Конкурс "Дзядзька барада-2018" пройдзе ў Вілейцы 14 ліпеня, паведамілі ў Вілейскім Палацы культуры.
Мерапрыемства такога плану ў Вілейцы праводзіцца ўпершыню. "Цяпер сярод хлопцаў модна насіць бараду, таму мы падумалі, што конкурс будзе цікавы і актуальны для жыхароў Вілейскага раёна", - растлумачылі ў Палацы культуры.
Да ўдзелу запрашаюць мужчын з барадой, якія пражываюць у Вілейскім раёне. Мэта конкурсу - падтрымаць таленавітых маладых людзей у рэалізацыі іх творчага патэнцыялу, выявіць і стымуляваць новыя напрамкі сучаснай моды і авангардных творчых кірункаў.
Праграма выступу будзе ўключаць прадстаўленне канкурсанта і творчы нумар (танцавальны, вакальны, інструментальны). Удзельнікаў будуць ацэньваць па крытэрах арыгінальнасці, відовішчнасці, артыстызму, узроўню выканання.
Журы вызначыць пераможцу "Дзядзька барада-2018" і адзначыць уладальнікаў дагледжанай, самай доўгай, натуральнай, стыльнай і крэатыўнай барады. Яны атрымаюць спецыяльныя дыпломы і каштоўныя прызы.
Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 12 ліпеня.
Арганізатарам конкурсу выступае Вілейскі райвыканкам.
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by/
[2] https://zviazda.by/be/tags/vileyka
[3] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[4] https://zviazda.by/be/tags/barada