На планетарным першынстве (U-20) сёлета беларуска Карына Таранда заваявала залаты медаль у скачках у вышыню, а таксама ўстанавіла нацыянальны рэкорд у гэтай узроставай катэгорыі, пераадолеўшы вышыню 192 сантыметры. Раней спартсменка, якая нарадзілася ў Баранавічах, выйграла Універсіяду, а наперадзе ў дзяўчыны чэмпіянат Еўропы ў Берліне. У інтэрв'ю нашай газеце Карына расказала пра свой шлях да чэмпіёнства, пра тое, як пасля перамогі ў Фінляндыі яна кінулася ў абдымкі фатографа і чаму яе сацыяльныя сеткі вядуцца выключна на беларускай мове.
— Карына, перамога ў Тамперэ ўваходзіла ў вашы з трэнерам планы?
— На чэмпіянаце свету задачы перада мной стаялі высокія, спадзяваліся на медаль, на добры вынік. На працягу двух сезонаў мы рыхтаваліся менавіта да гэтага старту і ўсё задуманае ўвасобілася ў жыццё і збылося. Усё залежала ад майго стану, вынік мог бы быць нашмат горшы, але я паказала максімум таго, на што здольная на дадзены момант.
— Разлічвалі ўзяць вышыню 192 сантыметры?
— Часта мяне турбавалі думкі з нагоды нацыянальнага рэкорду, заставалася не так шмат спаборніцтваў, каб яго ўстанавіць. Страшна было спадзявацца на чэмпіянат свету, таму што ўзровень турніру высокі, устанавіць асабісты і нацыянальны рэкорд там было неверагодна складана.
— Што важнейшае: рэкорд або перамога?
— Важна тое, што было да гэтага. Увесь шлях, які мы прайшлі, нашмат важнейшы, чым сам медаль або рэкорд. Толькі потым разумееш, што гэта розныя рэчы.
Калі пераадолела вышыню 192 сантыметры, не ведала, што гэта першае месца, таму што ў маіх саперніц былі яшчэ спробы. Скажу больш, я нават не думала пра перамогу на сектары, у той момант адчувала сябе робатам, проста выконвала пэўныя рухі. Абедзве дзяўчыны, якія размясціліся на другім і трэцім месцах, вельмі моцныя, стапрацэнтна маглі ўзяць гэтую вышыню, проста крыху не пашанцавала. Пасля спробы на 192 сантыметрах мне трэба было скакаць наступную вышыню, таму я падышла да трэнера, спытала пра свае памылкі, ён мне сказаў пра іх, і спаборніцтвы працягваліся.
Пасля таго як зразумела, што стала чэмпіёнкай свету, перажыла каласальныя пачуцці, эмоцыі. Наварочваюцца слёзы, калі ўспамінаеш, што было да гэтага, напрыклад, учора, за дзень да спаборніцтваў. А проста ўсведамленне таго, што цяпер у цябе ёсць залаты медаль... Я не скажу, што нешта ў маім жыцці змянілася. Я такая ж, як і была, проста з трэнерам выканалі свой план.
— Што першае пачулі пасля перамогі? Напэўна, гэта былі словы трэнера?
— Наогул, першым мяне павіншаваў малады чалавек, які быў на сектары, ён быў прама там, уяўляеце? Паехаў у Фінляндыю ад беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі як фатограф. Калі я зразумела, што выйграла, кінулася да яго ў абдымкі. Шмат каму магло здацца гэта дзіўным — спартсменка падбягае да фатографа і кідаецца ў абдымкі. (Смяецца.) Трэнер знаходзіўся на трыбуне вельмі далёка, але я бачыла яго радасны твар. Там жа сядзела наша каманда, яны крычалі мне віншаванні. Гэта было вельмі прыемна.
— У свеце сёння сур'ёзная канкурэнцыя ў вашым відзе спорту?
— Цяпер на чэмпіянаце свету была самая высокая канкурэнцыя за доўгія гады, ніколі не было такога, каб усе тры прызавыя месцы занялі спартсменкі, якія паказалі вынік, большы за 190 сантыметраў, наступныя да 7-га месца пераадолелі 187 сантыметраў. Раней з вынікам 186 сантыметраў заўсёды можна было разлічваць на медаль.
— Якія старты чакаюць вас у найбліжэйшы час?
— Свой план, мэту на лета я выканала, ды і адбор на чэмпіянат Еўропы ўжо прайшла. Буду скакаць у задавальненне, набірацца вопыту. У Берліне мая мэта — проста паспаборнічаць з дамамі з эліты, для мяне гэта ўпершыню. Вядома, хочацца прайсці кваліфікацыю, паказаць тую вышыню, якую я магу пераадолець.
— Якімі якасцямі павінен валодаць атлет, каб быць паспяховым у скачках?
— Гэта ўсё вельмі індывідуальна. У кагосьці галоўнае — гэта мэтанакіраванасць, у кагосьці — выбухная энергія, у кагосьці — наадварот, расслабленне. Калі казаць пра мяне, галоўнае — гэта канцэнтрацыя, воля эмоцыям і поўная адсутнасць думак перад стартам.
— Важна пралічыць, як выступіць сапернік, якую вышыню заявіць у той ці іншы момант?
— Не ведаю, як у астатніх, але ў маім выпадку гэта праца трэнера, я ніколі не пралічваю, як яны скачуць, гляджу больш за сабой.
— У сваіх інтэрв'ю вы казалі, што вялікую ролю ў спорце мае псіхалогія...
— Так, у мяне сястра па адукацыі псіхолаг, яна часта працуе са мной. За некалькі месяцаў да чэмпіянату свету мы пачалі рыхтавацца, таму што я ведала свае праблемы на сектары, якія відавочна перашкаджаюць скакаць. Разы два на тыдзень садзіліся і менавіта на гэтую тэму размаўлялі, трэніраваліся і адпускалі ўсе пытанні, якія не давалі мне паказваць вынік.
— Вам прыходзіцца спаборнічаць з самой сабой, а не непасрэдна з сапернікам, гэта цяжка?
— Калі ты пераможаш сябе, толькі тады ў барацьбу ўключаюцца канкурэнткі, і гэта заўсёды падганяе скакаць вышэй. Вядома, галоўнае — справіцца з самой сабой.
— Пасля перамогі ў вас на вочы навярнуліся слёзы, а ці засмучаюць няўдачы?
— Эмацыянальна ўжо не, раней, калі было менш вопыту, то, вядома, засмучалі. Зараз, наадварот, няўдачы вучаць. Напрыклад, на маім першым старце ў гэтым сезоне ў Германіі я паказала вынік 175 сантыметраў, усе адразу пачалі запытвацца, што здарылася. А мы з трэнерам спакойна на гэта адрэагавалі, у нас усё добра. Проста тэхнічна не атрымалася, гэта жыццё, усякае бывае. Без няўдач у жыцці не будзе ніякага сэнсу.
— Пасля перамогі вы падзякавалі маме, сёстрам, маладому чалавеку і трэнеру. Якую ролю кожны з гэтых людзей іграе ў вашай кар'еры?
— Малады чалавек заўсёды мяне падтрымлівае, максімальна часта імкнецца ездзіць на мае спаборніцтвы. Для мяне яго падтрымка важная, таму што ён спрабуе маю ўвагу адцягнуць, прымусіць забыцца пра тое, што я камусьці штосьці вінна. Сёстры заўсёды ў мяне вераць, нават не ведаю, адкуль у іх столькі веры. Малодшая спрабуе пераймаць мяне, хочацца для яе быць прыкладам, каб у жыцці яна чагосьці дасягнула, не абавязкова ў спорце. Мне падабаецца, калі яна ходзіць і хваліцца мной, гэта вельмі прыемна. Мама — наогул асобная тэма, яна заўсёды са слязамі, вельмі перажывае, але гэта дае таксама сваю падтрымку. Трэнер — чалавек, які заўжды ўва мне ўпэўнены, ён заўсёды кажа: «Ты сама не ведаеш, колькі можаш скокнуць». І паўтарае гэта настолькі часта, што я разумею: ён мае рацыю. Яго прысутнасць на спаборніцтвах вельмі важная, я перакладаю на яго ўсю адказнасць і адчуваю сябе абароненай.
— Наогул, наколькі важную ролю адыгрывае трэнер у лёсе спартсмена?
— У маім выпадку, здаецца, гэта сто працэнтаў поспеху. У мяне няма бацькі, і трэнер збольшага замяняе яго, ён клапоціцца пра тое, дзе я жыву, чым сілкуюся, з кім маю зносіны. Дарэчы, мой малады чалавек і трэнер добра ладзяць, хоць спачатку Валянцін Васілевіч (Курдзюк. — Заўв. аўт.) быў насцярожаны, баяўся, што каханне мяне будзе неяк адрываць, але цяпер разумее, што гэта наадварот дае сілы і дапамагае.
— Ваш шлях у скачкі быў доўгім?
