Пад вокладкай калектыўнага выдання Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі сабраныя творы 25 розных аўтараў: тут не толькі згаданыя калыханкі ды забаўлянкі, але таксама вершы і апавяданні, казкі ды загадкі.
Зрэшты, як адзначае ўкладальнік зборніка, кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца» Ірына Карнаухава, усё гэта літаратурнае багацце разлічана не толькі на дзяцей малодшага школьнага ўзросту: «Гэта кніга для сямейнага чытання. Бо нараджаецца дзіця — мама, тата ці бабуля пяюць яму калыханкі, дзіця расце і чуе простыя вершыкі, казкі; потым само вучыцца чытаць, сталее разам з літаратурнымі героямі і знаёміцца з новымі вершамі і апавяданнямі — а там, дасць Бог, кніга пяройдзе ўжо да наступнага пакалення, з сям'і ў сям'ю... А акрамя дзяцей і іх бацькоў, спадзяюся, зборнік будзе запатрабаваны ў выхавацеляў дзіцячых садкоў, настаўнікаў малодшых класаў і бібліятэкараў».
Да сустрэчы з чытачамі зборнік ішоў амаль тры гады, але чаканне было вартым таго. Дзякуючы Выдавецкаму дому «Звязда» кніга атрымалася, з аднаго боку, важкай і аб'ёмнай, а з другога — лёгкай для ўспрымання: захапляльныя сюжэты, прывабныя маляўнічыя ілюстрацыі мастачкі Алены Лось, вялікі шрыфт, зручны нават для маленькіх дзяцей. А яшчэ, што асобна адзначае Ірына Карнаухава, — зборнік ва ўсіх сэнсах сучасны. Многія з яго аўтараў прысвяцілі творы ўласным дзецям і ўнукам, а таму арыентаваліся не на ўяўленні старэйшага пакалення пра тое, якімі мусяць быць дзеці, а на інтарэсы і захапленні саміх дзяцей. Сучасныя гаджэты, папулярныя інтэрнэт-рэсурсы, навамодныя слэнгавыя слоўцы, якімі карыстаюцца сённяшнія дзеці і падлеткі, — усё гэта ёсць у прадстаўленых апавяданнях і вершах, і гэта пры тым, што найстарэйшаму з аўтараў зборніка ўжо 92 гады.
...Хто такі Шубуршун і чым заняты кот Гаўруша, пакуль гаспадары не бачаць? У якія прыгоды трапіў Сонечны зайчык і калі бывае лагоднай Снежная Каралева? Якія яшчэ героі жывуць на 280 старонках у вершах, загадках, казках і апавяданнях? Пачытайце — дзецям і разам з дзецьмі. Невялікія па памеры, розныя па стылях і жанрах, гэтыя творы аднолькава добра падыходзяць для сумеснага чытання і для таго, каб вучыцца новаму, развівацца ды проста добра бавіць час.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/litaratura