Вёска, дзе вырашылі пабудаваць хату Рыгор і Марына Хвясюкі, амаль апусцела, наўрад ці там набярэцца з пяток жылых дамоў. Аднак сям'я з Мікашэвіч прыязджае сюды кожную вольную часіну. Дабудоўвае другі паверх і садзіць дрэвы, плануе абжываць мясціну ўсур'ёз. «Каб дзеці ведалі, што батоны не на дрэвах растуць», — жартуюць у размове бацькі. Але і самі прызнаюцца: нешта цягне сюды, да рэчкі, буслоў і жабіных «аркестраў».
«У 18 гадоў я мела план...»
Здаецца, што можа з'яднаць у сямейную пару гараджанку з Віцебска і хлопца, які ўсё маленства правёў у маленькай палескай вёсачцы?
— Муж адразу ўразіў сваім характарам, — успамінае Марына. — На лета я прыязджала да бабулі і там заўважыла незвычайнага хлопца. Бацькі рассталіся, калі ён быў яшчэ дзіцем, і гэта наклала свой адбітак. У тыя часы нельга было пражыць без гаспадаркі, таму Рыгор з маленства дапамагаў маці, умеў касіць, араць. Пры гэтым быў добры, уважлівы і адказны, марыў стварыць і захаваць сям'ю. Аднагодкі не ішлі з ім у параўнанне — яны здаваліся спешчанымі хлопцамі з ветрам у галаве. А ў мяне ўжо ў васямнаццаць гадоў быў план, якой хачу бачыць будучую сям'ю.
— Не баяліся выходзіць замуж так рана?
— Думаю, для гэтага нельга быць занадта маладым альбо старым. Ёсць людзі, якія і пасля 30 не ўсведамляюць, што без клопату пра каханага пабудаваць адносіны немагчыма. Калі ты вырашаеш упусціць у асабістую прастору іншага чалавека, табе давядзецца прыслухоўвацца да яго меркавання. Асабістае «я» сыходзіць на другі план, саступаючы «мы». Кахаць — гэта паважаць, цаніць, быць уважлівым адно да аднаго. Калі мы з Рыгорам пачалі сустракацца і расказваць пра сябе, то зразумелі, што маем падобныя погляды.
— Няўжо на спатканнях вы садзіліся побач і пачыналі абмяркоўваць сумеснае жыццё гадоў на 10—20 наперад?
— Мы і цяпер садзімся побач, каб параіцца пра будучыню. Хоць быў перыяд рамантыкі, калі Рыгор мог патэлефанаваць у Віцебск, каб праспяваць песню пад гітару. Я думаю, сям'і неабходна шчырасць — калі не баішся выказаць партнёру што добра, а што не падабаецца. Безумоўна, можна маўчаць, па-пакутніцку закочваць вочы, але тады замест сям'і атрымаем серыю з «мыльнай оперы», дзе героі накручваюць драму на пустым месцы. Можа быць, твая палавінка не ўяўляе нават, што ты лічыш нейкі ўчынак крыўдным, і, калі шчыра расказаць пра свае перажыванні, любімы чалавек пастараецца больш не рабіць балюча.
— Вам ніколі не даводзілася спрачацца?
— Нам з мужам нельга, — смяецца Марына. — Калі дзеці чуюць, што нехта з нас павышае голас, адразу прыбягаюць: «Ой, а чаму вы тут крычыце?» Воляй-няволяй стараешся пры любой спрэчцы прыйсці да кампрамісу. Так, напрыклад, было, калі выбіралі імя для малодшай дачкі — усе сямейнікі сабраліся на «галасаванне».
«Залатая» сцяна
Артур, Міхаліна, Злаціслава... Дзіўным чынам імёны дзяцей сталі падказкай для іх будучыні і характару. Так, старэйшы сын нарадзіўся даволі маленькім, і бацькі вырашылі назваць дзіця іменем легендарнага караля-рыцара. Хлопец вырас, пасталеў і цяпер служыць у акадэміі МУС. Другая дачка Міхаліна стала доўгачаканай, яна нарадзілася праз восем гадоў пасля брата і стала сапраўдным «Божым дарам». Таленавітая дзяўчынка выступае ў самых розных музычных конкурсах. Яе прыклад пераймае малодшая дачушка Злаціслава. Маленькая артыстка пакуль што ходзіць у першы клас, але таксама любіць выступаць на сцэне. У дзіцячым пакоі адна сцяна спрэс завешана медалямі і дыпломамі. Дзяўчаткі жартуюць, што «сцяна гонару» яшчэ не поўная, бо ў шуфлядах хаваюцца ўзнагароды, для якіх не хапіла месца.
— У якіх вобразах даводзілася выступаць? — пытаюся ў Міхаліны.
