Год таму я ўпершыню прыехала сюды на медыяпалігон. Вельмі важна вяртацца ў знакавыя для цябе месцы не толькі ў год малой радзімы. Тут я пазнаёмілася з Галінай Рай, якая ўжо больш за дзесяць гадоў кіруе Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Упершыню ўбачыла гераіню свайго іншага рэпартажу Веру Перапечу [4], якая жыве ў Валожыне дзевяноста адзін год.
Маршрутка спыняецца ў цэнтры горада на вуліцы Савецкай. Я выходжу. Горад жыве звыклым для яго жыццём. Касцёл Святога Юзэфа адкрыты.
Для мяне Валожын заўсёды заставаўся загадкай. Я не ведаю чаму. Напэўна, таму што тут перасякаюцца ўсе магчымыя для нашай краіны культуры. Каб зразумець, як – трэба пажыць у Валожыне. Іду па Набярэжнай да знаёмага будынка, дзе была год таму - гэта аддзяленне дзённага знаходжання людзей з інваліднасцю. Тут ідзе рамонт. Таму пагутарыць ўдаецца толькі з супрацоўнікамі цэнтра. Аказваецца, зусім хутка на другім паверсе будынка будзе хостэл.
Сустракаемся з Галінай Рай. Яна распавядае пра новыя праекты, пра другое месца ў Слуцку на конкурсе сярод калектываў сацыяльных устаноў Мінскай вобласці, пра адкрыцце ў наступную суботу інклюзіўнай дзіцячай пляцоўкі, якую сваімі сіламі арганізавала ініцыятыўная група з яе ўдзелам. Я пішу ў нататнік тэмы, па якія сюды яшчэ прыеду. Потым гаворым пра жыццё, пра адпачынак і падарожжа. Мы з Галінай ў розны час скончылі адзін і той жа універсітэт і пачыналі працаваць у музеях. Адчуваю, што яна мяне разумее.
Дождж сканчаецца. Выглядае сонца. Накіроўваюся да плошчы. Хутка прыедзе маршрутка да Мінска. Па дарозе забягаю ў сядзібу Тышкевічаў, дзе зараз знаходзіцца РАУС. Мне дазваляюць зазірнуць у музей, які супрацоўнікі зрабілі самі.
Цікавая паездка тады, калі ты едзеш па адно, а атрымліваеш у два разы больш. Хоць і здаецца, што ўсё пайшло не так, як ты запланаваў. Ведаю адно, што з Валожынам мы яшчэ сустрэнемся.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/taccyana-tkachova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] http://zviazda.by/be/news/20180328/1522250076-sezony-adzennya-very-perapechy
[5] https://zviazda.by/be/tags/valozhyn
[6] https://zviazda.by/be/tags/god-maloy-radzimy-u-belarusi