Навукоўцы гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адкрылі паселішча старажытных славян канца другой - першай паловы V стагоддзя н.э., пацвердзіўшы гіпотэзу іх паходжання з тэрыторыі Беларускага Палесся.
Унікальнае навуковае адкрыццё стала магчымым дзякуючы новым археалагічным знаходкам супрацоўнікаў і студэнтаў гістарычнага факультэта каля вёскі Яскавічы Салігорскага раёна Мінскай вобласці.
На гэты час на паселішчы адкрыты шэраг пабудоў і аб'екты, датаваных канцом другой-- першай паловай V стагоддзя нашай эры. Каштоўнасць даследаванняў заключаецца ў тым, што вывучэнне артэфактаў дазволіліа адкрыць невядомыя старонкі этнагенезу славян. Да цяперашняга часу не ўстаноўлена і не вызначана тэрыторыя паходжання найбольш ранніх гістарычных славян. Агульнапрызнанай найбольш ранняй археалагічнай культурай з'яўляецца пражская, якая належыць гістарычным славянам V-VII стагоддзяў. Раннія яе помнікі былі адкрыты на тэрыторыі Беларускага Палесся і Кіеўшчыны.
У археалагічнай навуцы больш за 40 гадоў існуе гіпотэза выхаду продкаў сучасных славян з земляў Беларускага Палесся. Гэта тэорыя падтрымліваецца шэрагам вядучых спецыялістаў у галіне раннеславянскай археалогіі."Аднак Беларускае Палессе да цяперашняга часу застаецца практычна белай плямай на археалагічных картах III-IV стагоддзяў - эпохі, якая папярэднічала фарміраванню славян і з'яўленню іх на старонках пісьмовых крыніц" - пракаментаваў адкрыццё кіраўнік археалагічных раскопак дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін гістарычнага факультэта Вадзім БЕЛЯВЕЦ .
На дадзены момант на месцы археалагічных раскопак знойдзена калекцыя дэталяў касцюма і ўпрыгожванняў канца II - IV ст.ст. н.э. з эмалямі (фота 1), сярэбраная манета рымскага імператара Камода (фота 2). Можна сцвярджаць, што тут дзейнічаў цэнтр па вытворчасці бронзавых упрыгожванняў і, магчыма, вялася здабыча і апрацоўка жалеза. Серыя знаходак кажа пра тое, што жыхары гэтага паселішча на працягу амаль 200 гадоў падтрымлівалі кантакты са сваімі паўднёвымі і заходнімі суседзямі - гістарычнымі готамі, якія ў гэты час жылі на тэрыторыі сучаснай Украіны і паўднёва-заходняй Беларусі ( фота 3).
Найбольш яркай знаходкай з'яўляецца бронзавы прадмет, які не мае аналагаў на тэрыторыі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Ён, верагодна, з'яўляецца наканечнікам ножнаў мяча (фота 4). Выраблены быў для шляхетнага ваяра і звязаны з мілітарнай культурай германскіх плямёнаў перыяду Вялікага перасялення народаў. На сёння гэта найбольш позняя знаходка, звязаная з гістарычным помнікам, якая дае падставы меркаваць, што насельнікі паселішча маглі загінуць паміж 400 - 460 гадамі ў выніку набегу дружыны воінаў, якія ўдзельнічалі ў бітвах на тэрыторыі Падунаўя ў эпоху закату Рымскай імперыі.
Вадзім Белявец рэзюмаваў: "Вынікі раскопак у Яскавічах дазваляюць выказаць здагадку, што далейшыя археалагічныя даследаванні на Беларускім Палессі дазволяць выявіць і іншыя помнікі, якія адносяцца да эпохі заключнага этапу этнагенезу славян, і тэорыя аб тым, што прарадзімай сучасных славянскіх народаў было менавіта Палессе, атрымае новыя пацверджанні.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/navuka
[4] https://zviazda.by/be/tags/arhealogiya