У Беларусі ўпершыню пройдзе нацыянальны этап міжнароднага конкурсу "Экалагічна дружалюбны фермер Балтыйскага рэгіёну - 2018" (BalticFarmeroftheYearAward).
Вось ужо дзесяць гадоў гэты конкурс праводзіцца для таго, каб папулярызаваць перадавыя практыкі сельскай гаспадаркі, якія з'яўляюцца дружалюбнымі для Балтыйскага рэгіёну. Ёсць і яшчэ адна мэта - падтрымаць фермераў і вытворцаў, якія імкнуцца змяншаць нагрузку на экалогію.
Конкурс арганізуе Сусветны фонд дзікай прыроды (WWF). Беларускія сельгасвытворцы атрымалі магчымасць удзельнічаць у ім упершыню. Ініцыявалі правядзенне конкурсу ў нашай краіне Цэнтр экалагічных рашэнняў" (Беларусь) і кааліцыя "Чыстая Балтыка" (Швецыя).
- Не сакрэт, што сельская гаспадарка з'яўляецца адной з асноўных крыніц забруджвання навакольнага асяроддзя, у прыватнасці, водных рэсурсаў. Асабліва распаўсюджана забруджванне вады ўгнаеннямі з утрыманнем азоту і фосфару, што выклікае "цвіценне" вадаёмаў, уключаючы само Балтыйскае море. Я спадзяюся, што правядзенне гэтага конкурсу ў Беларусі стане адным з крокаў для прасоўвання і падтрымкі тых фермерскіх гаспадарак, якія надаюць належную ўвагу экалагічным аспектам у сваёй працы, - падкрэслівае дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген ЛАБАНАЎ.
У конкурсе могуць удзельнічаць прадстаўнікі фермерскіх і іншых невялікіх сельскагаспадарчых вытворчасцей, якія знаходзяцца ў зоне вадазбору Балтыйскага мора ў Беларусі (Гродзенская, Віцебская і частка Мінскай абласцей). Больш падрабязныя ўмовы ўдзелу, а таксама заяўка на конкурс доступны па спасылцы [1].
Пераможца конкурсу атрымае прыз у 1000 еўра. Заяўкі на конкурс прымаюцца да 26 жніўня 2018 года.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] http://ecoidea.by/ru/article/3622
[2] https://zviazda.by/be/tags/fermery-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/fermer
[4] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[5] https://zviazda.by/be/tags/selskaya-gaspadarka