Сёння па віцебскіх вуліцах шпацыравалі косплееры і сярэднявечныя рыцары, экзатычныя танцоры капаэйры і юныя футбалісты, удзельнікі мадэльных агенцтваў і эстэтычных студый, прадстаўнікі розных моладзевых субкультур, танцавальных накірункаў і відаў спорту, а следам праязджалі велатрыялісты, скейтбардыты і ўладальнікі рарытэтных і, наадварот, найсучасных цюнінгованых аўтамабіляў – на “Славянскім базары” праходзіць Дзень моладзі.
У традыцыйным арт-парадзе “БелаРусь у Сэрцы Маім!” узялі ўдзел падлеткі і моладзь з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія прадставілі разнастайныя спартыўныя і творчыя накірункі.
Пасля ўрачыстага ўскладання кветак да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воніаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны ўдзельнікі свята рушылі на плошчу Перамогі, дзе кожны знайшоў занятак на свой густ. На галоўнай сцэне віншавалі віцяблян і гасцей горада з Днём моладзі Алена Ланская, Вольга Сацюк, гурт “PROвокация” і іншыя артысты і музычныя калектывы. Паралельна сваю праграму прапаноўвалі пляцоўкі Рэспубліканскага турніра па воркауце “Наша сіла” і Кубка Беларусі па сілавым экстрыме, адбываліся мастацкія майстар-класы і выстава жывых скульптур, “лазерны біятлон” і аб’ёмныя шахматы, запрашалі наведнікаў пляцоўкі вулічнага баскетболу і інтуітыўнага футболу.
“Паспрабуеце свае сілы?” – запрашалі далучыцца да апошняга самых смелых. Гульня, у якой нароўні з невідушчымі і слабавідушчымі спартсменамі ўдзельнічаюць усе ахвотныя, аранаючы спецыяльныя маскі, насамрэч толькі падаецца лёгкай. Па-першае, у інтуітыўным футболе выкарыстоўваецца больш цяжкі мяч з бразготкамі ўнутры, а па-другое, зарыентавацца па гуках, адключаючы такі звыклы зрок, -- сапраўдны чэлендж для непадрыхтаванага чалавека. І тым не менш, ахвотнікаў падтрымаць спартсменаў знаходзілася даволі многа – гэтак сама як і тых, хто падтрымліваў рэкорды веларолераў і трукі скейтбардыстаў—удзельнікаў ІІ этапу адкрытага чэмпіянату рэспублікі.
А тыя, каму ўсё гэта падавалася занадта цяжкім, з задавальненнем пагружаліся ў атмасферу Фестывалю дваровых гульняў “Альтэрнатыва”: скачкі ў класікі і скакалкі, гарадкі, бадмінтон, лато, даміно, крыжыкі-нулікі… Нават звыклы для “Славянскага базару” дождж не перапыніў забавы, хіба толькі прымусіў шчыльней закутацца ў дажджавікі ды раскрыць над суседзямі парасоны.Што рабіць, дождж – таксама фестывальная традыцыя.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота Віктара НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/slavyanski-bazar-u-vicebsku