Невялікі мост на шляху да Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка Вязынка стаў мінулай нядзеляй мостам у далёкія часы: на зялёных берагах з амаль стагадовай даўніны з'явіліся ўмацаванні з кулямётамі, праход прыпынілі тагачасныя памежнікі са зброяй. Каля радыёстанцыі завіхаўся сувязіст, а непадалёку са старога патэфона даносіліся даваенныя мелодыі...
— Калісьці Янка Купала праз бінокль пагранічнікаў разглядаў мясціны, дзе ён нарадзіўся, якія апынуліся «пад Польшчай», — расказаў мне кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў. Такім чынам навуковец растлумачыў, чаму месца для відовішчнай гістарычнай рэканструкцыі ўчастка дзяржаўнай мяжы паміж Польшчай і СССР выбралі менавіта бліз дома-музея народнага песняра ў Вязынцы.
З 1921-га да 1939 года дзяржаўная мяжа, што аддзяліла Заходнюю Беларусь ад Савецкай рэспублікі, праходзіла зусім недалёка ад Мінска. Гістарычная рэканструкцыя, адным з арганізатараў якой стаў Ігар Мельнікаў, нагадала аб гэтым.
Вайсковае адзенне, у якое былі апранутыя ўдзельнікі паказу, поўнасцю адпавядае ўзорам, зафіксаваным на архіўных фотаздымках. Што датычыцца зброі, то самыя дасканалыя на той час вінтоўкі, карабіны, кулямёты, наганы — усё гэта драўлянае, па-майстэрску скапіяванае і адпаведна пафарбаванае.
Самым цікавым момантам стаў тэатралізаваны праход гледачоў праз рэканструяваныя пункты пропуску.
Гістарычны фэст-рэканструкцыя стаў яскравым дапаўненнем да эстафеты святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 100-гадоваму юбілею пагранічнай службы Беларусі.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[4] https://zviazda.by/be/tags/bssr
[5] https://zviazda.by/be/tags/polshcha