Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў на абедзвюх сваіх пляцоўках адкрыў «двайную» выстаўку, якая пачала працаваць учора, 20 ліпеня. На праспекце Незалежнасці наведвальнік можа знайсці «Фантастычнае ў сучасным беларускім мастацтве», а на Някрасава — «Ірэальнае ў сучасным беларускім мастацтве». Экспазіцыі сфарміраваны з твораў, якія захоўваюцца ва ўласных фондах Музея, і паказваюць тое, пра што хутчэй за ўсё фантазіруе і сам госць.
Гэта значыць, тут можна ўбачыць нешта, што мае даволі своеасаблівую якасць жыцця, — не існуе ў фізічным свеце, не знаходзіцца вакол нас, не дае магчымасці сябе памацаць, але прадстаўляецца хоць і ў даволі размытых, але больш прывабных вобразах. Трэба прызнаць, што свет нашых фантазій можа быць куды цікавейшы за рэальны.
Імёны вядомыя — Валерый Славук з яго лесунамі, русалкамі і дамавікамі, Алесь Родзін з іншаземнымі светамі, графік Сяргей Балянок з самотным чалавекам у прасторы старога горада. Георгій Скрыпнічэнка, які, дарэчы, зараз выстаўлены на плошчы Якуба Коласа ў праекце «Мастак і горад», «свяціст» Рыгор Іваноў, сусветна вядомы графік Юрый Якавенка, таксама графікі Уладзімір Гладкевіч, Марта Шматава.
«Асаблівасць інтэрпрэтацыі гэтай тэмы ў Беларусі мае відавочны ўплыў дахрысціянскай міфалогіі, этнаграфіі і выяўленчых элементаў гісторыка-культурнай спадчыны, — гаворыцца ў прэзентацыі праектаў, — такім чынам, фантастычнае ў візуальным мастацтве краіны — прадстаўнічы брэнд — тое, што нас вылучае і адначасова аб'ядноўвае з іншымі народамі планеты».
На праспекце Незалежнасці і на вуліцы Някрасава выстаўкі будуць працаваць да 16 і 4 верасня адпаведна. Прадстаўнікі цэнтра лічаць, што работы, уключаныя ў экспазіцыі, з'яўляюцца гонарам нашага сучаснага мастацтва.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/mastactva
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya