Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі дае старт новаму праекту "100 дзён да 100-годдзя!", прысвечанага векавому юбілею ВЛКСМ.
Можна па-рознаму ставіцца да ідэалаў мінулага: настальгаваць па іх ці, наадварот, лічыць перажыткам мінулай эпохі, але той факт, што камсамол даў пуцёўку ў жыццё многім маладым людзям і стаў для іх сапраўднай школай жыцця, бясспрэчны.
ВЛКСМ паклаў пачатак маладзёжнаму руху і ў нашай краіне. Яго найлепшыя традыцыі, але ў сучасным фармаце, вось ужо амаль 16 гадоў развівае БРСМ -- правапераемнік камсамола Беларусі.
Новы медыяпраект накіраваны на захаванне пераемнасці пакаленняў і традыцый, фарміраванне ў сучасных юнакоў і дзяўчат цікавасці да вывучэння гісторыі маладзёжнага руху і прадугледжвае правядзенне маштабнай даследчай работы па вывучэнні подзвігаў славутых камсамольцаў, а таксама простых членаў арганізацыі, чые юнацтва і маладосць загартоўваліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны , хто сваёй працай уздымаў краіну з руінаў у пасляваенны перыяд, развіваў эканоміку, навуку і культуру, праслаўляў спартыўнымі дасягненнямі.
Беларусы змогуць падзяліцца сямейнымі гісторыямі пра камсамол. Абсалютна кожны можа расказаць пра сябе, сваіх бацькоў і дзедаў, даслаць фотаздымкі і матэрыялы... Цікавасць уяўляе ўсё: знакавыя будоўлі, якія былі на тэрыторыі Беларусі, маладзёжныя вяселлі, турпаходы і злёты, праца ў будатрадах...
Падчас рэалізацыі медыяпраекта "100 дзён да 100-годдзя!" на сайце "Моладзь Беларусі" brsm.by і ў аднайменнай групе ў сацыяльнай сетцы "УКантакце" будзе створаны каляндар знакавых падзей маладзёжнага руху.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[5] https://zviazda.by/be/tags/vlksm
[6] https://zviazda.by/be/tags/brsm