— Ва ўсіх, — крыху падумаўшы, сур'ёзна адказвае дзяўчынка. Яна штомесяц удзельнічае ў музычных фестывалях і конкурсах, спявае на раённых і гарадскіх святах і не так даўно аказалася вылучана ад раёна на Прэзідэнцкую прэмію.
— Міхаліна спявае ў розных жанрах. Музычны педагог працуе над пастаноўкай голасу і над вакалам, а я, атрымліваецца, выконваю абавязкі касцюмера, грымёра і рэжысёра-пастаноўшчыка нумароў. Гэта вельмі дзіўна, бо ў дзяцінстве марыла працаваць з адзеннем, пастаянна шыла абноўкі лялькам і вось — прыдумляю вобразы для дачкі, — прызнаецца Марына. — Здаецца, колькі нумароў мы ўжо адпрацавалі, але кожны раз, калі дочкі выступаюць, заўсёды стаю за кулісамі, бо пастаянна перажываю і хвалююся за іх, як і настаўніца Яўгенія Ткачук.
Для ўзнагарод з фестываляў і музычных спаборніцтваў ёсць свая «варта» — шытыя лялькі, якія Міхаліна майструе разам з мамай і малодшай сястрой. Тут і барадаты абаяльны Зюзя, і Васіліса з сінімі валасамі, якая мела сваю ролю ў выступленні на конкурсе «Сям'я года — 2017». Дарэчы, дагэтуль тры папярэднія гады прадстаўнікам Брэсцкай вобласці не ўдавалася ўзяць прызавое месца ў конкурсе.
— Рыгор добры па натуры. Вось аднойчы пайшоў па справах у гарвыканкам, а там прыкінулі, што наша сям'я быццам бы падыходзіць пад конкурсныя параметры, і перадалі яму палажэнне аб удзеле. Памятаю, як тэлефануе мне: «Марына, тут палажэнне аб сямейным конкурсе ўручылі. Давай зробім пару фотаздымкаў, адксерым некалькі дыпломаў і перашлём». Гэта пасля, як ён прыйшоў дамоў і мы пачалі чытаць патрабаванні, валасы на галаве заварушыліся — столькі ўмоў трэба выканаць! Я нават папрасіла мужа занесці гэтыя паперы назад, бо здавалася, што не зможам. Аднак сабраліся, падумалі і вырашылі: трэба паспрабаваць. Не сказаць, што шлях да фіналу аказаўся лёгкі. Дапамагалі куратары з Лунінца, мікашэвіцкі рэжысёр Валянціна Шэўчык і дырэктар Цэнтра дзіцячай творчасці Алена Саўчук, але большую частку работы рыхтавалі самастойна.
Ад лірнікаў да прыбліжаных цара
— На заданні «Радавод» вы адзіныя зладзілі выступленне на беларускай мове, ды яшчэ разыгралі перад гледачамі побытавую сцэнку з кроснамі і бабулінымі песнямі. Гэта конкурс паспрыяў даследаванню сямейнага дрэва?
— Мой бацька яшчэ гадоў дзесяць назад зацікавіўся гісторыяй роду і пачаў праглядаць архівы. Памятаю, як ён паўтараў: «Марынка, я тут таго-сяго «накапаў», ты не паверыш, але ў нас ВЕЛЬМІ глыбокія карані!» Хоць мне на той час было не да даследаванняў — маленькая дачка, «пялюшкавыя» клопаты... Але ў памяці словы бацькі адклаліся і потым прыдаліся да справы. Мужавы старэйшыя родзічы таксама цікавіліся радаводам, ездзілі ў архівы ў Мінску, дзе высветлілі гісторыю роду дакладна да XVІІІ стагоддзя. Атрымліваецца, нашы дзеці — дзясятае пакаленне.
— У гісторыі продкаў што вас зацікавіла больш за ўсё?
— Паходжанне нашых прозвішчаў. Хвясюк, як аказалася, слова вельмі старое, звязанае з гісторыяй старажытных часоў. Калісьці яно было распаўсюджана сярод вандроўных музыкаў-лірнікаў, засталіся згадкі, быццам бы гэта было адно з іх бостваў. Самае дзіўнае, але ў мужавай сям'і сапраўды многія з цягай да музыкі і спеўным дарам ад прыроды, ды і нашы дачушкі маюць пакліканне да спеваў. Што датычыцца «жаночай» лініі, то маё дзявочае прозвішча Будзішэўская. Кажуць, яно пайшло з часоў Івана Жахлівага і прызначалася людзям, якія былі набліжаныя да цара — альбо родзічамі, альбо тым, што знаходзіліся ў свіце.
— Падаецца, з такой гісторыяй роду не вельмі вяжуцца кросны...