— Далёка не адразу я знайшла сябе ў гэтым відзе спорту. Займалася акрабатыкай, але трэнер сказаў, што я занадта высокая, не падыходжу, — пакрыўдзілася і сышла. Потым было плаванне, валейбол. Дзе я толькі не спрабавала сябе. Трэнер па лёгкай атлетыцы хадзіла за мной некалькі гадоў, усё запрашала да сябе, а я не згаджалася. Потым прыйшла сама. У нас з ёй было вельмі шмат рознагалоссяў, было цяжка, не ведаю, чаму я засталася ў спорце. Гэтае пытанне мучыць мяне дагэтуль. Было нават такое, што мяне выганялі. Былі і сур'ёзныя праблемы са здароўем, урачы казалі, што, калі буду займацца далей, стану інвалідам, а я ўсё роўна працягнула, трэніравалася сама, тады не разумела, дзеля чаго, але трэніравалася. Не ведаю, адкуль у мяне гэта ўпартасць.
— Зараз усвядомілі, што спорт — гэта вялікая частка вашага жыцця?
— Я стаўлюся да яго як да працы і хобі, цяпер ім жыву, але не скажу, што спорт — сэнс майго жыцця. У мяне і сям'я прысутнічае, калі раптам я скончу са спортам ці ў мяне не атрымаецца, не буду пакутаваць, ёсць зусім іншае жыццё.
— Пра якую вышыню вы марыце?
— Калі трэніруешся з хлопцамі, бачыш, як яны скачуць па 230 сантыметраў. А табе трэнер ставіць планку на 180 і кажа, што сусветны рэкорд 209, больш дзяўчаты не скачуць. Я пытаюся ў яго: чаму? І сцвярджаю, што буду скакаць 220 сантыметраў. Атрымліваецца, калі я падцягнуся ў сілавой і хуткаснай падрыхтоўцы, то таксама змагу. Гэта, вядома, жарт, канкрэтнай вышыні няма, тое, на што максімальна здольнае маё цела, мы з трэнерам паспрабуем рэалізаваць.
— Як удаецца сумяшчаць спорт і вучобу?
— Цяжка, але я рада, што яны хоць бы ўзаемазвязаныя, вучоба дапамагае мне ў спорце, а спорт у вучобе. У БДУФК я паступіла на лячэбны факультэт. Хацела ісці наогул у медыцынскі ўніверсітэт, але чаму гэтага не зрабіла, не ведаю. Па балах праходзіла нават на бясплатнае навучанне, і мама ў мяне па прафесіі фельчар. Была гатовая падаваць дакументы, але потым перадумала, мама два дні плакала, як так я ламаю сваё жыццё. Зараз разумею, што не памылілася, зрабіла ўсё правільна. Калі падвярнула нагу ў сакавіку, паклалі гіпс, а пасля распрацоўваць яе даводзілася самой, і дзякуючы ведам, якія я атрымала ва ўніверсітэце, змагла сама сябе рэабілітаваць.
— Свае сацыяльныя сеткі вы ведзяце выключна на беларускай мове, чаму?
— Любоў да роднай мовы прывіла бабуля. Калі жыла ў Баранавічах і ў вёсцы ў бабулі, не ведала, які свет па-за гэтымі месцамі. Для мяне было дзіўна, няўжо там проста ўсе на рускай мове размаўляюць. Чаму? Бабулі пастаянна задавала пытанне, чаму многія гавораць на рускай, мы ж беларусы. Мне вельмі падабаецца, калі людзі размаўляюць па-беларуску, калі на ёй робяць рэкламу. Вядома, я чалавек новага пакалення і сёння мне цяжка ў грамадстве, дзе ўсе людзі рускамоўныя, не заўсёды гавару на беларускай не таму, што саромеюся. Я спрабавала: людзі альбо абарочваюцца, смяюцца, альбо пачынаюць прыдзірацца, маўляў, вось гэтае слова ты сказала не так. Шкада, але ў нас вельмі скептычна ставяцца да роднай мовы.
— Гледзячы на вашыя рукі (манікюр выкананы ў колерах беларускага сцяга. — Заўв. аўт.), можна адзначыць, што тут ёсць і нотка патрыятызму.
— Так, я рыхтавалася да чэмпіянату свету, таму такі манікюр, яшчэ выступала з чырвона-зялёнымі стужачкамі ў валасах. Вядома, я хачу прадставіць сваю Беларусь, таму што, калі ездзіш на камерцыйныя спаборніцтвы за мяжу, запытваюць, з якой ты краіны, і, калі даведваюцца, задаюць пытанне: «Гэта Расія?» Хочацца, каб Беларусь стала больш вядомай, каб свет ведаў, што мы існуём.
— З дапамогай вашых перамог гэта зрабіць не складана.
— Адзін чалавек на што здольны? Адной мяне мала. Прыемна, што многія нашы спартсмены і спрабуюць прагрэсаваць у беларускай мове, і прасоўваюць краіну, дзіўна было б выступаць за Беларусь і саромецца яе.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport