На свяце народных касцюмаў у Віцебску прадставяць вынікі працы майстроў за многія гады, паведаміла вядучы метадыст абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Людміла Вакар.
На пл. Свабоды 13 ліпеня адбудзецца свята-конкурс народнага традыцыйнага касцюма "Сцяжкі майстэрства". Свята прысвечана 80-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці. Майстры рэгіёну прадставяць розныя рэканструяваныя традыцыйныя касцюмы, якія стваралі на працягу многіх гадоў. Лепшых умельцаў вызначаць у некалькіх намінацыях, уручаць і Гран-пры конкурсу.
На суд журы прадставяць рэканструкцыі традыцыйнага народнага касцюма, шляхецкага, верхняга адзення. Таксама ўдзельнікі пакажуць майстэрства ў тэхналогіі вырабу, правядуць майстар-класы і прадставяць аксэсуары да адзення.
"Удзельнікам трэба будзе прэзентаваць свой касцюм. На гэтым этапе задзейнічаюць фальклорныя калектывы, якія дапамогуць у стварэнні мастацкага вобраза, сюжэту, дзе раскрыецца функцыянальная прыналежнасць народнага адзення", - распавяла Людміла Вакар.
Рэканструкцыя традыцыйных касцюмаў - няпростая праца, адзначыла вядучы метадыст. Каб узнавіць яе, майстры ездзілі ў экспедыцыі па вёсках, размаўлялі з людзьмі, наведвалі музеі, кіраваліся фатаграфіямі, навуковымі працамі і этнаграфічнымі матэрыяламі. Таксама розныя конкурсы і выставы ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці дапамагалі ў падрыхтоўцы да аднаўлення касцюмаў продкаў.
Арганізатары дадалі, што калі ў дзень конкурсу будзе дождж, то "Сцяжкі майстэрства" пройдуць у КЗ "Віцебск".
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by/
[2] https://zviazda.by/be/tags/narodny-kascyum
[3] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[4] https://zviazda.by/be/tags/svyata
[5] https://zviazda.by/be/tags/samabytnasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-kultura
[7] https://zviazda.by/be/tags/vicebsk