста наразалі на часткі пластыкавую бутэльку з вадой, якая пры гэтым працягвала стаяць... Спачатку адна, а потым і ўсе тры адразу.
Што і казаць, сёлетнюю рэканструкцыю будуць памятаць да наступнага годау, калі Мір ізноў паспрабуюць захапіць напалеонаўскія войскі.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/mir
[4] https://zviazda.by/be/tags/festyval
[5] https://zviazda.by/be/tags/vaenna-gistarychnaya-rekanstrukcyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/vayna
[7] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[8] https://zviazda.by/be/tags/voyska