— Наадварот, для нашай сям'і гэта звыклы прадмет. Дзед Рыгора лічыўся заможным чалавекам, меў сялібу і нават здаваў у арэнду гліняны кар'ер на сваёй зямлі. А каб усяго гэтага дабіцца, даводзілася працаваць. Потым вясковае жыццё таксама не адпускала далёка ад традыцый. Ну а я, хоць і жыла ў горадзе, кожныя вялікія канікулы прыязджала на Палессе да бабулі. Яны з дзедам трымалі вялікую гаспадарку: куры, свінні, авечкі, каровы, конь. А яшчэ ў іх доме заўсёды ткалі. Памятаю, расказвалі, што кросны калісьці зрабіў сваімі рукамі дзед са спецыяльна выпісанай драўніны, вось і атрымаліся яны масіўныя, надзейныя. У сабраным стане займалі, бадай, усё месца ў хаце, так што дарослыя ссоўвалі мэблю да сцен. На намотку нітак збіралася ўся вуліца, і бабуля пастаянна буркацела, каб я «барані Божа» нічога ў гэтай намотцы не зрушыла і не пераблытала. Але ж вядома: што нельга, тое і цікава, дык я рознымі хітрыкамі прабіралася ў пакой і назірала за работай, запамінала, куды якія ніткі прымацоўваць. Цяпер прыгадваю, што ў кожнай вёскі быў свой арнамент, быццам бы і падобны на той, што ў суседзяў, але ў нечым адрозны.
У краі буслоў
Нягледзячы на тое, што цяпер сям'я жыве ў кватэры, Рыгор не пакінуў мары адрадзіць вясковы дамок. Больш за тое, «заразіў» ёю сямейнікаў.
— Муж ад самага пачатку не хацеў поўнасцю перабірацца на «каменныя паверхі». Ён многае прывык рабіць сваімі рукамі — можа і сена накасіць, і дом пабудаваць. Не дзіва, што дзеці сталі пераймаць навуку быць гаспадарамі. Дамок, які застаўся Рыгору ад маці, літаральна «ў зямлю ўрос». Затое побач стаяў цалкам прыдатны цагляны хлеўчык. Нам ён падаваўся даволі надзейным. Вырашылі параіцца з лунінецкім архітэктарам, бо патрэбны былі дакументы на рэканструкцыю, той доўга аднекваўся, але мы дамагліся свайго. А жаданне рэканструяваць пабудову было, ды яшчэ якое! Да першапачатковых сцен дабудавалі другі паверх, тэрасу і цяпер кожнае лета выязджаем на прыроду, наводзім апошні лоск. Дарэчы, калі вялікая рака разліваецца, вада стаіць каля самага парога.
Дзікая «прырода» пры блізкім знаёмстве аказалася не такой ужо і палахлівай. Пра свае незвычайныя сустрэчы Міхаліна і Злаціслава расказваюць захоплена. Далёка бацькі не дазваляюць хадзіць, але і побач з хатай багата ўражанняў — трава па плечы, жабы, цвыркуны... Прыходзяць і буйныя госці: зайцы, лісы, ласі.
— Калі прыязджаем у вёску, то мне асабліва цікава назіраць за жабамі — як яны «спяваюць», але як толькі праляціць над галавою бусел, то ў стаўку адразу поўная цішыня, — дзеліцца ўражаннямі Міхаліна. — Буслоў побач жыве мноства, птушкі літаральна на кожнай хаце і на кожным слупе. Падабаецца назіраць, як летам у кожным гняздзе бацькоў чакаюць птушаняты.
— Пару гадоў назад пасадзілі саджанцы дрэў, а абвязаць стволікі забыліся. Дык што вы думаеце — зайцы іх тут жа аб'елі! — далучаецца да ўспамінаў Марына. — А то яшчэ муж вырашыў выкапаць на ўчастку невялікую сажалку. З часам яе берагі густа зараслі вербалозам і мокрую мясціну ўпадабалі бабры. Перабраліся да нас з суседняй рэчкі і збудавалі побач з чалавечым жытлом уласную плаціну. Рыгор потым спецыяльна нас вадзіў і паказваў, як вакол вады дрэвы абгрызены, нібы алоўкі.
* * *
Некаторыя людзі скажуць, што дзеці дабаўляюць клопатаў. Магчыма, яно і так, але, развітваючыся з Рыгорам, Марынай і дзяўчаткамі, злавіла сябе на думцы, як гарманічна яны дапаўняюць адно аднаго: тата і мама вучаць малых павазе да продкаў і мясцін, дзе яны ўсе нарадзіліся, а дзеці пастаянна рухаюцца да новых вяршыняў і не даюць дарослым застываць у побытавых клопатах.
Рагнеда ЮРГЕЛЬ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ragneda-yurgel
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/syamya-goda