Вучэбна-кансультацыйны цэнтр па аднаўляльных крыніцах энергіі ў Навагрудскім аграрным каледжы, сістэма гарачага водазабеспячэння на сонечнай энергіі ў цэнтральнай раённай бальніцы і новая ветрастанцыя ў вёсцы Грабнікі. Тры новыя аб'екты ў адзін дзень з'явіліся ў раёне дзякуючы праекту «Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне — Дарожная карта для экалагічна чыстай тэрыторыі».
Навагрудак — унікальнае па сваіх прыродна-кліматычных умовах месца. Таму аднаўляльная энергетыка — асаблівасць краю, яго іміджавы складнік, заўважыў на ўрачыстым адкрыцці ветрастанцыі Анатоль Маркевіч, старшыня Навагрудскага райвыканкама.
Вятрак магутнасцю 2,5 МВт — гэта ўстаноўка 100-метровай вышыні з 50-метровымі лопасцямі — з'явіўся дзякуючы падтрымцы Еўрапейскага саюза ў партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.
Андрэа Віктарын, пасол Еўрапейскага саюза ў Беларусі, адзначыла фінансавую карысць, якую прынясе работа ўстаноўкі вучэбнаму цэнтру Міністэрства прыроды, што дазволіць яму распрацоўваць дадатковыя вучэбныя праграмы і даваць магчымасці для падрыхтоўкі будучых спецыялістаў.
Сёння на Навагрудчыне працуе амаль не палова ўсіх ветраўстановак Беларусі (20 з 50). Агульная магутнасць ветракоў раёна — 32 МВт.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/navagrudski-rayon
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekalogiya