У Пастаўскім раёне знайшлі пенсіянерку, якая правяла шэсць дзён у лесе, паведаміў афіцыйны прадстаўнік УУС Віцебскага аблвыканкама Віталь Сапроненка.
Каля 20.00 6 ліпеня ў Пастаўскі РАУС звярнуўся жыхар вёскі Хрыстова. Мужчына распавёў, што ўжо дзень не бачыў сваёй 89-гадовай суседкі, якая пражывае адна. Жанчына з гэтай вёскі распавяла міліцыянерам, што сустрэла бабулю днём 5 ліпеня, калі тая ішла ў лес. Першапачаткова пошукі пенсіянеркі не далі вынікаў.
"Затым былі задзейнічаны супрацоўнікі МНС з верталётам і квадракоптарам. І сёння ў час пралёту над лесам супрацоўнік міліцыі заўважыў сінюю пляму, а жанчына брала з сабой пакет такога колеру. Калі ратавальнікі і міліцыянеры дабраліся да пенсіянеркі, тая ляжала на паляне. Яна была ў стане моцнага абязводжвання, з паніжаным ціскам, але ў прытомнасці", - распавёў Віталь Сапроненка.
Як высветлілася, пенсіянерка адправілася ў лес па траву, у яе закружылася галава, пасля чаго яна і заблудзілася. Жанчыне выклікалі хуткую дапамогу, зараз яна знаходзіцца ў бальніцы.
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/mns
[3] https://zviazda.by/be/tags/mus
[4] https://zviazda.by/be/tags/les