Пакуль абітурыенты вывучаюць прахадныя балы на спецыяльнасці і прыкідваюць, на што хопіць іх вынікаў, выпускніца пінскай гімназіі № 3 Настасся ЖАЎНЕРЫК ведае дакладна: паступіла. У суме дзяўчына набрала 400 балаў! У яе скарбонцы — па сотні за ЦТ па грамадазнаўстве і англійскай мове, залаты медаль і дыплом рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. “У прыёмнай камісіі [4] БДУ вельмі здзівіліся, калі ўбачылі мае балы. Спыталі, чаму на тэлебачанні мяне яшчэ не паказвалі. Адказала, што тэлебачанне, мабыць, не даехала да Пінска”, — жартуе абітурыентка.
Рыхтавацца да ЦТ пінская школьніца пачала за год. Займалася з рэпетытарамі — па два двухгадзінныя заняткі на тыдзень па кожным прадмеце.
— Думаю, магла б і сама, але, калі ёсць кантроль з боку, гэта заўсёды лепш. Ты разумееш, што, калі прыйдзеш да настаўніка непадрыхтаваным, будзе няёмка. Плюс яны даюць больш ведаў, чым у школе. Напрыклад, школьная праграма па англійскай мове не зусім супадае з тым, што падаецца ў ЦТ. Яшчэ я набывала падручнікі з тэстамі, рашала іх. Як і ўсе. Але так атрымалася, што падрыхтавалася трошкі лепш за іншых, — сціпла расказвае Настасся.
Дзяўчына падлічвае: агулам на вывучэнне англійскай мовы і грамадазнаўства траціла гадзін 16 на тыдзень. У прыёмнай камісіі яе нават пашкадавалі: маўляў, ніякага асабістага жыцця. “Але яно было! — пераконвае суразмоўніца. — Я гуляла з сябрамі, хадзіла ў кіно, чытала, спала. Сон — гэта вельмі важна”.
Першымі з’явіліся вынікі па грамадазнаўстве. Насця тады была дома, але глядзець балы баялася — папрасіла малодшага брата. Калі пачула пра сотню, не паверыла: ведала, што гэта магчыма, але не ў яе выпадку. А бацькі прызналіся: так і думалі, што дачка здасць тэсты на выдатна. Вынікі па англійскай мове дзяўчына ўбачыла, калі ехала ў аўтобусе. Ад радасці крычала так, што ўсе пасажыры азіраліся. Пінчанка, дарэчы, пісала ЦТ па яшчэ адным прадмеце — гісторыі Беларусі. На ўсякі выпадак. Набрала 79 балаў. “Але я мэтанакіравана не рыхтавалася”, — кідае незнарок.
З алімпіядай па беларускай мове таксама склалася як ніколі ўдала. На абласны этап школьніца трапіла толькі ў гэтым годзе. Не хавае: нават не думала, што выйдзе на рэспубліку. А калі выйшла, зрабіла ўсё магчымае, каб атрымаць 100 балаў для паступлення.
— Я люблю беларускую мову. З пісьменнікаў мне падабаецца сучаснік Віктар Марціновіч. Яго кнігі вельмі складана ў Пінску знайсці, чытала яго ў інтэрнэце. А з класікаў любімы паэт Багдановіч.
Бацькі дзяўчыны працуюць у Пінскім аўтобусным парку. Мама — касір, тата — вядучы спецыяліст аддзела маркетынгу. Але Насця выбрала іншы шлях. Падала дакументы на факультэт міжнародных адносін БДУ. Спецыяльнасць — “міжнародныя адносіны”. “Сябар параіў. Я пачытала пра факультэт, з’ездзіла на дзень адкрытых дзвярэй, паслухала выкладчыкаў. Прахадныя балы вельмі высокія — для мяне гэта гаворыць аб тым, што спецыяльнасць прэстыжная. Ёсць перспектыва стаць дыпламатам ці міністрам замежных спраў, чаму не?” — смяецца.
Запасны варыянт, вядома, быў — юрфак Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце або МДЛУ (бо ёсць здольнасці да вывучэння замежных моў). Але ў выніку ўсё склалася па плане А.
Тым, хто будзе рыхтавацца да паступлення ў наступным годзе, Настасся раіць правільна размяркоўваць свае сілы.
— Не трэба з самага пачатку ўвесь час аддаваць прадметам. Бо калі сядзець 24 гадзіны на суткі і вывучаць адно і тое ж, гэта хутка абрыдне і ты не зможаш глядзець на падручнікі. Усё варта рабіць паступова. А потым на ЦТ максімальна сканцэнтравацца. І не хвалявацца — інакш да 90 балаў не дацягнеш.
У ліпені дзяўчына плануе адпачываць дома. А ў жніўні збіраецца ў лагер “Блік”, на спецыялізаваную змену для тых, хто гуляе ў “Што? Дзе? Калі?”. “Гэта мой любімы лагер, куды паеду трэці і, на жаль, апошні раз”.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] http://zviazda.by/be/news/20180713/1531479301-u-bdu-padala-dakumenty-abituryentka-z-agulnay-sumay-balau-400
[5] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/ct
[7] https://zviazda.by/be/tags/pryyomnaya-kampaniya