Лаўрэаты прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва назаўтра пасля ўручэння высокіх узнагарод сустрэліся з журналістамі.
— Як вы ставіцеся да сучаснай творчай моладзі, чым яна радуе, а чым, магчыма, засмучае і якія захады варта яшчэ зрабіць, каб дазволіць самарэалізавацца таленавітым маладым людзям? — запыталася «Звязда» ў лаўрэатаў.
— На мой погляд, трэба даць магчымасць моладзі часцей чуць добрую музыку, у тым ліку класічную, каб выхоўваць густ, — лічыць дырыжор Валерый Палянскі. — Тым больш што такая патрэба, безумоўна, ёсць, мяркуючы па тым, колькі маладой публікі я бачу на розных канцэртах: оперных, камерных, сімфанічнай музыкі.
— Сённяшняя моладзь, канешне, зусім іншая, чым трыццаць гадоў таму. Я магу сказаць па сваім сыне, якому 23, — у яго зусім іншыя інтарэсы, у тым ліку музычныя. Штосьці з гэтых песень падабаецца і мне, а штосьці я катэгарычна не прымаю, — дзеліцца кампазітар Алег Іваноў. — Асабліва тое, што часта даводзіцца бачыць, — другаснасць, прыпадабненне да чужых стыляў, напрыклад да амерыканскіх субкультур. Таму мая парада маладым творцам — падбіраць для сваіх песень словы простыя, блізкія і зразумелыя слухачам, адштурхоўвацца ад добрай мелодыі. А яна, у сваю чаргу, — я ўпэўнены ў гэтым, — мусіць грунтавацца на народнай традыцыі. Цікавая і самабытная толькі нацыянальная культура і нацыянальная мова — руская, беларуская, украінская, армянская — тая, у якой ты жывеш.
— Я падтрымаю калег у тым плане, што найперш у моладзі трэба развіваць добры густ, а для гэтага не абмяжоўвацца адной толькі папулярнай музыкай, шмат глядзець і слухаць, параўноўваць, — дадае балетмайстар Валянцін Елізар'еў. — На жаль, часта даводзіцца бачыць, у тым ліку і на сцэне «Славянскага базару», такія выступленні, якія, на мой погляд, не дацягваюць па мастацкім узроўні да міжнароднага фэсту. І каб была мая воля, я іх скараціў бы ўдвая ці нават больш. Гэта не значыць, што я супраць творчых эксперыментаў: у нас хапае таленавітай моладзі, якая шукае і прапаноўвае нешта новае. Аднак пэўную мастацкую планку трэба трымаць.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/slavyanski-bazar-u-vicebsku